На з'яўленне версіі «Нашай Нівы» лацінкай адгукнуўся Kurier Wileński
Увага да нашай ініцыятывы з боку Kuriera Wileńskiego звязана не проста з цікаўнасцю. Гэтае выданне таксама мае вопыт выкарыстання беларускай лацінкі.
У «Нашай Нівы» з'явілася версія беларускай лацінкай. Гэта аднаўленне традыцыі газеты, якая да 1912 года выходзіла ў двух варыянтах — кірыліцай і лацінкай.
Увага да нашай ініцыятывы з боку «Віленскага кур'ера» звязана не проста з цікаўнасцю. Гэтае выданне таксама мае вопыт выкарыстання лацінкі: у 1994 годзе яно друкавала спецыяльную старонку Biełarus Vilenščyny для Таварыства беларускай культуры ў Літве.
Нягледзячы на тое, што ў той час, неўзабаве пасля распаду Савецкага Саюза, беларуская мова на кірыліцы для большасці здавалася адзіным варыянтам, тым не менш, як адзначае тагачасны галоўны рэдактар «Віленскага кур'ера» Збігнеў Бальцэвіч, «негатыўнага стаўлення да лацінкі не было ні ў рэдакцыі, ні сярод чытачоў».
Аднак супраца працягнулася нядоўга. Усяго выйшла 18 старонак.
Калі раней падрыхтаваць версію іншым шрыфтам патрабавала істотных выдаткаў, то з развіццём тэхналогій гэтая справа зрабілася лёгкай і таннай. Пра вопыт выкарыстання лацінкі на партале «Нашай Нівы» наша рэдакцыя распавяла «Віленскаму кур'еру».
«Важна, што гэтыя фінансавыя і практычныя прычыны перасталі адыгрываць такую ролю на мяжы другога і трэцяга дзесяцігоддзяў XXI стагоддзя. Калі «Наша Ніва» стала інтэрнэт-парталам, змена шрыфту стала справай… тэхналогіі. У прыватнасці, алгарытм транслітарацыі, які будзе рабіць гэта без удзелу цэлай каманды транскрыптараў».
Праўда, засталіся праблемы з пераводам на лацінку ўласных імёнаў. У лацінцы яны павінны падавацца на мове арыгінала, у той час як у беларускай кірыліцы імёны запісваюцца паводле вымаўлення. Дарэчы, такая практыка з савецкіх часоў захавалася і ў літоўскай мове, нягледзячы на выкарыстанне лацінскага алфавіта.
Аўтары артыкула адзначаюць, што лацінка ў беларускай мове — шматвекавая традыцыя.
Найбольшы вядомы прыклад — «Мужыцкая праўда», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі.
Але мала хто памятае, што лацінку выкарыстоўваў вядомы гурт «Песняры» ў назвах сваіх пласцінак. А пасля распаду імперыі — рокмен Лявон Вольскі.
Са станаўленнем і развіццём працэсаў нацыянальнага адраджэння ўжыванне лацінкі пашырылася. На ёй выходзілі некаторыя артыкулы ў часопісе «Спадчына». А ў 1993 годзе адзін нумар «Нашай Нівы» выйшаў цалкам лацінкай.
На думку аўтараў артыкула, «cёння лацінка з'яўляецца выразам пратэсту беларускай моладзі супраць русіфікацыі і маскоўскага ўплыву».
Аўтары адзначаюць, што «алфавіт можа быць выкарыстаны як палітычны інструмент».
Тое, як алфавіт служыць справе пашырэння культурных і палітычных уплываў Расіі, добра відаць на гісторыі Малдовы. Пра гэта мы пісалі.
Не абышло гэта і Літву, дзе ў 1863—1904 гадах расійскія ўлады прымушалі карыстацца кірыліцай.
Пераход на іншы алфавіт дэманструе і змену знешнепалітычных вектараў былых савецкіх рэспублік. Так, Казахстан, арыентуючыся на Турцыю, якая з 1928 года выкарыстоўвае лацінскі алфавіт, вырашыў да 2025 года таксама перайсці на яго.
Каментары
https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/be_latn/312733/