Ламайце планы. Доўгатэрміновае планаванне не працуе, калі гаворка пра сяброўства
Кавід, вайна ва Украіне і некалькі хваляў эміграцыі моцна паўплывалі на нашу здольнасць будаваць доўгатэрміновыя планы. Выйсцем для людзей стала рашэнне нічога не планаваць надоўга, усё вырашаць па сітуацыі. У тым ліку і сустрэчы з сябрамі. І, як адзначаюць псіхолагі, такая звычка можа істотна ўмацаваць адносіны, бо, у адрозненне ад загадзя запланаваных, спантанныя сустрэчы не пераносяцца і не адмяняюцца.
Радасць нечаканай сустрэчы
Чым больш сябры Рашыд Аджаму і Шантэль Хэйвенс дамаўляюцца пра сустрэчу, тым больш шанцаў, што ў выніку яна не адбудзецца. Часта ў запланаваны час ніводзін з іх не хоча ісці або адбываецца нешта, што перашкаджае планам ажыццявіцца, расказвае іх гісторыю WSJ.
Але нядаўна спадарыня Хэйвенс нечакана атрымала выхадны. Яна напісала Рашыду: «Ці ёсць шанец, што ты цяпер вольны?» — і атрымала радасную згоду. Сябры сустрэліся падчас абеду, каб за фетучыні кампенсаваць усё страчанае ў зносінах за апошні час.
«Гэта зараджала энергіяй і было чымсьці новым, бо я не планаваў дзень такім чынам, — згадвае Рашыд. — Гэта была цудоўная сустрэча».
Як спантанная дамоўленасць можа ўмацаваць сяброўства
Незапланаваныя спатканні і нечаканыя рашэнні, чым заняцца падчас гэтых спатканняў, дазваляюць сябрам зблізіцца, дзякуючы адчуванню навізны і адкрыцця, а таксама патрэбе вывучыць штосьці новае, адзначаюць псіхолагі.
Спантанныя запрашэнні па сваёй сутнасці рызыкоўныя, бо ёсць высокая верагоднасць, што запрошаны будзе заняты. Але сама па сабе просьба сведчыць пра веру ў трываласць сяброўства і гатоўнасць быць больш уважлівымі адно да аднаго.
Адкладанне дамоўленасці бліжэй да даты спаткання дапамагае прадухіліць скасаванне яго ў апошнюю хвіліну. Так, у таго, хто плануе, больш кантролю над тым, колькі ў яго сіл і энергіі для спаткання.
«У розны час вы ў рознай ступені адкрытыя для камунікацыі і вы не ведаеце загадзя, як будзеце сябе адчуваць», — кажа Джыліян Сандстэм, псіхолаг і лектар Сасекскага ўніверсітэта ў Вялікабрытаніі, чые даследаванні сканцэнтраваныя на выпадковых сацыяльных узаемадзеяннях.
Сямейныя тэрапеўты часта раяць жанатым кліентам разам паспрабаваць незнаёмыя і спантанныя заняткі, каб удыхнуць новае жыццё ў адносіны. Сябрам можа быць карысная тая ж парада.
Хто гатовы да сустрэчы ў апошнюю хвіліну?
Псіхолагі кажуць, што спантанныя сустрэчы лепш за ўсё падыходзяць для моцнага сяброўства з трывалым падмуркам. А будаваць планы загадзя лепш са знаёмымі і людзьмі, з якімі вы страцілі сувязь.
Некаторыя асобы — інтраверты і людзі з пэўным тыпам сацыяльнай трывожнасці — заўсёды аддаюць перавагу планаванню. Але нават яны могуць атрымаць карысць са спантаннага сацыяльнага ўзаемадзеяння. І нават самыя занятыя сябры ацэняць такія намаганні.
«Часта мы думаем: «Людзі не хочуць, каб я іх турбаваў, і я не хачу ўмешвацца ў іх жыццё». Але насамрэч гэта цэніцца», — кажа Джыліян Сандстэм. Па яе словах, гэта акт дабрыні — звярнуцца да іншага чалавека, паказаць, што ён мае для цябе значэнне.
Каментары