Беларусь пабудуе ў Бразіліі дзве зборачныя вытворчасці трактароў МТЗ. Праектаванне гэтых прадпрыемстваў нібыта ўжо пачалося, паведаміў пасол Беларусі ў Бразіліі Сяргей Лукашэвіч.
Дыпламат расказаў, што ў бразільскім аграрным сектары 70% вытворчасці забяспечваюць сямейныя фермы, пры гэтым чвэрць усіх фермераў вядзе дзейнасць без выкарыстання тэхнікі. У цяперашняй сітуацыі могуць быць запатрабаванымі беларускія маламагутныя базавыя трактары магутнасцю да 20—25 конскіх сіл, прыдатныя для сямейнага бізнэсу.
Згоду на будаўніцтва заводаў ужо далі губернатары двух бразільскіх штатаў, і пачаты кансультацыі бакоў, якія вузлы і агрэгаты можна вырабляць у Бразіліі. Аднак канчатковага рашэння пакуль што, як выглядае, няма, мяркуючы па абцякальнай фармулёўцы пасла: «Пакуль інфармацыя ўсяляе ў нас асцярожны аптымізм у планавай, мяккай рэалізацыі сумеснага праекта».
Раней паведамлялася, што МТЗ планаваў запусціць зборку трактароў у Турцыі магутнасцю 2,5 тысячы машын у год.
Каментары