Ужо некалькі тыдняў чытачы CityDog.io паведамлялі ў рэдакцыю, што «Іржавы мост» праз Свіслач ізноў закрыты. Выданне праверыла — сапраўды аказалася так.
Узвядзенне моста ад Зыбіцкай да былой другой гарадской бальніцы было запланавана ў рамках забудовы гатэля Hilton, які з'явіўся на месцы былой бальніцы ў сценах Траецкага манастыра базыльянак.
На этапе праектавання кампаніяй Varabyeu Partners да гэтага моста адразу прыляпілася назва «іржавы»: агароджа выканана з картэнавай сталі, колер якой нагадвае ржу. Насамрэч матэрыял не стары, і, як распавядалі спецыялісты, яго павінны пакрыць адмысловым рэчывам, дзякуючы якому сталь не будзе падвяргацца карозіі, а канструкцыі з яе не будуць пакідаць разводаў і падцёкаў.
Адкрылі мост у сярэдзіне кастрычніка мінулага года і праз некалькі дзён праход па ім чамусьці закрылі. Праз месяц у афіцыйным твітар-акаўнце адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска вырашылі растлумачыць, што ж здарылася. Па словах уладаў, мост перакрылі на час будаўніча-мантажных работ «па ўладкаванні навясных канструкцый», якія павінны былі скончыць да 25 лістапада.
Потым мост працаваў яшчэ нейкі час, але цяпер кажуць, што праход па ім зноў закрыты — і зноў без афіцыйнага тлумачэння прычын.
Гэтым разам высветлілася, што ўлады чарговы раз закрылі мост з-за будаўніцтва гатэля. Закрылі, праўда, так, што гараджане спакойна адсоўваюць агароджу, каб прайсці на другі бераг. Хоць рабіць гэта небяспечна, бо ў раёне будоўлі пастаўленыя будаўнічыя краны і пастаянна вядуцца работы. Ды і тая самая «навясная канструкцыя», з-за ўстаноўкі якой мост закрылі першы раз, выглядае даволі жахліва.
Ніякіх папераджальных надпісаў аб небяспецы або тэрмінах правядзення работ на іх месцы заўважана не было. Як і кантактнай інфармацыі, хто гэтую будоўлю кантралюе.
Каментары