Лукашэнка назваў умовы прымірэння з Захадам: Дапамагайце і «не лезьце ў наш агарод»
На яго думку, Захад павінен дапамагаць, «не лезці ў наш агарод», узамен ён абяцае быць добрым партнёрам. Пра гэта ён заявіў сёння, адказваючы на пытанне амерыканскіх журналістаў аб тым, як ён ставіцца да таго, што яго лічаць дыктатарам.
Лукашэнка сказаў, што краіны Захаду хутка самі паклічуць дыктатуру, але яна ў іх «тупая».
«Тое, што вы на Захадзе думаеце, што тут дыктатура, — гэта мне ў плюс. Хутка вы самі паклічаце дыктатуру. Яна ў вас ёсць, толькі несправядлівая, скрыўленая, тупая-тупая. Вы ад яе ніколі не адыходзілі: ні ў Амерыцы… а на Захадзе поўная расхлябанасць: там ні дыктатуры, ні дэмакратыі — нічога няма. Мы ў Беларусі прымаем рашэнні па тых ці іншых пытаннях і вырашаем тыя ці іншыя задачы. Так, даводзіцца мне або ўмешвацца, або прымаць большасць рашэнняў. Калі вы лічыце гэта дыктатурай, Гасподзь з вамі. Гэта не дыктатура. Ніякай дыктатуры тут няма», — сказаў ён.
Яму ўсё роўна, што думаюць пра яго на Захадзе. Аднак ён хоча, каб краіны Захаду дапамагалі яму і не лезлі ў яго справы. Калі так будзе, то ён гатовы не ствараць праблемы.
«Мы краіну не разрабавалі, не раскралі. У мяне мільярдаў на рахунках вашых банкаў няма (праўда, вы кажаце ёсць, я вам кажу: забярыце). Недахопаў, напэўна, шмат. Вось наша краіна, мы ў ёй жывём, нікому праблем не ствараем. Не ваюем і ваяваць не збіраемся. Таму мне ўсё роўна, што вы скажаце пра мяне як пра чалавека і «дыктатара». Але мне неабыякава, што вы кажаце пра маю краіну. І я хачу, каб у нас былі нармальныя адносіны. Умова з майго боку адна: не лезьце ў наш агарод. Мы як-небудзь тут самі будзем разбірацца. Вы нам дапамагайце. Тады і «палітвязняў» не будзе, і іншых праблем у нас не будзе. Вы ствараеце. Вы хацелі ў 2020 годзе перакуліць краіну — мы вам не дазволілі, і я ў тым ліку. Таму не перашкаджайце нам жыць, а мы будзем для вас добрымі партнёрамі. Мы гатовыя зрабіць усё, што не супярэчыць нашым інтарэсам і інтарэсам нашых саюзнікаў. Калі вы не будзеце нас гнуць праз калена, мы хутка дамовімся», — сказаў на заканчэнне Лукашэнка.
Каментары