Пракурор падаў апеляцыйны пратэст на прысуд па «справе «Вясны». Ён патрабуе большыя тэрміны
Пракурор выступіў з апеляцыйным пратэстам на прысуд суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка, якім траім палітзняволеным праваабаронцам «Вясны» прызначаны жорсткія тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі. Пра гэта паведаміў у лісце на волю асуджаны да дзевяці гадоў калоніі Валянцін Стэфановіч, піша «Вясна».
Аляксандр Кароль прасіў большыя на два гады кожнаму тэрміны зняволення і больш буйныя штрафы, але суддзя Марына Запаснік вынесла іншы прысуд. Дата разгляду пратэсту пакуль невядомая.
3 сакавіка суддзя Марына Запаснік прызначыла заснавальніку праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму 10 гадоў калоніі, намесніку старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў калоніі, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі, праваабаронцу «Вясны» Дзмітрыю Салаўёву — 8 гадоў калоніі завочна.
Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за «фінансаванне пратэстаў» у 2020 годзе і паводле ч. 4 арт. 228 КК за «кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай». Усім, акрамя Алеся Бяляцкага, таксама прызначылі штраф памерам тры тысячы базавых велічынь (111 000 беларускіх рублёў), старшыні «Вясны» прызначылі, як і прасіў пракурор, пяць тысяч базавых велічынь штрафу (185 000 рублёў).
Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму памерам 752 438 рублёў 62 капейкі (гэта амаль 297 650 даляраў), якую яны нібыта «здабылі злачынным шляхам» праз «кантрабанду арганізаванай злачыннай групай». Менавіта гэтая сума фігуравала ў абвінавачанні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса.
Падчас суда іх рукі былі ўвесь час у кайданках за спінай. Праваабаронцы не прызналі сваёй віны.
«Думаю, што ім не спадабаліся нашы тэрміны, лічаць іх занадта мяккімі», — піша Валянцін Стэфановіч.
Каментары