Беларускі клуб абвясціў пра пераход свайго футбаліста ў польскую каманду, а там пра гэта нічога не чулі
Кіраўніцтва клуба другой лігі «Вялес-2020» дзеля нейкіх сваіх мэт пайшло на дзіўную містыфікацыю: яно афіцыйна аб'явіла аб пераходзе свайго брамніка Ільі Маталыгі ў польскі клуб чацвёртага дывізіёна, пра што ў тым самым клубе ніхто ні сном ні духам, піша «Прэсбол».
Ілья Маталыга далучыўся да віцебскай каманды вясной 2022 года, а восенню нібыта адправіўся на легіянерскі хлеб у клуб «Палонія» з чацвёртага дывізіёна чэмпіянату Польшчы. Паведамленне пра пераход з'явілася ў сацсетках «Вялеса», аўтарытэтны сайт transfermarkt таксама змяніў клубную прапіску брамніка, а ў выніку аказалася, што гэта ўсё нейкая містыфікацыя.
Паводле сведчання іншага беларускага брамніка, Марка Барсукова, які гуляе ў той камандзе: «Ніхто: ні трэнер, ні дырэктар — нічога не чуў пра гэта. Таму з упэўненасцю магу сказаць, што Маталыга тут не гуляе. І яго тут ніколі не было».
Паводле сведчанняў крыніц з самога клуба, гэты фінт быў ініцыяваны дырэктарам клуба Аляксандрам Шако. Менавіта ён нібыта папрасіў дазвол у брамніка для публікацыі аб яго пераходзе ў польскі клуб, а сам Ілья быў не супраць, хоць у той час знаходзіўся ў Беларусі. Цяпер Маталыга сапраўды ў Польшчы, але з'ехаў туды па сямейных абставінах.
Таксама высветлілася, што падобныя рэчы для каманды не ў навінку. Пост аб пераходзе Матылыгі ў «Вялес» у свой час таксама быў зроблены значна раней за ўласна ягоны прыход у каманду.
Якія менавіта пытанні вырашае такім чынам кіраўніцтва клуба — яшчэ належыць высветліць.
Каментары