Прарыўны праект: выйшаў у свет першы нумар навукова-папулярнага часопіса па-беларуску
Часопіс «Памылка» стварыла група энтузіястаў з мэтай папулярызацыі навуковых ведаў на беларускай мове.
Праца над першым нумарам вялася паўтара года. Сябры яго каманды воляй лёсу раскіданы па ўсім свеце. Але яны здолелі рэалізаваць задуманае. Самі выступілі ў якасці аўтараў і ілюстратараў.
З матэрыялаў першага нумара можна даведацца пра ўраджэнца Беларусі, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863—64 гадоў Уладзіслава Малахоўскага, якога лічаць стваральнікам прататыпа фотаапарата «Кодак».
У іншым артыкуле ў даступнай форме распавядаецца гісторыя такога вынаходніцтва, як электронна-прамянёвая трубка, дзякуючы якому з'явілася тэлебачанне.
Чытачы таксама даведаюцца, пры якіх фізічных умовах магчыма змясціць лімузін у гаражы для «Фальксвагена-жука» і пазнаёмяцца з такім новым спосабам здабывання электраэнергіі, як гравітацыйная батарэя. Дарэчы, аўтар прапаноўвае рашыць некалькі задач для замацавання ведаў.
Знайшлося месца ў часопісе і для разваг аб праблемах сучаснай аптэкарскай вытворчасці і раскрыцця візуальных падманаў старажытнагрэцкіх архітэктараў.
Нечаканым для зместу навукова-папулярнага часопіса падаецца раздзел «Мастацтва». Аднак не трэба спяшацца з высновамі. Сродкамі мастацтва можна ілюстраваць гучанне часу. Што і даказвае мастачка Алена Махнач.
Чаму такая дзіўная назва часопіса? Бо вядома, што любое навуковае адкрыццё пачынаецца з памылкі.
Каманда запрашае ахвотных пісаць пра навуку і стаць часткай супольнасці часопіса. Таксама вітаецца ўдзел мастакоў для ілюстравання артыкулаў.
Чытайце яшчэ:
Каментары
блін. але хто ж так з Зямлёй памыліўся, што я не жыву, а мучаюся(