Кіраўнік МЗС Малдовы Ніку Папэску абвясціў пра выхад краіны з Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Міністр адзначыў, што паколькі Малдова ўзяла курс на ўступленне ў Еўрасаюз, то «выхад з СНД працягнецца».
Спачатку краіна скасуе некалькі дзясяткаў пагадненняў, заключаных у межах Садружнасці:
«Пачынаем дэнансацыю пагадненняў у межах СНД. Мы дапоўнім і апублікуем гэты спіс. Толькі паводле лініі МУС дэнансуем каля 20 пагадненняў».
Міністр адзначыў, што гэтыя дакументы «не актуальныя, або не працуюць, або іх не выкарыстоўваюць, або яны працуюць супраць інтарэсаў Малдовы»:
«Малдова далучыцца да Еўрасаюза, і ў яе абсалютна іншыя мэты замежнай палітыкі. Відавочна, што выхад з СНД або скасаванне гэтых пагадненняў, несумяшчальных з нашымі абавязаннямі, працягнецца».
Агулам, па словах Ніку Папэску, Малдова — удзельніца каля 330 пагадненняў у межах СНД.
Каментары