За першы з пачатку вайны падпал ваенкамата ў Расіі далі 13 гадоў калоніі
2-і Заходні акруговы вайсковы суд прысудзіў 22-гадовага слесара Кірыла Бутыліна да 13 гадоў калоніі строгага рэжыму за падпал ваенкамата ў Лухавіцах Маскоўскай вобласці. Гэта першы падпал ваенкамата з пачатку вайны ва Украіне, пра які стала вядома СМІ, піша Бі-бі-сі.
Дзяржабвінавачанне раней запытала для Бутыліна 13 гадоў калоніі.
Бутыліну былі выстаўлены абвінавачанні па трох артыкулах — «Тэракт» (частка 2 артыкул 205 КК РФ), «Вандалізм» (частка 2 артыкул 214) і «Публічныя заклікі да ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці» (частка 2 артыкул 205.2).
Падпал, у якім абвінавачвалі Бутыліна, быў здзейснены 28 лютага 2022 года і быў першым падпалам ваенкамата пасля пачатку вайны ва Украіне, пра які стала вядома СМІ.
Як пісаў «Маскоўскі камсамолец», 28 лютага Кірыл Бутылін разбіў вокны будынка ваенкамата Зарайска і Лухавіц і кінуў туды дзве бутэлькі з «кактэйлямі Молатава». Акрамя таго, як удакладняла выданне, вароты вайсковага камісарыята былі размаляваныя ў колеры ўкраінскага сцяга і на іх быў напісаны пацыфісцкі лозунг.
Бутыліна затрымалі толькі 8 сакавіка, а праз некалькі дзён яму ўдалося збегчы з аддзялення паліцыі.
Бутылін збіраўся дабрацца да Літвы і атрымаць там палітычны прытулак, аднак быў затрыманы беларускімі памежнікамі на пункце пропуску ў Гродзенскай вобласці.
У Расіі ў апошнія месяцы крымінальныя справы аб спробах падпалаў ваенкаматаў заводзяць па артыкулах аб тэрарыстычным акце. У першыя месяцы ўварвання такія дзеянні трактаваліся па крымінальным артыкуле аб хуліганстве.
Самы вялікі тэрмін па аналагічнай справе пакуль быў у Ніжнявартаўску — 12 гадоў за падпал ваенкамата атрымаў у канцы студзеня Уладзіслаў Барысенка.
У панядзелак, 13 сакавіка, жыхар Угліча Дзяніс Папоў за аналагічныя дзеянні атрымаў восем гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб замаху на тэракт (ч. 1 арт. 205 КК РФ).
Каментары