Вайна3131

«Калі я выйду з дзяржаўным сцягам Беларусі, дык мяне тут пасякуць на кавалкі». Беларуска з Чарнігава пра Лукашэнку, знікненне дыпламатаў і пасівелага ката 

«Не хачу, каб беларускі народ зазнаў тое, што я», — кажа беларуска Галіна Варажбіт, якая перажыла 40-дзённую аблогу Чарнігава. Вайна змяніла яе стаўленне да рэжыму Лукашэнкі. «Мяне дакаралі ў каментарах, што раней я яго абагаўляла. Так было, чаго хаваць».

Галіна Варажбіт. Фота: сямейны альбом

«Усё тут рускія патрушчылі»

Галіне Варажбіт (у дзявоцтве Шаховіч) — 64 гады. Яна нарадзілася ў Крывічах, мястэчку ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. У Смілавічах скончыла сельскагаспадарчы тэхнікум, а потым у Кіеве — сельскагаспадарчую акадэмію. Выйшла замуж за ўкраінца, які вучыўся разам з ёю.

Да пенсіі працавала ў кіруючых структурах сельскай гаспадаркі Чарнігаўскай вобласці. Апошнія 20 гадоў кіруе нацыяльна-культурным таварыствам «Сябры».

Чарнігаў пасля расійскіх абстрэлаў. Фота: Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацый Украіны

На пачатку гутаркі суразмоўніца папярэджвае, што тэлефонная сувязь можа перарывацца, бо ва Украіне праблемы з электрычнасцю.

«К… [абразлівая назва расіян] разбамбілі ў буйных гарадах электрастанцыі. Раней электрычнасць прадавалі за мяжу, а цяпер эканомім, але вайна ёсць вайна. Цешымся, што хоць патроху даюць электрычнасць», — расказвае пра рэаліі жыцця.

«Дакаралі ў каментарах, што раней я абагаўляла Лукашэнку»

Да вайны беларусы рэгулярна наведваліся ў Чарнігаў на закупы. Хадзілі па крамах і дзівіліся з нізкіх цэн.

«Куплялі ў нас усё, і беларусаў тут чакалі, — згадвае Галіна. — Не было, каб іх хто зняважыў. Тут жа не дужа заможна людзі жылі. У Беларусі заробкі былі большыя».

Па словах суразмоўніцы, да вайны ва Украіне вельмі шанавалі Лукашэнку. Яна не сустракала ў Чарнігаве чалавека, які б пра яго выказваўся негатыўна.

«Украіну троху раскрадалі. Дык, можа, хацелі такога гаспадара, як Лукашэнка. Можа, і дыктатуры не хапала, — мяркуе яна. — Я ездзіла ў Беларусь. Там жа парадак. У пасольстве любое пытанне рашалася. Касцюмы заказалі — калі ласка, праз год зробяць. Вучобу для нас арганізоўвалі ў Беларусі. Паказвалі беларускую культуру».

Калі пачалася вайна, Галіна Варажбіт звярнулася са сваёй старонкі ў фэйсбуку да Лукашэнкі.

«Аляксандр Рыгоравіч, прашу, неадкладна спыніце агрэсію Расіі, звяртаецца да вас чарнігаўская дыяспара беларусаў, — згадвае свой допіс беларуска. — Мяне дакаралі ў каментарах, што раней я яго абагаўляла. Так было, чаго хаваць».

«Думалі, са скуры лезуць»

У 2020 годзе прапагандысты пацікавіліся ў Галіны Варажбіт пра яе стаўленне да пратэстаў, і яна сказала, што «ёй балюча глядзець на тое, што адбывалася ў Беларусі». Дзяячка дыяспары настойвала, што дзякуючы Лукашэнку і ўраду жыццё ў Беларусі лепшае, чым ва Украіне. 

«Мне хочацца сказаць сваім землякам: перастаньце выходзіць на мітынгі, шануйце тое, што вам дадзена Богам. Таму што, калі вы цяпер упусціце момант, то потым не нагоніце», — настойвала актывістка беларускай дыяспары.

«На той момант гэта сапраўды была мая пазіцыя. Але ўсё змяніла вайна», — кажа цяпер Галіна Варажбіт.

У Чарнігаве праходзілі акцыі салідарнасці з беларускімі пратэстоўцамі. Фота: ukrinform.ru

Прызнаецца, што ёй «было шкада Лукашэнку, і яна думала, што не можа ён фальсіфікаваць вынікі выбараў».

На яе погляд, многія ўкраінцы былі абыякавыя да беларускага пратэсту.

«У нас тады было з чым параўноўваць, — тлумачыць яна. — Калі пачаліся пратэсты, то тут казалі, што беларусы са скуры лезуць, няхай бы пажылі ва Украіне. Але ўкраінцы былі свабаднейшыя і маглі выказвацца без страху быць арыштаванымі».

Ратавалі закаткі і бульба

Галіна расказвае пра перажытае ў вайну.

Заўважае, што сёлета зіма не сцюдзёная, як год таму. Тады маразы былі пад 15 градусаў і людзі 40 дзён аблогі пад абстрэламі сядзелі ў холадзе. Вады не было дзе набраць, бо за паўтара месяца не выпала ні кроплі дажджу. Даводзілася, рызыкуючы жыццём, выбірацца да калонкі за некалькі сот метраў ад дома.

«Усё патрушчылі тут рускія, — расказвае жанчына. — Разбамбілі водаканал, ЦЭЦ, якая ацяпляе горад, бальніцу, сады, жылыя дамы. На ўскрайку быў прытулак з 60 жывёламі, дык і яго знішчылі. Па могілках на танках ездзілі. Царкву Маскоўскага патрыярхату на гэтых могілках разбурылі. Стары Траецкі сабор у самім горадзе пашкодзілі».

У хаце Галіны Варажбіт перабывала аблогу 16 чалавек: яна з мужам, іхнія трое дзяцей з унукамі, а таксама знаёмыя — беларусы і ўкраінцы, якім не было куды падзецца. У хаце разам з дарослымі было чацвёра дзяцей. 

«Можна сказаць, зімавалі ў склепе», — дзеліцца Галіна.

Крамы не працавалі, купіць прадукты не было дзе. Ратавалі закаткі, якіх гаспадыня нарабіла небывала шмат, ды запас бульбы, капусты, яблык.

Беларуская суполка «Сябры» на імпрэзах да вайны. Фота: Галіна Варажбіт

«Дзякуючы гэтай кансервацыі мы і выжылі. Усе запасы падчысцілі. Замест вады пілі сокі, кампоты».

Раней вырашчанае на лецішчы ішло на прэзенты ўдзельнікам імпрэз, якія праводзіла беларуская суполка. На іх прыходзілі паспяваць і патанцаваць беларусы. 

«Хто падобнага не перажыў, не зразумее»

У Галіны Варажбіт не было прадчування, што набліжаецца вайна. Яна нават запэўнівала брытанскага журналіста, што з боку Беларусі агрэсіі не будзе.

«Давала галаву на адсячэнне. Успамінала Хатынь. Цяпер штодня каюся», — прызнаецца жанчына.

24 лютага, калі расійскія войскі атакавалі Украіну, у Галіны здарыўся нервовы зрыў. Выратаваў карвалол, набыты для 90-гадовай маці, якая перанесла інсульт.

Чарнігаў. Мясцовы жыхар шукае загінулых родзічаў. Фота: Калян Пастыка / hromadskе

«Колькі жыву, не было такой стэнакардыі. А тут сэрца выскоквала, асабліва калі самалёты над нашым пасёлкам ляталі. Нешта са мною тады зрабілася. Чатырнаццаць дзён не магла нічога есці. Сваім пастаяльцам гатавала, а сама сядзела дзень і ноч за малітваю», — згадвае суразмоўніца.

Чарнігаў расійскія войскі 40 дзён намагаліся захапіць і штодня абстрэльвалі.

«Палову вуліцы разбамбілі з самалётаў, якія ляцелі з боку Беларусі. Ракеты таксама з радзімы ляцелі. Чарнігаў моцна разбурылі. Амаль усе масты ўзарвалі рускія», — расказвае Галіна Варажбіт.

На пачатку вайны ў беларускай грамадзе горада было больш за 100 сяброў. Не ўсе перажылі аблогу.

«Людзі сутыкнуліся з вялікім стрэсам. Цяжка жыць, калі над тваёй хатай ляцяць снарады. Не ведаеш, ці пацэліць ён у яе, ці праляціць міма. Усялякія хваробы абвастрае стрэс. А бомба не разбірае, хто ўкраінец, а хто беларус. Хто падобнага не перажыў, не зразумее».

Чарнігаў. Прыватны сектар горада пасля расійскіх абстрэлаў. Фота: Калян Пастыка / hromadske

Галіна кажа, што тры яе суседкі атрымалі кантузію. Адна нібыта крыху ачуняла, а другую пахавалі. У суседскага шасцігадовага хлопчыка зʼявіліся сівыя валасы.

«Коцік да нас прыбіўся. Чорны-чорны, але і ён пасівеў, не паверыце. Ніколі не бачыла, каб на галаве ў ката былі сівыя валасы.

А ўжо сабакі брахалі, вылі. Зайду ў ванны пакой, каб не ніхто перашкаджаў маліцца, а сабакі не даюць супакоіцца. Так яны баяліся».

«Бывае сорамна, што беларуска»

Галіна сябравала з Таццянай Дзяменнікавай, кіраўніцай мікалаеўскага таварыства беларусаў «Голас Радзімы», якая загінула ў будынку абласной ваеннай адміністрацыі. У яго пацэліла расійская ракета.

«Таццяніна арганізацыя была адной з самых дзейных. У яе быў і фальклорны ансамбль. У 2022 годзе Таццяна мела адзначыць 60-годдзе. Пахавалі яе ў Мікалаеве. У Беларусі засталіся сястра, маці. Маму хацела забраць ва Украіну. З Беларусі прывезла мне беларускіх лялек, цяпер гляджу на іх і згадваю сяброўку», — кажа Галіна Варажбіт.

Галіна Варажбіт (справа) і Таццяна Дзяменнікава з медалямі да 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы. Фота: альбом Галіны Варажбіт

Па словах Галіны, пасля «эвакуацыі» беларускага пасольства з Кіева на сувязь яго супрацоўнікі з дыяспарамі не выходзілі.

«Хоць бы пазванілі ды пацікавіліся, як мы тут, ці жывыя. У іх жа ёсць нашы кантакты», — абураецца беларуска.

Жыццё ж у беларускіх дыяспарах спынілася, адзначае яна.

«Цяпер ніякіх імпрэз не праводзім. Калі я выйду з дзяржаўным сцягам Беларусі, дык мяне тут пасякуць на кавалкі.

Каля 60 ракет прыляцела з Беларусі толькі за адзін дзень па Украіне (размова пра абстрэл з 24 па 25 чэрвеня 2022 года. — НН). Уявіце, колькі пацярпела людзей ад іх. Раней мы са сцягам хадзілі на фестывалі, на выставы. Былі ў беларускіх строях. Было прыгожа. Мы стараліся, рабілі бясплатна, ад душы. Вайна ўсё змяніла».

Падарунак Таццяны Дзяменнікавай чарнігаўскай суполцы беларусаў. Фота: Галіна Варажбіт

Галіне Варажбіт бывае сорамна, што беларуска, хоць свайго паходжання ні ад кога не хавае.

«Кажу, што я ж не вінаватая. Мы сваёй творчасцю паказвалі, што беларусы, украінцы жывуць па-суседску і не хочуць варажнечы. Ва Украіне ніхто не чакаў, што з Беларусі прыйдзе бяда».

Вайна змяніла погляды Галіны. Цяпер яна ганарыцца не Лукашэнкам, а палком Каліноўскага і партызанамі, якія спрабавалі спыніць цаною зняволення цягнікі з расійскай вайсковай тэхнікай.

Жанчына хоча, каб вайна хутчэй скончылася.

«Не хачу, каб беларускі народ зазнаў тое, што перажыла я, — адзначае яна. — Каб не ведалі такога гора, якое прынеслі нам рускія. Такога не зычу і ворагам».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Як выглядае і чым жыве Чарнігаў пасля аблогі — вялікі ФОТАРЭПАРТАЖ

Фатограф зладзіў чарнігаўскім выпускнікам незвычайную ФОТАсесію

«Тры краіны сябравалі гадамі. Цяпер усё скончылася». Як жыве ўкраінская вёска на мяжы з Расіяй і Беларуссю

Каментары31

  • Мітрафан
    11.02.2023
    Выходзь з нацыянальным сцягам! Ці твой толькі "дзяржаўны"?
  • BLR
    11.02.2023
    Прыкра калі чалавеку каб зразумець хто есьць хто трэба апынуцца пад бамбежкамі
  • Мора
    11.02.2023
    «Кажу, што я ж не вінаватая»
    Не, жанчынка, менавіта ты вінаватая. Праз тое што размаўляла с прапагандыстамі, выпраўдовывала гвалт ды распаўсюджывала наратыў які “саня добры гаспадар”. Менавіта праз такіх як ты гэтая вайна і здарылася, менавіта праз такіх як ты ў Беларусі адбываецца тое што адбываецца.
    Дыктатуры ёй не хапала, ***

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем4

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Усе навіны →
Усе навіны

Гайдукевіч сцвярджае, што сабраў 200 тысяч подпісаў10

На Каляды пачынаецца завочны суд над комікам Славам Камісаранкам. Яму пагражае да пяці гадоў

Мінімальны заробак вырасце ў Беларусі з 1 студзеня

«Пачаліся гучныя выбухі, ажно шыбы трэсліся». У Бараўлянах згарэла аўто

Google адключае манетызацыю відэа і рэкламы для карыстальнікаў з Беларусі5

Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы7

Ціманоўская пра жыццё ў ЗША: Жудасная ежа і агідны сэрвіс69

Мазыранцы зрабілі няўдалую пластыку, яна падала пазоў на 100 тысяч рублёў1

Сёння даляр падаражэў на пяць капеек

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем4

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Галоўнае
Усе навіны →