Апублікавалі ФОТЫ гродзенскага дома, у якім учора застрэлілі іншаземца
Фоты шматпавярховіка з разбітай шыбай на адным з паверхаў апублікавала ў сваім тэлеграм-канале выданне Most, што працуе ў Беластоку. Крыніца атрымання гэтых фота не ўдакладняецца.
Інфармацыі пра тое, што ўчора здарылася ў Гродне ў доме па вуліцы Курчатава, 5, пакуль зусім няшмат.
У відэа, выкладзеным гродзенскімі прапагандыстамі, жыхары гэтага дома гавораць дастаткова лаканічна пра тое, што яны самі чулі і бачылі:
«Чулі выбух. Як быццам нешта з даху ўпала такое жалезнае. Потым прыехалі бусы, міліцыя», — распавяла жанчына з дзіцем.
Яшчэ адна жанчына, вяртаючыся ў той дзень з касцёла, бачыла каля пад'езда супрацоўнікаў міліцыі.
КДБ учора абмежаваўся гучным паведамленнем, што «падчас правядзення спецыяльных мерапрыемстваў па спыненні дзейнасці асоб, якія праніклі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з мэтай здзяйснення тэрарыстычнай акцыі, 19 сакавіка 2023 года ў Гродне на вул. Курчатава ліквідаваны замежны грамадзянін Л. Гэтая асоба з выкарыстаннем аўтаматычнай зброі і шляхам падрыву баявых гранат аказала ўзброены супраціў байцам спецпадраздзялення КДБ, групы «А».
Таксама ўчора стала вядома пра вялікую колькасць сілавікоў каля дома старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Туды прыехала міліцыя, службы размінавання з сабакамі. Ніякіх афіцыйных каментарыяў наконт гэтага не было.
Каментары