10 гадoў. Вынесены прысуд нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму
Суддзя Марына Запаснік вынесла сёння жорсткія прысуды праваабаронцам «Вясны» за іх праваабарончую дзейнасць.
Старшыні «Вясны» і нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў калоніі.
Намесніку старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў калоніі.
Каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі.
Праваабаронцу «Вясны» Дзмітрыю Салаўёву — 8 гадоў калоніі завочна.
Таксама суддзя Марына Запаснік пастанавіла спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капейкі якую яны нібыта «здабылі злачынным шляхам» праз «кантрабанду арганізаванай злачыннай групай». Улічваючы таксама штраф, агулам з праваабаронцаў хочуць спагнаць амаль $450 000.
Праваабаронцаў абвінавацілі паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Трое вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года.
Па справе ўсяго 283 тамы матэрыялаў па 300 старонак — гэта рэкорд па палітычнай справе, па якой праходзіць каля 100 сведак, было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне.
Летась праваабаронца Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру разам з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый «Мемарыял» з Расіі і «Цэнтр грамадзянскіх свабод» з Украіны. Ён не змог трапіць на цырымонію — прамову Бяляцкага на ўручэнні «Нобеля» зачытала яго жонка.
Залу суда на зачытванні прысуду запоўнілі курсантамі Акадэміі міліцыі.
У той жа час звычайных людзей у залу не пускалі, яны змаглі пабачыць нобелеўскага лаўрэата толькі ў калідоры, калі яго вялі. Не дапусцілі не толькі ў залу, а і ў сам будынак, замежных дыпламатаў. А заснавальніка расійскага правабарончага таварыства «Мемарыял» Алега Арлова, які меў намер трапіць на суд, не пусцілі ў Беларусь. Алег Арлоў назваў суд над нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім і ягонымі калегамі «праявай фашызму».
Чытайце таксама:
У апошнім слове Алесь Бяляцкі заклікаў да дыялогу дзеля нацыянальнага прымірэння
У брэсцкім офісе «Вясны» стаяла шпіёнская відэакамера. Што вядома з чарговага пасяджэння па справе арганізацыі
Паказанні засакрэчаных сведак і допыт мытнікаў: прайшлі чацвёртае і пятае пасяджэнні па «справе Вясны»
Сляды ад кайданкаў на руках Бяляцкага ФОТАФАКТ
-
Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага
-
«Схапілі і панеслі. Некалькі разоў паспелі ўдарыць». Беларус расказаў пра сваё затрыманне ў Грузіі
-
Ціханоўская: Мы не павінны дазволіць дыктатарам пасварыць беларусаў і літоўцаў
Каментары
Navat u hitleraūcau sud byū spraviadliviejšy.