У беларускіх банках пачнуць патрабаваць пашпарт у кліентаў, якія папаўняюць рахункі фізічных асоб на буйныя сумы
З 1 красавіка, прынамсі, у двух беларускіх банках пры папаўненні рахункаў фізічных асоб наяўнымі сродкамі ў касах у кліентаў будуць патрабаваць пашпарт. Гаворка ідзе аб папаўненні рахунку на 50 базавых велічынь (цяпер гэта 1850 рублёў) і больш.
Яшчэ ў пачатку сакавіка пра гэта новаўвядзенне паведаміў Прыёрбанк:
«Для аперацыі па папаўненні бягучага рахунку ў беларускіх рублях на суму 50 і больш базавых велічынь неабходна паказаць дакумент, які сведчыць асобу. Пры папаўненні праз касу бягучага банкаўскага рахунку ў замежнай валюце паказаць дакумент, які сведчыць асобу, неабходна незалежна ад сумы».
Сёння падобнае паведамленне размясціў і Беларусбанк:
«З 1 красавіка 2023 года ўнясенне фізічнай асобай у касу банка наяўных грашовых сродкаў на суму, роўную або якая перавышае 50 базавых велічынь, для іх наступнага залічэння на бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак фізічнай асобы, якая не з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, будзе рабіцца пры прад'яўленні дакумента, які сведчыць асобу».
Каментары