Тэлефонныя махляры падманулі 105-гадовую жанчыну на 37 тысяч даляраў
Колькасць грашовых махлярстваў у Беларусі ў 2022 годзе вырасла ў два разы ў параўнанні з 2021-м. А кожнае дзясятае злачынства было звязанае з тэлефоннымі званкамі пенсіянерам і старым грамадзянам з паведамленнямі пра тое, што іх сваякі сталі вінаватымі ў ДТЗ.
Толькі ў мінулым годзе падманулі тры тысячы пенсіянераў, піша «Спутнік».
Сума шкоды менавіта ад гэтага віду махлярства склала ў 2022-м амаль 9 млн рублёў. Пры гэтым вернута назад толькі 600 тысяч рублёў.
Да прыкладу, у Мінску жанчына 1935 года нараджэння, каб вызваліць ад крымінальнай адказнасці сына, нібыта вінаватага ў здзяйсненні ДТЗ, перадала ашуканцам 21 тысячу даляраў, 200 еўра і 11 тысяч рублёў.
У Гродне 85-гадовая жанчына аддала ашуканцам больш за 150 тысяч даляраў і 125 тысяч еўра, каб яе ўнучку не прыцягнулі да адказнасці за ўдзел у ДТЗ.
А 105-гадовая жанчына такім чынам пазбавілася 37 тысяч даляраў.
За мінулы год былі ўстаноўленыя 242 махляры (гэта так званыя кур'еры, бо арганізатары не знойдзеныя), 75 крымінальных спраў накіравана ў суд.
«Аб'ектыўна раскрыць гэтыя злачынствы вельмі складана, таму што іх арганізатары знаходзяцца за мяжой — як правіла, у Расіі ці на Украіне», — адзначыў у чацвер на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшы пракурор упраўлення Генпракуратуры Вячаслаў Бабашынскі.
Каментары