Меркаванні66

Васіль Зуёнак: У мяне ў жыцці неяк усё роўна было

Вядомы паэт Васіль Зуёнак у свае 87 бадзёры і абазнаны ў грамадскім жыцці. Ён па-ранейшаму штодзённа працуе за пісьмовым сталом. На тым стале, дарэчы, ляжыць новая кніга прозы «Паўстанак з літарай «Л». Інтэрв'ю з паэтам публікуе «Народная Воля».

— Васіль Васільевіч, ваша новая кніга стала нечаканасцю для чытачоў, паколькі ўсе ведаюць вас як паэта. Нездарма прадмова, напісаная светлай памяці Анатолем Кудраўцом, называецца «Новы Зуёнак». Ці не рызыкоўна паэту ў сталым веку пераходзіць на прозу?

— Ну так, здавалася б, калі табе пад дзевяноста, якая тут проза. Але ж пішацца. Праўда, да прозы я звяртаўся і раней. Навела «Паўстанак з літарай «Л», якая дала назву кнізе, напісана вельмі даўно. Быў час, калі я стаяў на пэўным раздарожжы. Уласныя вершы мне не падабаліся. Якая тады, у пачатку 1960-х гадоў, была атмасфера? Асноўны кірунак літаратуры давалі пастановы ў газеце «Праўда», «Звязда» і «Советская Белоруссия». Душы ў тагачаснай паэзіі не было, адзін барабанны бой. Помню быў у мяне такі верш: «У домне ўральскай метал / нядаўна бурліў і кіпеў, / а сёння ён провадам стаў, / пад ветрам струной зазвінеў». Які метал, якія домны? Я іх у вочы тады не бачыў!

— Дык нешта падобнае ў той час пісалі і вашы равеснікі, і старэйшыя. Здаецца, гэта з Броўкавага верша: «Я хачу, каб слова падносіла цэглу, / а вершы ў альбом і хто іншы напіша».

— Усе праз гэту «школу» прайшлі. Той-сёй хутчэй схамянуўся, а я затармазіў. Проста кінуў пісаць, да рыфмы і не падступаўся. Потым з горычы пачаў пісаць прозу. Першыя празаічныя абразкі паказаў Івану Навуменку, ён у нас выкладаў ва ўніверсітэце. Той пахваліў: «Нясі ў «Маладосць». Прыходжу ў часопіс, а там сядзіць Іван Пташнікаў, такі паважны, не падступіцца. Зусім не той Іван, з якім мы разам жылі ў студэнцкім інтэрнаце на Бабруйскай і які на лесвіцы любіў спяваць оперныя арыі, а мы падпявалі. Карацей, забракаваў Пташнікаў мае абразкі. І пачаў я складаць вершы для дзяцей. Першая кніжка ў мяне дзіцячая — «Вясёлы калаўрот».

— Вы ўзначальвалі Саюз пісьменнікаў Беларусі (тады яшчэ адзіны) ў вельмі няпросты час, у 1990—1998 гады. Распад Савецкага Саюза, станаўленне незалежнасці, высяленне саюза з Дома літаратара на вуліцы Фрунзэ… Помніцца з той пары эпіграма: «Фрунзэ, 5 не аддаваць, / не ляжаць на пузе, / а за Фрунзэ ваяваць, / як таварыш Фрунзэ!» Складана было?

— Мы тады зрабілі ўсё, што ад нас залежала. Пісалі лісты, хадзілі па ўстановах, арганізавалі пікет, прайшлі ўсе суды аж да Вярхоўнага. На жаль, лёс Дома літаратара быў вырашаны без нас — на яго паклала вока Упраўленне спраў Лукашэнкі, якім тады кіраваў Іван Ціцянкоў. Што можна было зрабіць? Помню, мяне тады многія крытыкавалі. Але добра быць смелым, лежачы на печы ці седзячы за кухонным сталом. А вось як спатрэбілася сабрацца ля Дома літаратара на пікет (дазволены), дык нават той, хто абяцаў касцямі легчы на ганку, не з’явіўся…

— А ўвогуле ці лёгка было кіраваць пісьменніцкай арганізацыяй?

— А ты ведаеш, мне было лёгка, бо я ведаў, што літаратурай кіраваць немагчыма. Галоўнае — не перашкаджаць, а падтрымліваць. Восем гадоў я адпрацаваў старшынёй, а да гэтага яшчэ восем — сакратаром, агулам шаснаццаць гадоў. Сакратарыў пры Максіму Танку. У яго кабінет дзверы не зачыняліся, людзі ішлі і ішлі. Ён ніколі не надзімаўся, не паказваў, што ён вялікі кіраўнік ці вялікі паэт. Умеў па-чалавечы з кожным пагаварыць, пажартаваць. Вельмі шмат каму дапамагаў. Яго хадайніцтва заўсёды давала вынік. Саюз пісьменнікаў і ўвогуле беларускую літаратуру ўлада тады высока ставіла. Калі саюз нешта прапаноўваў, то гэта заўсёды ўлічвалася. Гэта цяпер з пісьменнікамі ніхто ва ўладзе не лічыцца, а літаратура стала звычайным таварам.

— Перад нашай сустрэчай я заходзіў у кнігарню, дзе пагартаў ёмісты том пад назвай «Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі». Заснавана і выдавецтва, якое займаецца выданнем выключна жаночай літаратуры. Як вы лічыце, раней у нас была нейкая дыскрымінацыя жанчын-пісьменніц?

— Не было ніякай дыскрымінацыі. Хіба мала выдаваліся Еўдакія Лось, Яўгенія Янішчыц, Раіса Баравікова, Ніна Мацяш, Таіса Бондар, Данута Бічэль-Загнетава, ды дзясяткі прозвішчаў можна называць. І пасады кіроўныя ў часопісах і СП займалі. Жаночая паэзія ў нас вельмі харошая, але нейкіх выбуховых з’яў я прыгадаць не магу. Паўтаруся, як творцаў, ніхто ў нас жанчын не заціскаў.

— Але чамусьці сярод двух дзясяткаў народных паэтаў ніводнай жанчыны…

— Дык не дацягвалі, скажам, тая ж Еўдакія Лось, здаецца, у яе былі пэўныя амбіцыі. Вось Жэня Янішчыц па таленце дацягвала, але яна так рана сышла… У нашым пакаленні вакол званняў валтузня, помню, пачалася. Пры Танку яшчэ. На пасяджэнні сакратарыята СП я прапанаваў на народнага кандыдатуру Рыгора Барадуліна. Танк падтрымаў, а астатнія хлопцы набычыліся і сядзяць, маўчаць. Ну і не прайшла мая прапанова. Тады за справу ўзяўся энергічны Карлас Шэрман, вылучыў Рыгора ад імя ПЭН-цэнтра, прыбег да мяне ў саюз — падпішы. Я падпісаў. Потым неяк быў на прыёме ў старшыні Вярхоўнага Савета Шушкевіча, і ён ў мяне спытаўся, ці Саюз пісьменнікаў падтрымлівае кандыдатуру Барадуліна. Ну, я пацвердзіў. А Шушкевіч: «Вось у мяне і Быкаў быў, таксама за Барадуліна прасіў».

— Апошнім народным пісьменнікам стаў зусім нядаўна Мікалай Чаргінец. А да гэтага з 1995 года званні чамусьці зусім не прысвойваліся.

— Ну, Чаргінец — гэта ўжо асобная гісторыя. Апошнія народныя беларускія пісьменнікі — Іван Чыгрынаў ды Іван Навуменка. Прычым Чыгрынаў, навучаны горкім вопытам Барадуліна, вылучаўся таксама міма СП — Беларускім фондам культуры, які сам і ўзначальваў. Калі б усё было нармальна, то і Генадзю Бураўкіну варта было б даць народнага паэта, ён яго, безумоўна, заслужыў. Увогуле з гэтымі званнямі… Калі б усё залежала ад мяне, то я пакінуў бы званні толькі Купалу і Коласу. Яны былі сапраўды народныя, народ іх ведаў.

— Як вы ўспрынялі ліквідацыю Саюза беларускіх пісьменнікаў паўтара года таму?

— Балюча ўспрыняў. Столькі мы за наш саюз змагаліся, абаранялі як маглі. Спачатку падзялілі, потым ліквідавалі. Пры мне саюз быў адзіны, я заўсёды лічыў, што пакуль у нас сітуацыя з мовай проста бядовая, мы павінны трымацца разам. Такая была мая пазіцыя на ўсіх пісьменніцкіх з’ездах. Саюз быў апорай усёй нацыянальнай культуры, адстойваў мову. А спробы падзяліць яго рабіліся неаднаразова. І ў маскоўскі бок нас цягнулі. Помню, на апошнім Усесаюзным пісьменніцкім з’ездзе нас ужо так агітавалі, так агітавалі. Я параіўся з Янкам Брылём (ён таксама ў дэлегацыі быў), і мы вырашылі — ні ў якім разе не ісці да іх. Калі я выступаў, з залы крычалі: «Предатель!» Потым у Мінск прыязджаў Сяргей Міхалкоў, таксама агітаваў, але я стараўся супрацьстаяць гэтаму. А калі ў нас стварылі гэты саюз-адпачкаванне, то ні Іван Шамякін, ні Іван Навуменка да яго не далучыліся, не падтрымалі. Хоць прапановы такія ім паступалі, я ведаю.

— А вам?

— Не, ні разу. Відаць, у тым лагеры адчувалі, што запрашаць мяне не мае сэнсу.

— Вось радкі з вашага даўняга верша: «Адно толькі знаю — паўстаць за волю / сваю павінен народ. / Іначай вольным не быць ніколі. / Рэкі ўзрываюць лёд». Чаму ў 2020-м «узарваць лёд» не атрымалася?

— Наш народ — звышпамяркоўны. Беларусы без украінскай закваскі, гэта ва ўкраінцаў усе за аднаго. Вось калі ў канцы 1980-х былі масавыя выступленні супраць камуністаў, тады якраз народ выступаў. Бо давяла галадуха, у крамах быў недахоп тавараў. Тады і МТЗ, і МАЗ выходзілі, нават жанчыны з каструлямі выйшлі на рэйкі…

— А сотні тысяч на вуліцах летам 2020-га — гэта не народ?

— Гэта ў Мінску. А ў правінцыі народ — поле неаранае. Трэба яшчэ доўга араць і баранаваць, каб паказаліся ўсходы. Тут ніякімі лозунгамі з наскоку не возьмеш. Усім кіруе тэлевізар, што там сказалі — тое і праўда. Гэта наша бяда, што народ не адчуў сябе паўнаўладным гаспадаром жыцця. А каб адчуў патрэбу пастаяць за сябе, трэба, каб ён адчуў праблемы на штодзённым сваім побыце. Як у канцы 1980-х і пачатку 1990-х.

— А хіба праблемы яшчэ не ўсіх закранулі? Бясконцыя рэпрэсіі, арышты, суды… Разам з Саюзам пісьменнікаў ліквідаваны сотні грамадскіх арганізацый, у тым ліку Таварыства беларускай мовы.

— Вось каму яно перашкаджала? Ці каму перашкаджала арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны»? Усіх скасілі адной касой. Чаму, навошта? А таму, што людзі збіраліся, камунікавалі. Скажам па лініі таго ж птушынага таварыства. Дзеткі збіраліся на злёты, працавалі вельмі зацікаўлена, гэта была цэлая сістэма. Арганізацыя мела міжнародную фінансавую падтрымку. І з Заходняй Еўропы да нас ехалі навукоўцы, каб паназіраць за рэдкімі відамі птушак. Каму гэта перашкаджала? Не, ліквідуем, бо дзяржавай гэта не кантралюецца.

— Птушкам добра: стала холадна — куды захацелі, туды паляцелі. А людзям куды дзявацца, калі за каментарыі ў інтэрнэце за краты кідаюць?

— Думаю, што пры любых абставінах трэба тут заставацца. Лепшыя ўмовы для жыцця, апрача нас саміх, ніхто тут не створыць. З’ехаць — гэта самы просты варыянт. Калі ты змагар, то змагайся.

— А вы як змагаецеся?

— Нягледзячы на гады, працягваю пісаць. Я ж не брыдоту нейкую прапагандую, а светлае і добрае. Гэта і ёсць маё змаганне.

— Але ж многія сумленныя людзі, у тым ліку вашы калегі па Саюзе беларускіх пісьменнікаў, Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, сядзяць у турме. Вось і пазмагайся.

— Гэта бяда. У турме сядзець — не ў цёплай кватэры. Севярынец — такі светлы чалавек, такі патрыёт Беларусі, паставіў сабе мэту і бясстрашна ідзе да яе. Гэта выклікае павагу. Нічога, гісторыя паставіць усё і ўсіх на сваё месца.

— Кажуць жа, што калі часы цікавыя для гісторыі, то для сучаснікаў яны вельмі сумныя. Відаць, мы якраз перажываем такі час: рэпрэсіі, вайна…

— Што паробіш, з’явіўся чалавек, які рашыў адрадзіць імперыю. Але такое немагчыма — ніводная імперыя не адрадзілася. Але ўсё роўна перамаглі амбіцыі — увайсці ў гісторыю рэстаўратарам імперыі. І Украіна тут — як прыступка, далей і Беларусь можа быць. А як па мне, то не суй свайго носа ў чужое проса.

— Дык і Рэспубліка Беларусь спрабуе сунуць носа куды не трэба. Хоць артыкул 18 Канстытуцыі забараняе прадстаўляць тэрыторыю для ваенных дзеянняў.

— Беларусь павінна застацца самастойнай і незалежнай дзяржавай, якая жыве ўласнымі інтарэсамі, сябруе з суседзямі, і ўсё. Калі запісалі ў Канстытуцыю артыкул 18, то і прытрымлівайцеся яго. Беларускі народ Канстытуцыі не парушаў. Парушаў той, хто аддаваў распараджэнні.

— Васіль Васільевіч, нядаўна сышла з жыцця ваша жонка, з якой вы пражылі доўгае жыццё, нават адзначылі дыяментавае вяселле. Ці звыкліся ўжо са стратай?

— Не, жыву нібы ў пустэчы. Захочацца нешта зрабіць, думаю — пайду з Валяй параюся… Яна вельмі многа чытала, беларускую літаратуру і мову выкладала ў школе, па душы ёй гэта ўсё было. Калі прыходзіла «Народная Воля», Валя яе першай прачытвала, была ўвесь час у курсе падзей. Была мне добрым дарадцам ва ўсіх справах. Але што ж, нічога не зробіш, круці не круці — трэба памярці…

— Незадоўга да свайго сыходу светлай памяці Генадзь Бураўкін прызнаўся, што ганарыцца дзе-чым зробленым, назваўшы «Калыханку», Беларускае тэлебачанне і сям’ю. А вы чым ганарыцеся, аглядаючыся назад?

— Не магу згадаць нічога гераічнага (задумваецца). У мяне ў жыцці неяк усё роўна было.

— Дык ваша кніга «Нача» ў космасе была! Чым не падстава для гонару? А што яшчэ?

— Ну, хіба тое, што адкрыў Уладзіміра Караткевіча як казачніка. Гэта ж я яго падгаварыў пісаць казкі для «Бярозкі», якую тады рэдагаваў. Валодзя заўсёды насіў з сабой які-небудзь замежны дэтэктыў, паказваў усім і гаварыў: цяпер нам трэба пісаць дэтэктывы, каб заваяваць маладога чытача. А я яму кажу — а ты пра казкі падумаў? Калі даць дзецям цікавыя казкі па-беларуску, то мы іх перацягнем на наш бок. І Караткевіч адну, другую, трэцюю казкі прынёс. Казачнік атрымаўся ну проста цудоўны! Яны і цяпер перавыдаюцца, вось нядаўна я бачыў шыкоўна аздоблены Міколам Купавам зборнік «Лебядзіны скіт». Што яшчэ? Ну, я ўжо гаварыў — не разваліў Саюз пісьменнікаў! Кіраваўся біблейскай мудрасцю — не рабі чалавеку таго, чаго не жадаеш сабе. І за мяне на з’ездах, калі абіралі кіраўніцтва, найменш галасоў супраць было. Вось гэта, я лічу, таксама заслуга. Не меншая, чым кніга ў космасе.

Чытайце таксама

Ванда Марцінш душ Рэйш: Мару, каб дэмакратычныя змены ў Беларусі адбыліся без праліцця крыві

Навуковец апошнія 20 гадоў пражыў у сваёй вёсцы, гадуючы козаў

«Я даль тваю люблю, любі маю таксама», — Скобла пра Стральцова

Каментары6

  • Жвір
    17.03.2023
    Дзякуй. Вельмі цікавая гутарка, і цудоўны, шчыры чалавек.
  • уборшчыца
    17.03.2023
    "Васіль Зуёнак: У мяне ў жыцці неяк усё роўна было"
    шчастлівы чалавек...
    а я ўсё думаю - чаму я ўсё больш не люблю кіно і стіхі
  • Максим Дизайнер
    17.03.2023
    дочка Максима Дизайнера,

    Больная что ли?

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ3

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →