Інваліда з Пінска асудзілі да калоніі за карыкатуру на Лукашэнку
У судзе Пінскага раёна і г. Пінска 28 лютага абвясцілі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да мясцовага блогера Мікалая Клімовіча — адзін год калоніі. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі ў сатырычным малюнку, які ён размясціў у сацыяльнай сетцы, паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса, піша «Вясна».
Такі прысуд вынес суддзя Андрэй Бачыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча, нягледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч мае інваліднасць II групы па сэрцы. Мужчыну арыштавалі ў зале суда, бо да прысуду ён быў на волі.
Нядаўна Мікалая Клімовіча ўжо судзілі за падобныя дзеянні, але па адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.10 КаАП. За тое, што ў сацыяльнай сетцы аднакласнікі ён паставіў рэкцыю «смешна» пад карыкатурай на Уладзіміра Пуціна, намаляванага ў нацысцкай форме. Суддзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера вінаватым у распаўсюджванні нацысцкай сімволікі і прызначыў яму штраф у памеры 111 рублёў.
Увагу сілавікоў Мікалай Клімовіч прыцягнуў у снежні мінулага года. Тады яго затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. За кратамі блогер адсядзеў трое сутак, пасля яму стала дрэнна з сэрцам, бо ён мае інваліднасць. Міліцыянты перадалі яго лекарам на лячэнне і вызвалілі да суда.
Каментары