Мужчына гадамі трымаў у страху сямʼю жанчыны, якая не захацела з ім сустракацца. Ён псаваў правады ў электралічыльніку, ламаў дзвярныя замкі, а затым стаў пагражаць падпалам. Лісты і званкі з такімі пагрозамі жанчына і яе пажылыя бацькі атрымлівалі мінімум раз у месяц, двойчы дзверы іх кватэры аблівалі гаручай вадкасцю, піша «Белка».
Усё пачалося ў 2013 годзе, калі жыхарку Савецкага раёна Гомеля знайшоў у сацыяльных сетках яе былы аднакласнік. Паміж імі завязалася прыяцельская перапіска, якой жанчына не надавала значэння. Аднак суразмовец стаў праяўляць да яе цікавасць, патрабаваць сустрэч, а ў дзень яе нараджэння заявіўся ў госці без запрашэння.
Гаспадыня выганяць яго не стала з ветлівасці, але пасля гэтага выпадку спыніла з ім усякія зносіны. Абвінавачаны ж вырашыў, што «нявесту» ад яго хаваюць бацькі, а значыць, кахання трэба дамагацца.
Некалькі разоў мужчына псаваў правады ў электралічыльніку кватэры, дзе жыла яго каханая, двойчы выводзіў з ладу дзвярны замок і столькі ж абліваў дзверы гаручай вадкасцю.
Паралельна з бытавым шкодніцтвам мужчына займаўся псіхалагічным тэрорам: даймаў яе састарэлых бацькоў званкамі і лістамі, у якіх раскрываў падрабязнасці будучых непрыемнасцяў.
Пажылыя людзі пра кожны такі факт паведамлялі ў міліцыю, аднак безвынікова. Прыцягнуць мужчыну да крымінальнай адказнасці ўдалося толькі летам 2022 года, калі ён падпаліў кватэру.
— Ад дачы паказанняў мужчына адмовіўся, сваю віну не прызнаў, аднак яна цалкам пацвярджаецца сукупнасцю доказаў. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён абавязаны кампенсаваць маральную шкоду пацярпелым: жанчыне — адну тысячу рублёў, кожнаму з яе бацькоў — па пяць тысяч, — распавялі выданню ў пракуратуры Гомеля.
Каментары