У Неапалі затрымалі беларуса па запыце беларускіх уладаў. Што вядома?
Ордар на арышт быў выдадзены беларускімі ўладамі 1 снежня 2020-га.
Беларус Уладзіслаў Гірыс разам з жонкай жыве ў Польшчы з 2019 года. Там у мужчыны свая фірма — ён уладальнік таксі.
У Неапаль пара прыехала 7 лютага, на наступны дзень яны ўжо былі павінны вяртацца ў Польшчу.
«Былі ўвечары ў апартаментах. Прыйшла паліцыя, каб праверыць нейкія даныя, потым сказалі, што яго забіраюць. Надзелі на яго кайданкі і павезлі. Мяне з сабой не ўзялі, далі адрас, куды яны яго вязуць.
Паехала за імі. Але там мяне не пусцілі, вярнулася ў апартаменты. Праз пару гадзін патэлефанаваў муж, сказаў, што ў яго ўзялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі. Я спытала, ці звязана гэта неяк з Беларуссю, ён адказаў «так». І наша размова на гэтым скончылася», — расказала жонка Уладзіслава праекту «1906».
У жонкі Уладзіслава ёсць польскі від на жыхарства, у мужа — гуманітарная віза.
Па словах жанчыны, апошні раз яны былі ў Беларусі ў лютым 2020-га.
«Візу яму мы рабілі ў Кіеве, заканчвалася яна ў яго 10 лютага. Таксама муж падаўся на польскі від на жыхарства, — кажа яна. —
Паліцыя патлумачыла толькі, што муж знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі. Яго хочуць экстрадаваць. У Польшчы Улад удзельнічаў у беларускіх акцыях, мітынгах.
Беларускі консул сказаў, што гэта сапраўды зроблена на запыт Беларусі. Ці звязана гэта з палітыкай, дакладнага адказу ён даць не здолеў».
На сайце паліцыі Неапаля паведамілі, што «8 лютага ў раёне П'яцца Муніцыпіа быў часова арыштаваны 27-гадовы грамадзянін Беларусі з мэтай экстрадыцыі».
«Быў атрыманы ордар на арышт, ён выдадзены беларускімі ўладамі 1 снежня 2020 года за махлярства», — напісана на сайце.
Вядома, што ў 2019 годзе Уладзіслаў у Беларусі быў прызнаны вінаватым у ДТЗ і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу. Гэта вынікае з дакументаў, якія прадставіла яго жонка.
Як высветлілася пасля, ДТЗ прызналі пастановачным. Яно было здейснена з мэтай атрымання страхавой кампенсацыі. Была распачата крымінальная справа па частцы 3 артыкула 209 КК («Махлярства, здзейсненае ў буйным памеры»). На самім судовым паседжанні беларуса не было, бо ён ўжо жыў у Польшчы, прысуду яму не выносілі.
У якім статусе па той справе праходзіў беларус, не вядома.
Каментары