У Тульскай вобласці выбухнуў беспілотнік. Расія заяўляе, што ён украінскі
Расійскае Мінабароны абвінаваціла Украіну ў запуску беспілотніка, які стаў прычынай выбуху ў Тульскай вобласці ў нядзелю, 26 сакавіка. Паводле прадстаўнікоў ведамства, БПЛА перахапіў расійскі комплекс радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ).
Паведамляецца, што комплекс РЭБ «Поле-21» вывеў з ладу сістэму навігацыі беспілотніка, у выніку чаго ён, страціўшы арыентацыю, упаў у раёне населенага пункта Кірэеўск Тульскай вобласці.
Выбухам былі пашкоджаныя тры шматкватэрныя дамы і пацярпелі тры чалавекі, паведамілі мясцовыя ўлады.
Паводле папярэдняй версіі, прычынай выбуху стаў беспілотнік з боепрыпасамі, паведаміла РІА «Навіны» са спасылкай на МНС Расіі.
Агенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцы ў сілавых ведамствах піша, што гаворка ідзе пра ўкраінскі БПЛА Ту-141 «Стрыж», які, магчыма, быў начынены выбухоўкай.
Раней МНС заявіла, што выбух прагучаў у 15:19.
«Двое пацярпелых — 2002 года і 2006 года нараджэння, у іх асколачныя раны, хуткая [дапамога] на месцы», — паведаміла ведамства. Пазней мясцовыя ўлады дадалі, што колькасць параненых асколкамі ўзрасла да трох.
Мясцовыя СМІ і тэлеграм-каналы публікуюць кадры з горада, на якіх бачная варонка ад выбуху.
Дыяметр варонкі складае ад 10 да 15 метраў, глыбіня — ад 5 да 8 метраў.
Паведамляецца таксама, што, акрамя жылых дамоў, было часткова разбурана чатыры гаспадарчыя пабудовы.
Каментары