Стала вядома, каму належыць сетка «Да дому» — беларускі адказ Ikea і Zara Home
Крама новай дзяржаўнай сеткі «Да дому» зарэгістравана на Аршанскі льнокамбінат. Такія звесткі знайшоў у Гандлёвым рэестры «Sputnik Беларусь».
Цяпер у сетцы фірменнага гандлю Аршанскага льнокамбіната — адна крама «Да дому» ў Мінску і больш за 20 крам пад брэндам «Беларускі лён» па ўсёй краіне. Самая першая з іх адкрылася ў 2009 годзе ў ГЦ «Сталіца».
Аршанскі льнокамбінат працуе на некалькіх пляцоўках у Оршы і лічыцца адной з найбольшых кампаній у СНД і Еўропе па выпуску льняных вырабаў. Прыкладна 80 працэнтаў аршанскай прадукцыі ідзе на экспарт.
«Да дому» адкрыўся 3 сакавіка ў сталічным ГЦ Dana Mall. У магазіне прадаюцца пасцелі, дамашні тэкстыль, посуд, прадметы інтэрʼера з фарфору і керамікі ды іншыя вырабы прыкладна 20 беларускіх вытворцаў.
Адкрыць «Да дому» вырашылі на фоне сыходу з Беларусі кампаніі IKEA і закрыцця крам дацкай сеткі Jysk, якая спецыялізуецца на тэкстылі і таварах для дома.
Каментары