Меркаванні4949

Польскі эксперт: Перамога Украіны можа прынесці ў Беларусь грамадзянскую вайну і страту незалежнасці

Паражэнне Расіі ў вайне з Украінай не азначае аўтаматычнай перамогі дэмакратыі над аўтарытарызмам у Беларусі. Вынікам расійскага паражэння можа стаць кансалідацыя прарасійскіх сілаў у Беларусі і нават грамадзянская вайна, лічыць эксперт польскага аналітычнага цэнтру Strategy and Future Марак Будзіш. Каб гэтага не адбылося, ён у інтэрв'ю «Радыё Свабода» раіць беларускай апазіцыі змяніць сваю стратэгію.

Марак Будзіш

Марак Будзіш — адзін з асноўных польскіх экспертаў па беларускай тэматыцы. У яго гістарычная адукацыя, ён працаваў у шэрагу польскіх СМІ, аўтар некалькіх кніг, адна з якіх прысвечаная Беларусі. Ён крытыкуе палітыку Захаду адносна Беларусі і лічыць, што калі б яна кіравалася «не душэўнымі імпульсамі, а разуменнем сытуацыі», то была б больш эфектыўнай.

— У 2021 годзе вы напісалі кнігу «Ілюзія свабоднай Беларусі». Што гэтая назва азначае? Бо гучыць яна вельмі песімістычна.

— Гэтая назва складаецца з дзвюх частак. Пасля сказу, які вы прывялі, ёсць працяг: «Як у барацьбе за дэмакратыю можна страціць радзіму». Я апісваю ў гэтай кнізе абгрунтаваныя і апраўданыя імкненні беларусаў да свабоды, але ў той жа час прапаную задумацца: засяроджанасць беларускага народа і апазіцыі выключна на барацьбе за дэмакратыю — ці не стварае яна небяспекі інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі?

Трэба разумець, што геаграфічнае размяшчэнне Беларусі і значэнне яе для Расіі прымусяць Расію да агрэсіўных дзеянняў. Я пісаў пра гэта яшчэ ў 2020 годзе, перад пратэстамі, але ў 2023 годзе перакананы, што гэтая дылема павінна быць яшчэ больш прысутнай у рэфлексіі над сітуацыяй у Беларусі.

На маю думку, Расія не адмовіцца ад спробаў падпарадкаваць сабе беларускую дзяржаву. Я маю на ўвазе падпарадкаваць не толькі з палітычнага пункту гледжання, але і вайсковага.

У сувязі з гэтым дэмакратычныя сілы павінны задумацца над стратэгіяй сваіх дзеянняў. Неабходна знайсці такую форму барацьбы, каб не ствараць рызыкі расійскага ўварвання і каб не апынуцца ў яшчэ горшай сітуацыі, чым зыходная пазіцыя.

«Расія пагражае Беларусі значна больш сур’ёзна, чым адсутнасць дэмакратыі»

— Вы хочаце сказаць, што беларусы не павінны былі ў 2020 годзе пратэставаць супраць сфальсіфікаваных выбараў, гвалту?

— Беларусы маюць поўнае права змагацца за свабоду, як і любы народ у свеце. Ніводзін разумны чалавек не ставіць гэта пад сумнеў. Але іншае пытанне — стратэгія дасягнення гэтага выніку. Бо з факта, што нехта мае права на свабоду, яшчэ не вынікае, што яму ўдасца гэтае права рэалізаваць.

Пасля ўвядзення камуністамі ваеннага становішча ў Польшчы палякі яшчэ 8 гадоў змагаліся за свабоду, прафсаюзы і грамадзянскія правы. У 1988—1989 гадах апазіцыя змяніла сваю тактыку. Вынікам гэтага сталі перамены і першыя часткова свабодныя выбары ў 1989 годзе.

Апазіцыя ў той час дэманстравала стрыманасць, калі гаварыць пра радыкалізм мэтаў. Але гэта хутка змянілася, паколькі змяніўся і агульны кантэкст.

Менавіта гэта я маю на ўвазе, калі гавару пра беларускую апазіцыю. Існуе вялікая рызыка — гэта агрэсіўная Расія, якая ваюе супраць Украіны. І нават калі Расія прайграе гэтую вайну, што яшчэ пакуль не факт, хоць гэта даволі верагодна, яна захоча абараніць свае інтарэсы. Расія будзе імкнуцца забяспечыць сабе такую стратэгічную пазіцыю, якая дазволіць ёй пазней зноў напасці на Украіну. І таму яна будзе аказваць яшчэ мацнейшы ціск на Беларусь і імкнуцца яе інкарпараваць.

На маю думку, беларуская апазіцыя павінна змагацца з гэтай пагрозай. Калі мы гаворым пра пагрозы для беларускай дзяржаўнасці, то Расія пагражае Беларусі значна больш сур’ёзна, чым адсутнасць дэмакратыі. Адсутнасць дэмакратыі — гэта часовая праблема. У выпадку еўрапейскіх народаў з еўрапейскай культурай, якім бясспрэчна з'яўляецца беларускі народ, немагчыма бясконца кіраваць аўтарытарна. Тым больш тады, калі Расія будзе слабець.

На маю думку, беларусы павінны сёння шмат энергіі прысвячаць тэме, як прывесці Беларусь да свабоды, не рызыкуючы, што краіну захопіць Расія.

«Абяцанні ўвайсці ў Беларусь са зброяй, на маю думку, толькі кансалідуюць людзей улады вакол Лукашэнкі»

— Вы прывялі ў прыклад 80-я гады ў Польшчы. Польская апазіцыя тады выступала за дыялог з уладай. Але, у адрозненне ад Лукашэнкі, генерал Ярузельскі на яго пайшоў. І ён, хоць і не быў дэмакратам, усё ж не змагаўся з польскай ідэнтычнасцю, з мовай, не русіфікаваў Польшчу.

— Так, Лукашэнка не такі чалавек. Яго палітычная будучыня пасля ўсяго, што ён нарабіў, прадвызначаная. Ён не партнёр для перамоваў і дамоўленасцяў, нават калі і высылае такія сігналы. Дарэчы, на працягу апошняга года такіх сігналаў было некалькі.

Галоўнае пытанне цяпер у тым, ці згуртаваны цяпер уладны лагер у Беларусі, ці не пачынаюць ужо тыя людзі, якія вакол Лукашэнкі, думаць пра будучыню. Яны ўсе цудоўна бачаць, як развіваецца вайна паміж Расіяй і Украінай, і павінны разумець, што Расія можа аслабець. А гэта азначае, што меншай стане эканамічная і вайсковая падтрымка Беларусі.

Нездарма Лукашэнка паляцеў у Пекін. Я гэты візіт успрымаю менавіта як пошук новага патрона, які б мог эканамічна падтрымліваць гэты рэжым.

Я перакананы, што людзі з улады ўжо думаюць пра будучыню. І цяпер узнікае пытанне, ці адказвае на гэтую рэфлексію беларуская апазіцыя?

— З боку апазіцыі шмат гадоў гучалі заклікі да дыялогу, перамоваў. У тым ліку і за апошнія пару гадоў. Але яны цалкам ігнараваліся.

— Асноўнае пасланне, якое агучваюць розныя часткі апазіцыі цяпер, — гэта гатоўнасць да сілавой барацьбы. Абяцанні ўвайсці ў Беларусь са зброяй, на маю думку, толькі кансалідуюць людзей улады вакол Лукашэнкі. Парадаксальна, але такі наратыў не набліжае Беларусь да свабоды, а наадварот, узмацняе лагер улады. Яны пачынаюць адчуваць сябе як гангстар, якога прыціснулі да сцяны і ў якога толькі адзін шлях уцёкаў. Гэта, на маю думку, кідае Беларусь у абдымкі Расіі.

Я не хачу вырашаць за беларусаў, я магу толькі рэкамендаваць. На маю думку, сёння неабходна выклікаць падзелы ўнутры ўлады і набліжаць з'яўленне такой групы, з якой у будучыні можна будзе размаўляць пра пераход ад аўтарытарнай сістэмы да дэмакратычнай.

Гэта будзе доўгі пераход. І тое, што можа аб’яднаць частку ўлады і апазіцыі, — гэта якраз рэальная пагроза з боку Расіі. І чым больш Расія будзе бачыць сваё паражэнне ва Украіне, тым больш у яе будзе павялічвацца рашучасць, каб разабрацца з Беларуссю.

«У самым крайнім выпадку можа пачацца грамадзянская вайна»

— Сёння шмат у каго сярод апанентаў Лукашэнкі ёсць перакананне, што перамога Украіны акурат пазітыўна паспрыяе дэмакратызацыі Беларусі.

— Перамога Украіны не абавязкова павінна прынесці свабоду і незалежнасць Беларусі. У самым крайнім выпадку яна можа прынесці грамадзянскую вайну. Яна можа таксама прынесці агрэсіўныя дзеянні Расіі і выбар часткай рэжыму прарасійскага напрамку, як гэта было з Януковічам ва Украіне.

— Ці бачыце вы сярод лукашэнкаўцаў такіх людзей, якія былі б гатовыя да такога дыялогу з апазіцыяй?

— Каб размаўляць пра такі сцэнарый, неабходна зрабіць некалькі важных крокаў.

Спачатку апазіцыя павінна дамовіцца сама з сабой. Неабходна, на маю думку, выкарыстаць два элементы, злучаючы іх разам. Я маю на ўвазе міжнародную пазіцыю Святланы Ціханоўскай і пазіцыю палка Каліноўскага. Непаразуменні паміж Ціханоўскай і ПКК аб’ектыўна аслабляюць беларускі незалежніцкі рух.

Па-другое, неабходна дамагацца, каб краіны-суседзі Беларусі распрацавалі адзіную палітыку адносна пераменаў у краіне і таго, як яны будуць падтрымліваць Беларусь у будучыні. Я лічу вельмі кепскім, што абсалютна розныя сігналы сёння пасылаюць Варшава і Кіеў. Гэта таксама аслабляе ўплыў беларускай апазіцыі.

Па-трэцяе, неабходна, каб беларускае пытанне вярнулася ў парадак дня заходніх дзяржаў. Словы Байдэна ў Варшаве, які прыгадаў пра барацьбу беларусаў за свабоду, — гэта добры знак, але я не ўпэўнены, што Захад мае нейкае супольнае бачанне, якую палітыку неабходна праводзіць адносна Беларусі цягам месяцаў ці нават гадоў.

— Ці не пераацэньваеце вы ўплыў Захаду? Нават калі ў яго з'явіцца нейкая супольная палітыка, што гэта дасць?

— Захад павінен распрацаваць стратэгію эканамічных пераўтварэнняў у Беларусі, каб падрыхтаваць беларускую эканоміку да рынкавых рэформаў.

Чаму Лукашэнка перамог пратэст у 2020 годзе? Найперш таму, што адбылася тэлефонная размова з Пуціным, якая кансалідавала сілавы блок вакол Лукашэнкі. А па-другое, у Беларусі не ўдаўся страйк, у адрозненне ад Польшчы ў 80-я.

У Беларусі ён не ўдаўся, бо рабочыя разумеюць, што працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах, і ва ўмовах рынкавай эканомікі яны страцяць працу. А Захад і апазіцыя не маюць плана пераўтварэнняў. А гэта вельмі важна, бо такія працэсы вельмі балючыя.

У нас збанкрутавалі цэлыя галіны прамысловасці, якія былі нерэнтабельныя, беспрацоўе вырасла да 20%, а ўзровень жыцця быў вельмі нізкі. Парадаксальна, Польшча і іншыя дзяржавы рэгіёна маглі сабе дазволіць балючую трансфармацыю, бо ў іх не было агрэсіўнага суседа, які б хацеў скарыстаць гэтыя цяжкасці і напружанні.

І калі ў Беларусі пачнецца трансфармацыя эканомікі, то Расія гэта скарыстае для сваіх геапалітычных мэтаў. Расійскія паліттэхнолагі адкрыта гадамі гаварылі, што нават калі рэжым страціць уладу, то людзі рэжыму могуць пазней вярнуцца ва ўладу падчас дэмакратычных выбараў, выкарыстоўваючы праблемы ў эканоміцы і незадаволенасць людзей.

Менавіта таму Захад павінен мець праграму эканамічнай трансфармацыі Беларусі.

І апошняе, па ўсіх апытаннях мы бачым, што беларускае грамадства выступае супраць вайны, і прыхільнікі ўлады, і яе апаненты. Апазіцыя мусіць гэта ўлічваць. Бо калі яна кажа, што мы вернемся са зброяй у Беларусь, гэта не тое, чаго чакаюць беларусы. Я разумею, што гэты аргумент выкарыстоўваецца як інструмент ціску на ўладу, але калі гэта не суправаджаецца сцэнарыем беларускага круглага стала, то ўплыў апазіцыі можа быць неэфектыўны.

І пакуль уся гэтая праца не будзе зробленая беларускай апазіцыяй, ніхто не даведаецца, ці ёсць група ў лагеры ўлады, з якой можна дамаўляцца. Калі такіх людзей не будзе, тады сілавы сцэнарый застанецца больш праўдападобным. Але гэта лёс, якога, як мне падаецца, Беларусь павінна пазбегнуць любой цаной.

«У стратэгічнай геаграфіі Расіі Беларусь — найважнейшая дзяржава, больш важная, чым Украіна»

— Ці пачала б Расія вайну ў Беларусі, калі б узнікла імавернасць, што Беларусь сыходзіць з-пад кантролю Расіі?

— Не сумняюся, што менавіта так і было б. У стратэгічнай геаграфіі Расіі Беларусь — найважнейшая дзяржава, больш важная, чым Украіна. Па-добраму Расія не адмовіцца ад уплыву ў Беларусі, і гэта, у сваю чаргу, можа стаць прычынай ваеннага сцэнарыя: падзелу Беларусі або інкарпарацыі.

Дзякуючы кантролю над Беларуссю, Расія можа ўтрымліваць Калінінградскую вобласць. Пасля таго, як Фінляндыя і Швецыя далучацца да НАТА, гэтая вобласць можа ўтрымлівацца выключна сухапутным шляхам праз Беларусь. У выпадку гіпатэтычнай вайны сувязь магчымая таксама выключна праз Беларусь. Калі б Беларусь выйшла з-пад кантролю Расіі, то ўтрыманне ўсяго анклава і вайсковага кантынгенту страчвае сэнс. Тады магчымасці Расіі пагражаць Варшаве значна меншыя.

Беларусь — гэта не тая геаграфічная прастора, якой можна было б падзяліцца. Тут не можа быць супольнага інтарэсу паміж Расіяй і Захадам. Калі Расія кантралюе Беларусь, то яна пагражае Варшаве і Вільні, а таксама Украіне. А калі Беларусь кантралюе Захад, ці прынамсі гарантуе, што яна суверэнная дзяржава, тады пагроза ёсць для Масквы і Пецярбурга. Бо адлегласць да іх ад беларускай мяжы настолькі малая, што дазваляе хуткае перасоўванне.

Усё гэта паказвае, што кампраміс наконт Беларусі проста немагчымы, прынамсі не з сённяшняй Расіяй. Пачытайце прадстаўнікоў «Валдайскага клуба». Яны лічаць Беларусь найважнейшай сярод усяго, што расіяне хочуць кантраляваць. Страта Беларусі азначае для Расіі, што яна трывала выкінутая з еўрапейскай палітыкі. Яна ўжо не зможа пагражаць Украіне і краінам Балтыі. Таму расійскія эксперты Бардачоў і Лук’янаў адкрыта кажуць, што тое, што сёння адбываецца, — гэта суперніцтва Захаду і Расіі за кантроль над Цэнтральнай Еўропай.

І таму Расія не будзе глядзець склаўшы рукі, як беларусы здабываюць свабоду. Расія яшчэ дастаткова моцная, каб нарабіць шмат дрэнных рэчаў у Беларусі. І гэтая пагроза значна горшая, чым адсутнасць дэмакратыі ў Беларусі.

— Магчыма, Захад нічога з Беларуссю не робіць з адной прычыны — ён змірыўся, што гэта сфера ўплыву Расіі?

— Так думалі пра Беларусь на Захадзе, і дзесьці яшчэ гэта засталося. Гэты погляд палягае на тым, што яны спадзяваліся наладзіць добрыя адносіны з Расіяй, а праблему, ці будзе Беларусь часткай «рускага свету», ці часткай цывілізацыі Захаду, лічылі другаснай.

Але вайна мяняе гэты стан рэчаў. Пачала змяняцца палітычная кан'юнктура і бачанне бяспекі ў Еўропе. А Беларусь тут з'яўляецца ключом. І цяпер беларуская апазіцыя павінна гэтую кан'юнктуру скарыстаць.

З Першай сусветнай вайны Польшча выйшла незалежнай дзяржавай, а Арменія — не. Арменія мела не горшыя ўмовы, бо амерыканская палітыка гаварыла тады пра падзел Асманскай імперыі і пабудову Вялікай Арменіі. Але Арменія гэтую гістарычную баталію прайграла. Канец вайны і перамога ворага не заўсёды запускае рэалізацыю сцэнарыя, які мяняе сітуацыю да лепшага.

Чытайце таксама:

Свіння і парася. Вось чаму пры любых перамовах Захаду з Масквой пытанне нелегітымнасці мінскага кіраўніцтва будзе пастаўлена рубам

Каментары49

  • Праверце рахункі гэтага іксперта. Фсбшныя вушы тырчаць
    02.03.2023
    Пайшлі б вы на хер, аналітыкі. Маскалі і без дэмакратыі акупавалі РБ. Якая грамадзянская вайна, клоўн? Хунта, якая захапіла ўладу, ажыццяўляе генацыд. Гэта не супрацьстаянне грамадскіх плыняў.
  • Рыгалета
    02.03.2023
    Трэцiм будзiш?
  • Дзед
    02.03.2023
    Мае рацыю.. Ой мае...

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы5

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы

Усе навіны →
Усе навіны

У Лідзе затрымалі ўладальніка кавярні «Тутака»

Z-канал: Імаверна, Крыгер арганізоўваў дыверсіі ў Бранскай вобласці5

Раіла біць нагой у сківіцу кожнаму маскваротаму, называла акупацыю Марыупаля кармай — хто такая Ірына Фарыён, якую забілі ў Львове37

У Вілейскім раёне кіроўца пагрузчыка ледзь не ўрэзаўся ў пахавальную працэсію

Украіна спяшаецца стварыць ваенныя беспілотнікі са штучным інтэлектам1

Зяленскі павіншаваў Трампа з абраннем кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі і назваў яго прэзідэнтам7

30-хвілінны марынад для простага курынага шашлыка6

Як змяніць беларускія нумары на літоўскія. Што трэба і колькі каштуе працэдура?15

Ірына Фарыён памерла ў бальніцы15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы5

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы

Галоўнае
Усе навіны →