«Лукашэнка разлічвае не на дыялог — ён патрабуе прызнання». Дыскусія па матывах ліста Сярэдзіча
Адкрыты ліст галоўнага рэдактара «Народнай Волі» Іосіфа Сярэдзіча пра важнасць нацыянальнага прымірэння выклікаў шмат абмеркаванняў.
«Дык што ж рабіць, каб такі горкі лёс не напаткаў кроўную Беларусь? Каб мы, беларусы, не страцілі сваю незалежнасць, свой суверэнітэт, каб мы ў чарговы раз не сталі «северо-западным краем? — задаецца ў лісце пытаннем Іосіф Сярэдзіч. — Адказ на гэтыя хвалюючыя пытанні адзін: без нацыянальнага прымірэння не захаваць нам незалежнасць Беларусі! А значыць, без згуртаванасці ўсіх-усіх — і правых, і левых, і кансерватараў і лібералаў, і празаходнікаў і праўсходнікаў — не мець нам шчаслівай будучыні на роднай зямлі».
Адкрыты ліст спарадзіў пытанні. Хто з кім мусіць прымірыцца? На якіх умовах такое магчыма і ці гатовыя бакі? «Наша Ніва» сабрала некаторыя меркаванні.
Незалежнасць яднае беларусаў, а не раз’ядноўвае
Сярэдзіч не першы падняў пытанне пра неабходнасць дыялогу: пра перамовы перыядычна кажуць і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў.
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў, які з 2018 па 2020 гады ўзначальваў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, адзначае, што імкненне захаваць незалежнасць краіны яднае расколатае грамадства:
«Незалежнасць Беларусі, яе суверэнітэт — сапраўдная каштоўнасць (пра гэта кажуць сацыялагічныя даследаванні), якая насамрэч яднае і прыхільнікаў улады, і прыхільнікаў дэмакратычных сілаў, тых, хто выйшаў на пратэсты 2020-га года».
Не трэба аб’ядноўваць грамадскія і палітычныя сілы, для якіх незалежнасць краіны — вышэйшая каштоўнасць, разважае Коршунаў. Галоўнай пагрозай для незалежнасці краіны ён лічыць самога Лукашэнку:
«Ён паступова здае часткі суверэнітэту на карысць Расіі», — адзначае Генадзь Коршунаў.
Былы кіраўнік прафсаюза РЭП Васіль Завадскі таксама катэгарычна не згодны з пазіцыяй, што Лукашэнка сёння з’яўляецца адзіным гарантам незалежнасці краіны і дзеля незалежнасці трэба «перагарнуць старонку», то-бок забыцца на падзеі пасля 2020 года.
Якое прымірэнне патрэбнае беларускаму грамадству?
Дыялог можа адбывацца паміж двума бакамі, якія вызнаюць суб’ектнасць адзін аднаго, падкрэслівае Коршунаў.
«Галоўная загана пазіцыі Лукашэнкі ў тым, што ён нікога, акрамя сябе, у якасці суб’екта, які можа размаўляць пра Беларусь, не разглядае. Адзіная пазіцыя, якая добра чытаецца ва ўсіх яго пасланнях: ён разлічвае не на дыялог, ён высоўвае патрабаванні пра пакаянне», — адзначае Генадзь Коршунаў.
Экс-кіраўнік РЭП лічыць, што нельга ўвогуле выкарыстоўваць катэгорыю «прымірэнне», каб казаць пра цяперашняе грамадства:
«Абсалютная большасць грамадства адзіная ў сваіх памкненнях і жаданнях. Безумоўна, ёсць частка людзей, якія лічаць кіраўніцтвам краіны людзей, што сілай захапілі ўладу і па факце кіруюць. Але ў грамадстве няма радыкальнага расколу (скажам, 55 на 45 адсоткаў), каб разважаць катэгорыямі прымірэння», — мяркуе Васіль Завадскі.
Погляд на праблему залежыць ад таго, які сэнс закладваецца ў паняцце прымірэнне.
«Найперш адзначу, што для прымірэння патрэбныя два бакі, якіх я асабіста не бачу: каму з кім трэба замірыцца? Згадзіцца з тым, што адзін і той жа чалавек незаконна кіруе краінай? Замірыцца з тымі, хто забіваў і катаваў людзей, хто ператварыў жыццё беларусаў у суцэльную палітычную мясарубку? Так, дараванне будзе, гэта і па-чалавечы, і па-хрысціянску. Безумоўна, мы даруем, але пасля таго, як яны пакаюцца і панясуць пакаранне па законе. Як я казаў, ёсць частка людзей, якія прымаюць той факт, што краінай кіруюць людзі, што сілай захапілі ўладу. З імі трэба мірыцца, і гэта цалкам нармальны працэс — жыць сумесна ў адным грамадстве людзям, якія маюць розныя погляды», — разважае былы лідар прафсаюза РЭП.
Зміцер Салаўёў, галоўны рэдактар тэлеканал «6TV Biełaruś», лічыць, што грамадства не гатовае да прымірэння без крокаў насустрач з боку ўлады.
«А менавіта: пакаранне тых сілавікоў, якія парушалі законы, катавалі людзей. Калі рэжым пойдзе, хаця б часткова, на пакаранне гэтых людзей, тады магчымая нейкая размова. Без таго ніякая размова проста немагчымая: яшчэ вельмі свежыя і балючыя для людзей усе гэтыя падзеі», — кажа Салаўёў.
Ці патрэбнае прымірэнне Лукашэнку?
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў мяркуе, што Лукашэнка не робіць ніводнага кроку да нацыянальнага прымірэння.
«Яму гэта не патрэбнае, для яго гэта пагроза. Дыялог — гэта шлях да кампрамісу, для нейкага ўзгаднення сваіх пазіцый. Узгадненне пазіцый азначае, што трэба пайсці на саступкі, — кажа сацыёлаг. — Наадварот, уся дзейнасць Лукашэнкі скіраваная на паглыбленне расколу ў грамадстве. Праз дэгуманізацыю і дэманізацыю тых, хто не падзяляе яго погляды на Беларусь і на яе будучыню».
Улада саспее да прымірэння тады, калі не стане чым плаціць сілавому блоку, мяркуе Зміцер Салаўёў.
«Калі эканоміка Беларусі прыйдзе ў поўны заняпад — тады нейкія крокі насустрач магчымыя. Але цяпер, калі самымі ўплывовымі з’яўляюцца сілавікі, калі ім трэба паказваць, што яны для чагосьці патрэбныя, то наўрад ці сітуацыя зменіцца», — разважае Зміцер Салаўёў.
Умовы Лукашэнкі могуць быць непрымальныя для грамадства
Пра тое, на якіх умовах Лукашэнка пайшоў бы на прымірэнне, разважаў у сваім тэлеграм-канале Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання.
«Гэта, па-першае, поўнае прызнанне яго перамогі на прэзідэнцкіх т.зв. выбарах 2020 года, прычым прызнанне публічнае і пакаяльнае. Прызнанне як асноўнымі фігурантамі тых падзей, гэтак і тысячамі іх шараговых удзельнікаў.
Усе, хто асуджаны, павінны будуць напісаць прашэнні аб памілаванні з абавязковым прызнаннем сваёй палітычнай памылкі (падкрэсліваю: не толькі юрыдычнай віны, але і палітычнай памылкі).
Другое: уся грамадская актыўнасць павінна ісці выключна ў межах вызначаных уладай формаў: для моладзі — БРСМ, для старэйшых — «Белая Русь», і г.д. Роўна гэтак, як і ў якім-небудзь 1938 у СССР. Ніякай «свабоднай прэсы», пра «экстрэмісцкія» тг-каналы і казаць няма чаго.
Трэцяе, вельмі важнае: усе тыя, хто жадае захаваць незалежнасць, павінны аднойчы і назаўсёды зразумець, што ніякага іншага кіраўніка краіны, акрамя як чалавека з прозвішчам Лукашэнка, у прыродзе няма і быць не можа. Адпаведна, змірыцца з тым, што ўлада будзе перададзеная Лукашэнку-малодшаму (як у Азэрбайджане ці Сірыі). А той — свайму сыну. І гэтак далей», — піша Навумчык.
Чацвёртым складнікам ён называе ідэалагічны. На яго думку, для прымірэння, якім яго бачаць улады, давядзецца прызнаць нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг і «Пагоню» «нацысцкімі», савецкі перыяд найлепшым у гісторым і забыць пра пашырэнне выкарыстання беларускай мовы.
Чытайце таксама:
Каментары