Амерыканскія гарады змагаюцца за святкаванне Дзён замарожанага мерцвяка (а таксама за цела дзядулі Брэда)
Спачатку жыхары Недэрлэнда былі ў жаху, калі дазналіся, што мясцовы жыхар крыягенна захаваў свайго памерлага дзядулю. Але цяпер яны ў скрусе, бо труп дзядулі хоча выкупіць уладальнік гатэля «Стэнлі» — месца, дзе натхняўся на стварэнне сваіх жахлівых гісторый Стывен Кінг.
«Хацела б я наведаць гэты фестываль!» — піша Барбара на сайце Tripadvisor. Падзея ладзіцца раз на год — у сакавіку. Фота: Барбара М. / Tripadvisor.com
Замарожаны труп дзядулі і фестываль
Усё пачалося ў 1994 годзе, калі жыхары Недэрлэнда (штат Каларада) дазналіся, што Трыгве Баўге, нарвежац і гарачы прыхільнік крыягенікі, замарозіў свайго дзеда-нябожчыка Брэда Морстала і трымае ў хляве за домам. Гарадскія лідары хутка распрацавалі пастанову супраць захоўвання цел, аднак з-за выкліканага ажыятажу для дзядулі Брэда ў рэшце рэшт зрабілі выключэнне.
Тругве заручыўся падтрымкай мясцовай экалагічнай кампаніі — яе генеральны дырэктар Бо Шафер, празваны Ледзяным чалавекам, з 1995 года забяспечвае хлеў сухім лёдам, які патрэбны для падтрымання неабходнай тэмпературы цела памерлага. У тым жа годзе мясцовы пастаўшчык Tuff Shed пабудаваў для цела дзядулі новы хлеў.
У знак прызнання ўнікальнага жыхара з 2002 года ў Недэрлэндзе пачалі адзначаць штогадовае свята — Дні замарожанага мерцвяка. Падчас іх праходзяць гонкі з трунамі, парады пахавальных картэжаў і конкурсы персанажаў, што нагадваюць змёрзлых нябожчыкаў. Сярод іншых імпрэз — апусканне ў ледзяную палонку, танец «Сіні шар дзядулі» і прагляд дакументальнага фільма пра дзядулю Брэда — «Дзядуля ў хляве Тафа». Найноўшую версію стужкі —«Дзядуля ўсё яшчэ ў хляве Тафа» — прэзентавалі ў 2003-м.
Кавярня ў суседнім горадзе вырабляе да свята марожанае пад назвай Frozen Dead Guy са смакам блакітнай садавіны, змяшанай са здробненымі Oreo і горкімі мармеладнымі чарвячкамі.
У папярэднія гады ўдзельнікам таксама прапаноўвалі экскурсіі па хляве, дзе знаходзіцца дзядуля Брэда, аднак скрыню з замарожаным чалавекам уладальнікі трымаюць закрытай.
Перакупля правоў
Сёлета за 250 000 даляраў правы на фестываль выкупіў уладальнік гатэляў з суседняга мястэчка Эстэс Парк — Джон Кален, паведамляе WSJ. Такім чынам фестываль пераехаў на поўнач, у Эстэс Парк, што за гадзіну язды на аўто ад Недэрлэнда.
Вялікая частка сёлетніх імпрэзаў прысвечаная гатэлю Stanley — больш як стогадоваму месцу для адпачынку, якое вядомае як крыніца натхнення для рамана жахаў Стывена Кінга «Ззянне».
У версіі фільма 1980 года з Джэкам Нікалсанам у галоўнай ролі галоўны герой у канцы фільма не можа выбрацца з гатэльнага саду-лабірынта і замярзае ад холаду. Па словах Калена, калі містэр Кінг спыняўся ў Stanley, аўтара аднойчы выпадкова замкнулі ў старой ледзяной хатцы — і менавіта туды спадар Кален спадзяваецца змясціць дзядулю Брэда.
Унук Трыгве Баўге кажа, што яго галоўная мэта — перадаць свайго дзеда пад апеку сапраўднай крыягеннай устаноўкі і, у рэшце рэшт, кланаваць. Цяпер Кален і Баўге вядуць перамовы з фондам крыёнікі ў Арызоне, каб можна было стварыць для дзядулі сістэму вадкага азоту ў ледзяным доме гатэля і курыраваць адукацыйную выставу. Спадар Кален гатовы плаціць 230 000 даляраў цягам 12 гадоў для ажыццяўлення ідэі.
Мэр Недэрлэнда Білі Гіблін прызнаецца, што страта фестывалю стала для жыхароў іх горада вялікім расчараваннем — бо падзея прыцягвала вялікую колькасць турыстаў і грашовых інвестыцый. Аднак страта дзядулі Брэда, па яго словах, будзе яшчэ большым ударам. Мэр хацеў бы пераканаць містара Баўге, каб той змяніў сваё рашэнне. Але, на жаль, у Недэрлэнда няма грошай, каб забяспечыць дзядулю належнае захаванне.
«Я не думаю, што горад Эстэс-Парк разумее негатыўную рэакцыю, абурэнне і лютасць, якія прадэманструюць жыхары Недэрлэнда, калі хтосьці паспрабуе перамясціць Брэда, — кажа Мэры Мід, каардынатарка фестывалю. — Бо ён жыхар Недэрлэнда».
Чытайце яшчэ:
У Смалявіцкім раёне ствараюць першыя могілкі для хатніх жывёл
Магілёўскі псіхатэрапеўт: «Хэлоўін робіць вас халуямі Захаду і д'ябла»
Каментары
быў тут адзін Рэд., які таксама хацеў кланаваць...