Культура11

Чаму варта схадзіць на «Пачупкі» ў РТБД?

Дзіця прыходзіць з раю. Там цёпла і светла, сытна і спакойна — пад аховай мамы. Усміхаецца… На здымках УГД відаць, як дробненькая пясчынка ператвараецца ў дзіцятка, якое спіць, падціснуўшы тварык ручкай. І ўсё было добра, але нейкая сіла растурбавала і прымусіла выйсці ў такі незразумелы свет — з абсалютнага святла, таму па жыцці чалавек ідзе, пераадольваючы цемру, нібыта адшуквае іскрынкі страчанага раю. Нараджэнне — шок для маленькага чалавека. І калі б не мамін голас…, піша пра спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі газета «Звязда».

Голас, спевы — падмурак спектакля «Пачупкі», паказанага ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Менавіта беларускі фальклор з радзіннымі песнямі ды калыханкамі задае і развіццё дзеі, і эмацыянальны складнік, і тон філасофскіх разваг пра сэнс прыходу чалавека ў жыццё. Да іх схіляе

атмасфера спектакля, створанага рэжысёрам Яўгенам Карнягам: без слоў, праз пластыку акцёраў ды вонкавы вобраз, дзякуючы мінімалістычнаму афармленню задаецца пэўны ўзровень абстракцыі. Няма канкрэтнага сюжэта, няма драматургічнай асновы ў выглядзе тэксту, які прамаўляецца. Ёсць спевы і рухі, з якіх паўстаюць асобныя мікрагісторыі, — як прапанова ад аўтара паразважаць і выбудаваць сюжэт ды ўласнае ўспрыманне ўбачанага.

Таму што ў кожнага свая гісторыя прыходу ў свет, свая сувязь з маці і адносіны з бацькам альбо боль за ўласных дзяцей, якія аднойчы прыйшлі ў свет, — дзеля чаго?

Якая тэма можа быць больш трапяткой, чым адносіны з маці? З той, якая любіць, загадзя рыхтуе калыску для немаўляці, выхоўвае на цацках ці добрых кніжках, люляе і ахінае пяшчотай з думкамі пра лепшую долю для дзіцяці. Ці з той, якая стараецца пазбавіць дзіця турбот, але свет непрадказальны і не абяцае бесклапотнага існавання: нават браты, народжаныя ў адной сям'і, падзяліць якіх, здаецца, немагчыма, могуць быць небяспечнымі адзін для другога. А колькі дзіцячых жахаў нас могуць суправаджаць па жыцці, ствараючы праблемы ўжо ў дарослым узросце! Ды і маці бываюць розныя: адна панічна баіцца страціць дзіця, а другая ў той час гатовая ад яго пазбавіцца ці кінуць, каб уладкоўваць сваё існаванне. І нават калі маці няма, калі яе замяняе бацька, застаецца нябачная знітаванасць з асобай, вобраз якой так ці інакш будзе ўплываць на лёс дзіцяці. Розныя абліччы маці, розныя значэнні гэтага слова ад простага да высокага, адпаведна, розныя пачуцці. Кожны з нас — дарослых і самастойных — па сутнасці працягвае заставацца дзіцем са сваім скарбам малечых успамінаў і мар.

І яны скажуць сваё слова, калі не адразу, то пасля спектакля будуць падказваць сэнс яго частак. Глядач — саўдзельнік дзеі, хоць і застаецца на месцы. Падчас прагляду працуе яго інтэлект, думка, душа, уяўленне, фантазія. Рэчы, дзіцячыя цацкі, дэталі — як падказкі ад стваральнікаў, у які бок рухацца і разважаць. Ключыкі, дзякуючы якім можна пераадольваць уласныя часавыя межы. Кожны прысутны выбудоўвае ўласную гісторыю — і кожная мае права быць, кожная будзе правільнай, цікавай, адметнай.

«Пачупкі» — назва сімвалічная, гэта як тыя самыя вяроўкі, на якіх гайдаецца калыска, а ў тэатральным варыянце раскручваецца і сінтэзуецца думка. Пазнавальны аўтарскі почырк Карняга, вядомы знаўцам і аматарам тэатра, неаднаразова адзначаны на фестывалях і конкурсах прафесійнымі прэміямі, у тым ліку нацыянальнай тэатральнай, яго спектаклі адзначалі як за рэжысуру, так і за эксперымент.

Дагэтуль у тым жа тэатры ідуць яго спектаклі, адзін з іх — «Шлюб з ветрам», прэм'ера якога выбухнула ў канцы 2019 года: сямейна-абрадавыя беларускія народныя песні, каханне, вяселле, надзеі на шчасце ў канцэптуальным выяўленні праз чорнае афармленне, дзе ў белым была толькі нявеста — надзейная і моцная, гатовая вынесці на сабе ўсё гэтае няпростае жыццё. «Пачупкі» — нібыта асобная гісторыя, хоць і сувязь прасачыць можна: у выніку шлюбу з'яўляецца дзіця. Да таго ж фальклор, стылістыка, вобразнае вырашэнне — хто бачыў папярэдні спектакль, цяпер здзіўляцца не будзе. А хто прыйшоў упершыню на «Пачупкі», адкрые для сябе тэатр алегорый, сімвалаў, метафар. Тэатр, які гаворыць пра вельмі тонкія інтымныя рэчы і нараджае здагадкі і думкі, якія так жа ціха і беражліва захаваеш у сабе — як агеньчык святла, якое так патрэбнае кожнаму з нас.

І тут яно ёсць. Парадокс: усё чорнае, але цемра не здаецца татальнай. На сцэне самыя яркія моманты, падсвечаныя знутры, больш выразна паўстаюць у змроку глядзельнай залы — цудоўны эфект.

Агульнае афармленне і чорны фон іх толькі падкрэслівае (мастачка Таццяна Нерсісян). Гэта моманты, звязаныя з самім чалавекам і развіццём яго душы — спачатку дзіцячай, пасля ў вострыя моманты дарослых перажыванняў ды спрэчак з наканаванасцю лёсу, бо ва ўмоўнай бессюжэтнасці насамрэч зафіксаваныя тры этапы, што праходзіць чалавек на зямлі: нараджэнне, жыццё і смерць.

«Чорнае на чорным», як часта кажуць пра гэты спектакль, — хутчэй наўмысна спрошчанае вызначэнне. Бо пра розныя адценні чорнага, пра яго бязмежнасць і касмічнасць, неспазнанасць і канцэптуалізм спрачаюцца з часоў «Чорнага квадрата» Малевіча.

Спектакль «Пачупкі» пашырае наша ўспрыманне чорнага, бо за ім вечнасць, бесперапынны кругаварот нараджэння і існавання чалавечых душ, якія мільгаюць нібыта іскрынкі-зорачкі ў неспазнаным Сусвеце. Чорная прастора «Пачупак» такая ж жывая, як Сусвет з яго галактыкамі, сузор'ямі і асобнымі планетамі: яна дыхае, рухаецца, поўніцца ценямі-зданямі, трансфармуецца і патанае ў гуках — іх рытмічнае чаргаванне здаецца часам рытмічным грукатам сэрца.

Акцёрскі ансамбль з дванаццаці выканаўцаў працуе як адзіны арганізм: кожны рух адточаны, кожны гук трапны. А стыльны чорны — адметнасць, якая ў спалучэнні з фальклорам і рытмам, што задае музычнае афармленне (праца Кацярыны Аверкавай), адразу ж сінтэзуюць канцэнтраваную эмоцыю, здольную агаломшыць ды загіпнатызаваць гледача. А пад гіпнозам уключаюцца такія глыбіні падсвядомасці, а ў іх столькі адценняў…

І зноў голас. Гэта мяне клічуць? Ці я клічу?.. Мамачка, ты? На адлегласці адчуваеш, як цяпер патрэбна тваё цяпло? Ведаю, ты можаш. Ты заўсёды магла наталіць. Выцягнуць з цемры ў часы выпрабаванняў, навучыць веры. Нават пасля хваробы ў сваім нямоглым стане працягваеш любіць. І шкадуеш, каб лішні раз не напружваць. Гаруеш-сумуеш, калі не бачымся. Не можаш сказаць, а я адчуваю, як табе балюча, але хочацца-хочацца-хочацца жыць. Дыхаць. Быць. Спадзявацца на працяг. Бо, які пакручасты ні выпадаў бы нам лёс, у ім ёсць моманты, напоўненыя святлом. Яны трымаюць і не дазваляюць растварыцца ў бессэнсоўнасці. Мая любая, усё, што магу і раблю, — з думкай пра цябе. Маё святло…

А ў нядзелечку параненечку
На небе зазвінела.
Сам Гасподзь ідзець,
ключыкі нясець,
Неба адмыкае.
А кума стаіць, дзіцятка дзяржыць,
У Бога шчасця просіць:
«А дай жа, Божа, гэтаму дзіцяці
Тры шчаслівых долі:
І хлебавую, і грашовую,
А трэцюю вянчальную».

Каментары1

  • хх
    25.02.2023
    чорнае на чорным... абязлічанныя акторы... без слоў...
    гэта, як наша жыццё пасля 20-22 гг.

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель5

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель

Усе навіны →
Усе навіны

Башар Асад вярнуўся ў Дамаск і рыхтуецца даць адпор паўстанцам16

Пратэсты ў Грузіі радыкалізуюцца: на вадамёты адказваюць феерверкамі і кактэйлямі Молатава23

Апошні рывок. Што будзе гэтай зімой на полі бою ва Украіне?2

Сяргей Бульба вінаваціць у арэндных праблемах сваёй арганізацыі мінулае кіраўніцтва. Тое ўсё адмаўляе19

У Лідскім раёне загарэўся цягнік2

«Могуць пайсці і знайсці іншага лоха!» Трамп перасцярог БРІКС ад спробаў увесці ўласную валюту14

Коля Лукашэнка расказаў, ці сядзіць ён у сацсетках17

«Лукашэнка ў Ісламабадзе». Найлепшыя твіты тыдня5

Перастрэлка адбылася ў раёне прэзідэнцкага палаца ў Дамаску6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель5

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель

Галоўнае
Усе навіны →