Грамадства88

Ванда Марцінш душ Рэйш: Мару, каб дэмакратычныя змены ў Беларусі адбыліся без праліцця крыві

У кулуарах нядаўняга Стральцоўскага фестывалю ў Вільні да пісьменніцы Ванды Марцінш душ Рэйш было не даступіцца. Да ўсяго ёй была справа, з усімі яна мусіла пагаварыць, было відаць, што тут яна — свой чалавек. Да таго ж прыцягальны — і сваёй сонечнай усмешкай, і сваім нязводным аптымізмам. Адкуль жа ўзялася беларуская паэтка і перакладчыца з такім экзатычным прозвішчам, задаўся пытаннем Міхась Скобла з «Народнай Волі».

— Спадарыня Ванда, усё ўзнікае з нечага — каласы з зерня, рэкі з падземных крыніц. Мне незразумела, адкуль узнікла паэтка Марцінш душ Рэйш, ну проста як піліп з канапель! Дык усё ж адкуль вы з’явіліся?

— Мае «каноплі» — гэта беларускі віленскі клуб «Сябрына», якім шмат гадоў кіруе Валянцін Стэх. Нас там няшмат, беларусаў, якія даўно жывуць у Літве. Мы прадстаўляем у гэтай краіне беларускую культуру, прынамсі ў Вільні, у добрым супрацоўніцтве з палякамі і літоўцамі, як гэта было заўсёды. Неяк мы сабраліся ў «Сябрыне» і вырашылі, што добра было б мець свайго паэта (смяецца). Бо на розных імпрэзах трэба нешта станцаваць ці праспяваць, і ў нас гэта ёсць каму рабіць. А паколькі ў мяне няма ні голасу, ні здольнасці да танцаў, то я заўсёды выступаю з вершамі. Валянцін Стэх гады з тры таму адправіў мае вершы ў літаратурны альманах «Беларус», які выходзіць у Нью-Ёрку, і яны там неўзабаве былі надрукаваныя. Пішу я проста, праўда, часам ужываю словы мясцовыя, за якія мяне крытыкуюць.

— А словы тыя з якой мясцовасці?

— З вёскі Муляры на Пастаўшчыне, адкуль я родам. Там вельмі адметная мова, з дамешкам паланізмаў і літуанізмаў. Значэнні многіх мясцовых слоў я часам даволі доўга разгадвала, дзе-якія так і засталіся пакуль для мяне таямніцай. Я часам думаю, што некаторыя словы былі прыдуманыя маёй маці. Так, вясковыя жанчыны — вялікія моватворцы! Напрыклад, я доўга шукала, што азначае слова «пампурына». Гадзінамі шукала ў інтэрнэце, пакуль да мяне дайшло, што «пумпурас» па-літоўску — бутон кветкі.

— Па якой прычыне і калі вы пераехалі жыць у Літву?

— Даўнавата ўжо, у 1980 годзе, пасля заканчэння Віцебскага педінстытута. Тады такі пераезд быў звычайнай справай. З Астравеччыны, з Ашмяншчыны, з Пастаўшчыны людзі ехалі ў найбліжэйшы вялікі горад — Вільню. Вось і я паехала. І ўжо тут прыжылася, Літва — мая краіна, у мяне літоўскае грамадзянства. У мяне тут дачка, двое ўнукаў. І ўся вёска наша тут! Калі была прэзентацыя маёй першай кнігі «Плод авакада», палова залы была з Муляроў. Проста абрыдаліся ўсе!

— А такое незвычайнае прозвішча ў вас адкуль?

— Я двойчы была замужам. Другі раз — за партугальцам, дваццаць гадоў. Душ Рэйш — гэта яго прозвішча, якое афіцыйна я не брала. Мы тады жылі ў Вялікабрытаніі, і там яго ніхто не вымавіў бы. Таму ў пашпарце я дагэтуль Марцінш. Я вельмі люблю падарожжы, дзе стараюся ўсё паглядзець, усіх паслухаць.

— Цяпер я разумею, чаму вашы вершы напоўненыя экзотыкай. Многія з іх напісаныя ажно недзе на Мадэйры.

— Так, мы там пэўны час жылі з мужам, яго бацькі займаюцца на Мадэйры вінаградарствам. Гэта партугальскія астравы ў Атлантычным акіяне, бліжэй да Афрыкі, чым да Еўропы. Мне там добра пісалася, асабліва пад вялікім авакадавым дрэвам пад пошум акіянскіх хваль. Узровень жыцця на Мадэйры прыкладна такі ж, як у Літве. Тамтэйшыя жыхары няшмат зарабляюць, але ў іх прыгожая прырода, там цёпла, ладзяцца пікнікі-барбекю кожныя выхадныя. І паўсюль горы! Ты або коцішся клубком уніз, або ўгору лезеш. За домам быў вадаспад, дзе мы трымосаш рабілі. Гэта такая мясцовая страва з добра вымачанага ў вадзе бобу з дадаткам пятрушкі і рознага зелля. Выдатная закуска да піва! Потым там лаўры растуць. Залезеш на дрэва, нарэжаш галінак лаўру і мяса на іх пячэш. Гэта зусім іншае жыццё…

— Дык у вас там не жыццё, а суцэльнае свята было. Пікнікі, лаўры над галавой, вадаспад кухарыць дапамагаў… А свёкру вінаград дапамагалі здымаць?

— А як жа, дапамагала. Праўда, гэта мне было нялёгка рабіць. Мясцовыя людзі пераважна невысокія, і вінаград яны садзяць не радамі, а «са столлю». І калі я працавала, то павінна была ўвесь дзень хадзіць, сагнуўшыся ў тры пагібелі.

— Калі не сакрэт, чаму вы з мужам-партугальцам рассталіся?

— У нас былі нармальныя адносіны. Але мяне цягнула на Віленшчыну проста невыносна. І я прыдумала план — на Мадэйры жыць зімой, а ў Літву прыязджаць на лета. Ну, добры ж план! Але мужу не спадабаўся, ён пачаў бурчаць, маўляў, ты ж ведала, што выходзіла за партугальца. Але ж мы жывём у XXI стагоддзі, а не ў XVI, калі жонка павінна была за мужам цягнуцца, як пуга за пастухом. Так мы і не дамовіліся. Шкада, вядома ж, але нічога не паробіш. Восем гадоў ужо не разам, але працягваем сябраваць, у сацсетках перапісваемся.

— Перад Мадэйрай вы жылі ў Вялікабрытаніі, а калі дакладней, у Шатландыі, у Эдынбургу. Пра гэты край беларусы ведаюць больш, дзякуючы Роберту Бёрнсу і Вальтэру Скоту. А што вам дало жыццё ў гэтай краіне?

— Я паехала ў Шатландыю да свайго дзядзькі, бацькавага брата. Ён — ветэран Арміі Андэрса. Як дзядзька туды трапіў? У 1939 годзе яго саслалі ў Сібір. І калі ў 1941 годзе польскі эміграцыйны ўрад пачаў ствараць польскую армію, яму было дазволена набіраць людзей і з ГУЛага. Многія беларусы туды пазапісваліся, гэта быў адзіны шлях на волю. Дзядзька пазней успамінаў: «У лагеры я сто адсоткаў памёр бы, а на вайне ў мяне былі шанцы». Ён ваяваў пад Монтэ Касіна, быў паранены. У Вялікабрытаніі я і выйшла за партугальца.

— Максім Багдановіч пісаў: «Не рассталіся б мы з нашым краем, каб было дзеля нас у ім хлеба». Герояў багдановічаўскага верша пагнала на чужыну патрэба хлеба, а вас, выходзіць, каханне?

— Не-не, я пазнаёмілася са сваім будучым мужам прыкладна праз пяць гадоў жыцця ў Эдынбургу. Вялікабрытаніі я ўдзячная за тое, што яна мяне прывучыла жыць пры дэмакратыі, паважаць сябе, адстойваць свае правы. Вось нядаўна ў нас у Літве абрэзалі беларускую тэлепраграму, і нашы чамусьці баяцца патрабаваць яе аднаўлення. А я прывыкла, жывучы ў Эдынбургу, што там кожны чалавек мае грамадзянскую пазіцыю. Там парламент прыслухоўваецца да людзей. У часы прэм’ерства Тоні Блэра быў там міністр (здаецца, працы), вельмі талковы. Сябраваў з прэм’ерам. Але выявілася, што мае каханку — замужнюю жанчыну. Што там пачалося! Блэр хацеў абараніць сябра і — не змог. Там людзі думаюць так: чыноўнікі жывуць на нашы падаткі і таму павінны нас баяцца.

— Ох і цяжка вам было б жыць у Беларусі… А ці часта бываеце на радзіме?

— Мінулым летам двойчы ездзіла ў Мінск — сустракалася з чытачамі, са сваімі прыхільнікамі. Першы раз я проста не ведала, што на такія сустрэчы патрэбны адмысловы дазвол, і мы проста ў кавярні сабраліся. Цікую, што ўсе неяк запытальна на мяне глядзяць, нібы пытаюцца: «А можна? А нас тут не арыштуюць?» Другі раз я ўжо была чалавекам дасведчаным, і мы сустрэліся патаемна (з усмешкай прыцішае голас), у майстэрні адной мастачкі…

— А на Пастаўшчыну, у родныя Муляры заязджалі?

— Заязджала… І пасля нават падумалася, што я канчаткова страціла радзіму. Палова хат у Мулярах зарасла бур’яном, засталося некалькі старэнькіх бабулек. А ўсё астатняе ўжо не маё. Прыехалі туды чужыя людзі з іншай ментальнасцю. Напрыклад, мая старэнькая абязножаная мама на зэдліку совалася, а кветачкі і агарод садзіла. А потым да яе прыходзілі маладыя жанчыны з прыезджых і прасілі: ці можна нам на 1 верасня дзецям букеты нарваць? Разумееце, яны нічога не садзяць! І мова іхняя ўжо не беларуская. Увогуле, калі была ў Мінску, я беларускай мовы амаль не чула, русіфікацыя поўная. Мяне на цягнік падвозіў хлопец, з якім мы некалі разам на танцы бегалі. Едзем па вёсцы, і ён мне паказвае: а вось тут у нас жыве чалавек, яго арыштавалі, бо знайшлі ў хаце бела-чырвона-белы сцяг і партрэт Гітлера… Гэта гаворыць мне мой аднавясковец! Гэтую прыдуманую прапагандыстамі лухту! Мае землякі ў выміраючай вёсцы думаюць, што бела-чырвона-белы сцяг — фашысцкі… Мне было вельмі непрыемна.

— Летась у вашым перакладзе з літоўскай на беларускую выйшла ў свет кніга Далі Грынкявічуце «Літоўцы ля мора Лапцевых». Чаму вы вырашылі яе перакласці?

— Таму што гэта кніга вельмі важная для літоўцаў. А літоўцы — нашы суседзі, і нашы гістарычныя лёсы падобныя. У кнізе расказваецца пра сасланых у 1941 годзе ў вусце ракі Лены літоўцаў, дзе яны гінулі-замярзалі на голай, занесенай снегам выспе. І беларусаў жа таксама высылалі ў тую вечную мерзлату, адкуль мала хто вярнуўся. Далі Грынкявічуце пашанцавала, яна выжыла. Разумееце, гістарычная памяць не павінна перарывацца. І вось у Літве, у адрозненне ад Беларусі, яна не перарвалася. Такія кнігі якраз і дапамагаюць яе аднавіць. Калі «Літоўцы ля мора Лапцевых» выйшлі ў Літве, гэта быў эфект бомбы, якая ўзарвалася. І да гэтай пары кніга карыстаецца попытам, літоўскае Міністэрства культуры падтрымлівае яе пераклады на мовы свету. Праўда, я пра гэта не ведала, і выдала кнігу на свае сродкі.

— Мяне ў кнізе ўразіла, як літоўцаў ратавала адна беларуская лекарка, якая не баялася прыйсці ў зачумлены барак у непраглядную завею.

— Так, літоўцы жылі сваёй калоніяй, ніхто ім асабліва не спачуваў, апрача лекаркі Франі Глушынай. Даля Грынкявічуце піша пра яе ўдзячна і захоплена: «Франя — высокая, стройная, з чорнымі вачыма і кучаравымі валасамі — незвычайнай прыгажосці. Нічога не баялася, бачыла, як людзі пакутуюць і паміраюць ад голаду, холаду і хваробаў. Не было дня, каб яна не зайшла ў барак. Яна ведала ўсіх і яе ведалі ўсе. Гэта быў прамень сонца ў нашай прамерзлай трупярні. Начальнікі што толькі ні вытваралі… У той галерэі забойцаў ты, Франя, велічна вылучалася. І пазней, калі я чытала пра Данка, пра яго сэрца, перад вачыма ўзнікаў яе вобраз».

— Вы сказалі, што выдалі літоўскую кнігу за свае грошы. Даруйце, вы такі багаты чалавек? Ці вам нехта дапамагае?

— Мае памагатыя — рукі мазолістыя. Усё жыццё я працавала вельмі цяжка — і прыбіральшчыцай, і афіцыянткай, і настаўніцай… За заробленыя грошы пабудавала дом непадалёк ад Вільні. Цяпер патрэбы ў мяне сціплыя, магу і ў сэканд-хэндзе швэдру якую-небудзь набыць. Таму грошы я адкладвала, але на кнігу ўсё роўна не хапіла, у дачкі папрасіла тысячу. І таму летась нідзе не была, нават на сваім любімым моры. А так штогод ездзіла на два-тры дні. І заўсёды вярталася з вершамі.

— А дасканалае веданне літоўскай мовы ў вас адкуль?

— Дык вучыла — з раніцы да вечара! У 55 гадоў. І вывучыла — за год. Так што мазалі ў мяне былі не толькі на руках, але і на мазгах (смяецца). І мне сёння ніхто не можа сказаць, што беларускую мову цяжка вывучыць. Заткніцеся, як кажуць, і не вякайце! Пазней я і англійскую вывучыла, і партугальскую, і іспанскую. Тры гады выкладала ў школе партугальскую, цяпер — англійская спатрэбілася. Проста на яе больш попыту.

— Літва пасля 2020 года прыняла каля 50000 беларусаў. Вы гэта неяк на сабе адчулі?

— Чым магу дапамагаю, у мяне беларусаў часам — поўная хата, пра гэта ўсе ведаюць. У 2020-м можна было ўзяць да сябе ўцекачоў. Адразу знайшоўся хлопец, трэці год у мяне жыве, потым яшчэ адзін. Для ўкраінцаў мой дом менш падыходзіць, ім патрэбныя дзіцячыя садочкі, школы. Але я ім таксама прапаноўвала. Да мяне летам беларусы прыязджаюць проста адпачываць. Для мяне гэта важна — дапамагаць суайчыннікам.

— Адна з вашых кніг называецца «Мора Мары». Назавіце дзве свае мары — асабістую і для ўсёй Беларусі.

— Асабістых мараў у мяне ўжо няма, засталіся толькі планы. Планую бліжэйшым часам выдаць дзве кнігі — уласную трохмоўную (мае вершы па-беларуску і ў перакладах на польскую і літоўскую). І свае пераклады з літоўскага паэта Вітаўтаса Мачэрніса, які загінуў у дваццаць тры гады. А якая мара для Беларусі? Вельмі цяжка ў яе паверыць… Але я мару, каб дэмакратычныя змены ў Беларусі нарэшце адбыліся — і без праліцця крыві.

Каментары8

  • Кастусь
    07.03.2023
    «Без пролития крови» а может лучше во сне?
    Опять насаждается заранее несбыточный наратив о добровольном уходе хунты. Эти убаюкивания гражданского общества выгодны только той же хунте и их хозяевам в кремле.
    Теперь все будет по настоящему, именно они террористы, убийцы и предатели и с таковыми разговор один - язык силы.
    Жыве Беларусь!
  • Gorliwy Litwin
    07.03.2023
    на вялікі жаль, 1. мірным шляхам на Белай Русі нічога змяніць немагчыма 2. сіл альтэрнатыўных вельмі мала, кропля ў моры - таму на яве не будзе ніякіх пераменаў увогуле. Тое самае як на Гаіці. Краіна, створаная пераможнай рэвалюцыяй рабоў. А рабы падсвядома ўзнаўляюць рабства.
  • Касiнер
    08.03.2023
    на жаль без крывi не абыйдецца.

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Усе навіны →
Усе навіны

Віктар Ганчарэнка ўзначаліць расійскі «Ніжні Ноўгарад». Якім будзе яго заробак?4

Беспілотнікі нанеслі ўдар па складзе боепрыпасаў у Карачаве Бранскай вобласці Расіі2

У расійскім Тальяці 13-гадовая дзяўчынка зарэзала малалетніх сясцёр17

Палесцінскія журналісткі атрымалі прэмію ў гадавіну нападу на Ізраіль. Алексіевіч падтрымала іх57

«Нас адкінулі ў сакавік 2022 года». Z-блогеры ў шаленстве ад блакіроўкі Discord5

Вальфовіч расказаў пра новую ідэю прызыву з запасу12

Тэйлар Свіфт узначаліла рэйтынг самых багатых жанчын-музыкантаў

МНС папярэдзіў пра туман

Журналіст: Трамп, пакінуўшы Белы дом, размаўляў некалькі разоў з Пуціным5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Галоўнае
Усе навіны →