Лукашэнка прыдумаў, як фінансаваць тэатры, якія, паводле яго, «ў 2020 годзе выступілі за знішчэнне дзяржавы»
Аляксандр Лукашэнка патрабуе выйсці на роўнадолевае фінансаванне тэатраў. Пра гэта ён заявіў на нарадзе з кіраўніцтвам урада, піша БелТА.
Лукашэнка настойваў на тым, што фінансаванне павінна быць роўнадолевым: бюджэтныя субсідыі павінны быць роўныя аб'ёму сродкаў, заробленых тэатрам самастойна.
«Якія вы яшчэ грошы ў мяне просіце? 50% мы даём тэатрам датацыю. Тым тэатрам практычна, якія ў 2020 годзе выступілі за знішчэнне дзяржавы. Што вы зрабілі, каб выканаць маё даручэнне? Усе выконвалі: ад міністра культуры, старшынь гар-, аблвыканкамаў да Качанавай. Усе хадзілі вакол тэатра, прыйшлі і кажуць: «грошай мала». Што вы просіце?» — сказаў Лукашэнка.
У праекце ўказа, прапанаваным Лукашэнкам, роўнадолевае фінансаванне прадугледжвалася толькі для аплаты артыстаў і мастацкага персаналу, стварэння новых пастановак, гастроляў, выплаты аўтарскіх адлічэнняў.
«Другое, што вы прапануеце, каб я заплаціў за ўтрыманне і выкарыстанне ў поўным аб'ёме за кошт бюджэтных сродкаў дзяржмаёмасці тэатра, уключаючы аплату працы служачых і рабочых, камунальныя паслугі, тэхнічнае абслугоўванне будынкаў і збудаванняў, добраўпарадкаванне тэрыторыі (дрэвы буду садзіць за вас…) і рамонт абсталявання і транспарту. Хіба тэатр будзе перажываць з нагоды транспарту, нейкага абсталявання? За гэта ж заплацяць з бюджэту. Якое ж тут стымуляванне. Мы ж сабраліся, каб лепш зрабіць. А вы мне прапануеце сёння вось гэты бардак узаконіць», — дадаў ён.
Старшыня КДК Валерый Герасімаў расказаў, што праект прадугледжвае, што бюджэт будзе выдзяляць грошы на пастаянныя выдаткі, а ўсё астатняе будзе фінансавацца па прынцыпе: колькі тэатр зарабіў, столькі яму і даплацілі. «Мы будзем фінансаваць пастаянныя выдаткі, а ў пастаянных выдатках конь не валяўся», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка, у сваю чаргу, даручыў працягнуць працу над праектам.
Каментары
— Да дурака валяние… Разговаривают, разговаривают… Контрреволюция одна.
(с)