Венгерскія парламентарыі заявілі, што краіна падтрымае ўступленне Швецыі ў НАТА
«Узамен, калі ласка, не трэба больш хлусіць аб стане дэмакратыі ў Венгрыі».
Парламенцкая дэлегацыя Венгрыі паведаміла, што ратыфікуе заяўку на ўступленне Швецыі ў НАТА. Па інфармацыі агенцтваў Associated Press і TT, гэта заява была зроблена 7 сакавіка падчас сустрэчы венгерскіх і шведскіх парламентарыяў у Стакгольме.
Па словах віцэ-спікера венгерскага парламента Чаба Хендэ, гэта дазволіць палепшыць двухбаковыя адносіны паміж дзвюма краінамі.
«Мы дакладна далі зразумець, што ўрад Венгрыі, прэзідэнт Венгрыі, прэм'ер-міністр і большасць венгерскіх парламентарыяў адназначна падтрымліваюць заяўку Швецыі на ўступленне ў НАТА», — сказаў Хендэ.
Пры гэтым ён адзначыў, што гэтае рашэнне далося нялёгка. Некаторым венгерскім палітыкам вельмі не падабаецца, калі Швецыя і іншыя краіны ЕС абвінавачваюць Венгрыю ў парушэнні дэмакратычных норм.
«Было б выдатна, каб шведскія палітыкі, прадстаўнікі ўрада і чальцы парламента ЕС не паказвалі і не мелі на ўвазе, што ў нас нібы адсутнічае вяршэнства права і дэмакратыя. Такія падазрэнні заснаваныя на незаслужаных даверу фактах», — дадаў Хендэ.
Як паведамляе AP, парламент Венгрыі збярэцца ўжо 20 сакавіка, каб канчаткова прагаласаваць за ўступленне Швецыі ў Альянс.
Нагадаем, што Швецыя і Фінляндыя ў мінулым годзе вырашылі афіцыйна ўвайсці ў НАТА на фоне ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну. Для ратыфікацыі гэтых заявак неабходна згода ўсіх 30 краін блока, з якіх 28 ўжо пагадзіліся. Астатнія дзве, Венгрыя і Турцыя, пакуль не прагаласавалі па гэтым пытанні.
Каментары