Культура1010

Аляксей Дудараў: як грошы і час змянілі драматурга

Пра Аляксея Дударава — «чалавека, які шмат мог, але далёка не ўсё зрабіў», піша ў сваім тэлеграм-канале Дзяніс Марціновіч. Перадрукоўваем гэты тэкст. 

Фота: bellitmuseum / Facebook

Я ведаў — натуральна завочна — (пра) двух розных Аляксеяў Дударавых.

Чуў пра першага — маладога талента, ледзь не жывога класіка, што ярка, ліха ўварваўся ў прастору беларускага тэатра і кіно. Сцэнарыем для «Белых Росаў», што сталі сапраўды народным кіно. П’есамі «Радавыя» і «Вечар», што прагрымелі па ўсім Савецкім Саюзе.

Другую з гэтых п’ес я глядзеў у пастаноўцы Валерыя Раеўскага ў канцы нулявых — і ўжо тады здзіўляла, як малады Дудараў — падчас напісання яму было 30+ — здолеў выхапіць, зразумець і па-мастацку пераасэнсаваць свядомасць і ўнутраны свет сталых людзей, прадстаўнікоў зусім іншага для яго пакалення. У савецкія часы, калі існавала дакладная іерархія, ён быў «драматургам № 1» у Беларусі 1980-х, пераняўшы эстафету ў Кандрата Крапівы і Андрэя Макаёнка.

У дзяцінстве я гледзеў спектаклі па яго асветніцкіх п’есах «Чорная панна Нясвіжа» і «Вітаўт» — апошні стаў для мяне першым усвядомленым паходам у Купалаўскі. Даўняя гісторыя ажывала на сцэне, я ўсім сэрцам суперажываў Вітаўту, каб потым зразумець, што Ягайла атрымаўся куды больш складаным і цікавым. Апошняга іграў легендарны Мікалай Кірычэнка, першага — усім цяпер вядомы Генадзь Давыдзька.

Ужо пазней даведаўся пра яго п’есу «Прынц Мамабук» з відавочнымі алюзіямі на ўсім вядомую ў Беларусі персону — тады пастаноўка па ёй стала нагодай для звальнення рэжысёра Валерыя Мазынскага і закрыцця «Вольнай сцэны», а створаны на яе месцы РТБД давялося будаваць ледзь не наноў.

Магчыма, гэта гісторыя з забаронай і звальненнямі стала вырашальнай, бо ў нулявыя і дзясятыя я ведаў ужо другога, іншага Дударава — без бляску ў вачах. Куды знікае гэты бляск, куды хаваюцца з узростам (патэнцыйныя) маладыя геніі — вось, бадай, адна з галоўных таямніц творчасці ды і, скажу глабальней, жыцця. У Дударава гэтае ўнутранае пераўтварэнне адчувалася асабліва відавочна.

Калі ён выходзіў на сцэну падчас афіцыйных імпрэз (кшталту Нацыянальнай тэатральнай прэміі), то ўспрымаўся як сімвал тэатральнага афіцыёзу. Чыноўнікам, росквіт творчасці якога застаўся ў мінулым.

І ў гэтым мелася вялікая доля праўды — нездарма крытык Павел Руднеў называў яго ў адным з тэкстаў «драматургам васьмідзясятых».

У адрозненне ад сваіх калег, ён стаў начальнікам — і істотна паўплываў на тэатральны працэс. 

Менавіта Дудараў, які з 1992 года ўзначальваў Саюз тэатральных дзеячаў, спрычыніўся да яго развалу. У гэтай арганізацыі меўся Дом акцёра, велізарная бібліятэка, свая маёмасць, штат супрацоўнікаў — усё гэта знікла, растварылася ў паветры, нібы ніколі не існавала. Ужо ў нулявыя актыўнасць СТД была каля нуля — саюз нагадваў пра сябе хіба штогадовымі ўручэннямі «Крышталёвых Паўлінак».

Тады як у суседняй Расіі аналагічны саюз круціўся на поўную моц і праводзіў велізарную колькасць імпрэз. Ды што ў Расіі — нешта (з большым або меншым поспехам) імкнуліся рабіць ці не ўсе беларускія творчыя саюзы. СТД з’яўляўся поўным выключэннем.

Але ад спробаў забраць у яго віртуальную ўладу над беларускім тэатральным светам Дудараў адбіваўся з усёй рашучасцю.

Памятаю апошнюю па часе, што мела месца на мяжы нулявых і дзясятых. «Пальчатку» кінула крытык Таццяна Команава — яе прыход абяцаў хоць якія змены.

Але Дудараў дзейнічаў як класічны апаратчык. Правёў рашэнне, каб з’езд праходзіў у Астрашыцкім Гарадку. Прывёз туды на аўтобусе сваіх прыхільнікаў — дабрацца з Мінска маглі не ўсе. І перамог. Больш выклік яму ніхто не кідаў — усе наступныя выбары праходзілі на безальтэрнатыўнай аснове. Чаму драматург так не хацеў сыходзіць? Баяўся, што хтосьці будзе праводзіць фінансавую рэвізію яго спадчыны? Пра тое можна толькі здагадвацца.

Але фінансавае пытанне ўсё ж хвалявала яго — і выклікала іронію разам з абурэннем сярод тэатральнага Мінска. Вядомай стала гісторыя, калі Дудараў быў пазначаны як аўтар інсцэніроўкі п’есы Лопэ дэ Вега — каментаваць тут няма чаго. Нават дзіўна, што ніхто не дадумаўся пазначаць сябе як аўтара інсцэніровак Шэкспіра.

Нядаўна Андрэй Курэйчык згадаў, як Дудараў пераклаў на беларускую мову яго п’есу, але склаў дамову так, што стаў атрымліваць больш, чым аўтар.

Аднак натхненне — вельмі крохкая канструкцыя. Калі баланс паміж любоўю да творчасці і натуральным жаданнем зарабіць парушаецца, яно знікае.

А яшчэ мяне вельмі зачапіла гісторыя, расказаная Уладзімірам Някляевым. З Дударавым яны сябравалі, але канчаткова разышліся ў 2010-м: апошні сказаў, што яго былы сябра «займаецца не Божай справай». Уяўляю, як тады раніла гэтая фраза. Але зараз, з вышыні гадоў яна ўспрымаецца абсалютна заканамернай у эвалюцыі гэтых творцаў.

У біяграфіі Някляева былі выступленні на з’ездзе камсамола ў Маскве, пацалункі з Брэжневым — можна ўявіць, як гэтыя ўспаміны мулялі паэту, калі ён згадваў іх у сваім апошнім рамане. Было і больш позняе сяброўства з Лукашэнкам у спробе абараніць беларускую культуру. А пасля эміграцыя і прыход у палітыку, збіццё ў 2010-м і выкраданне са шпіталя. У кнізе Сяргея Шапрана, прысвечанай Някляеву, цудоўна паказана, як ставіліся да яго ў тыя часы іншыя творцы (часам зусім неадназначна). Але цяпер лепшыя творы Някляева — класіка (а паэма «Турма» дык увогуле з’яўляецца прарочай).

У 1980-я Дудараў меў куды лепшыя стартавыя ўмовы і — выкажу тут сваю гіпотэзу — больш яркую рэпутацыю. Але зараз ён застаецца ў гісторыі выбітным драматургам свайго часу (ці будуць ставіць яго п’есы — пакажа час, хоць «Вечар», безумоўна, таго варты). Гэта шмат для іншых, але, бадай, мала для яго самога.

А ў маім асабістым успрыманні пануе жаль ад яго сыходу. Бо Дудараў успрымаецца чалавекам, які шмат мог, але далёка не ўсё зрабіў.

Каментары10

  • Глядач
    04.03.2023
    Прадаўся дзядзька і талент страціў
  • Чытака
    04.03.2023
    Памятаю яшчэ чытаў дзецям яго цудоўную казку, а пасля кудысці ўсё знікла разам з яго фармальным узвышэннем.
  • Критик
    04.03.2023
    Всё ПРАВИЛЬНО: ПОТЕРЯЛ себя Дударев, когда пошёл в Холуи и полюбил Деньги... Получилось, что ВСЁ творчество Дударева обменялось на богатства по дешёвому курсу - лишь бы тешить свою 3 чакру и нижние 2, отвечающую за власть, безопасность, удовольствие и "много себя". Раб ПОТЕРЯЕТ свой Божий ДАР, потому что РАБЫ В КЛЕТКЕ НЕ способны ТВОРИТЬ, а ПОЛИТИЧЕСКИЕ ЗАКЛЮЧЁННЫЕ - НА СВОБОДЕ, будучи в клетке!!! НЕТ БОЛЬШЕ Дударева - драматург ВЫЛЕТЕЛ ИЗ "КУПЮРОПРИЁМНИКА" под ноги.

«Калі б ён пайшоў па іншым шляху, было б па-іншаму». Камандзір Палка Каліноўскага пракаментаваў сітуацыю з Верамейчыкам2

«Калі б ён пайшоў па іншым шляху, было б па-іншаму». Камандзір Палка Каліноўскага пракаментаваў сітуацыю з Верамейчыкам

Усе навіны →
Усе навіны

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі б ён пайшоў па іншым шляху, было б па-іншаму». Камандзір Палка Каліноўскага пракаментаваў сітуацыю з Верамейчыкам2

«Калі б ён пайшоў па іншым шляху, было б па-іншаму». Камандзір Палка Каліноўскага пракаментаваў сітуацыю з Верамейчыкам

Галоўнае
Усе навіны →