Грамадства33

«Пасажыраў можна класіфікаваць на дзве групы: нармальныя і ненармальныя». Таксіст расказаў пра незвычайныя здарэнні ў сваёй практыцы

Мы часта маглі чуць негатыўныя водгукі ў адрас кіроўцаў таксі. Адным не падабаюцца навыкі кіравання і грубасць, іншым — недарэчныя размовы. Але які адваротны бок медаля? З якімі складанасцямі сутыкаюцца кіроўцы і якія пасажыры найчасцей ім трапляюцца? На гэтыя і іншыя пытанні Blizko.by адказаў Уладзімір — кіроўца Яндэкс.Таксі, для якога гэты занятак — не асноўны спосаб заробку.

Па словах Уладзіміра, за мінулы год ён праехаў на машыне ўсяго 5000 кіламетраў. І прызнаецца, што любы іншы кіроўца, для якога таксі — гэта асноўная праца, пакруціў бы пальцам ля скроні са словамі: «Хлопец, я столькі за тыдзень праязджаю».

Тым не менш, за год такой працы Уладзімір змог асабіста даведацца і пабачыць, наколькі розныя бываюць людзі, іх паводзіны і ў цэлым стаўленне да кіроўцаў таксі.

«Дзве бабулі біліся на лавачцы, а пасля адна з іх вырвала ручку ў машыне»

«Я прыехаў на пазначаны адрас і бачу, што на лавачцы сядзяць і лаюцца дзве бабулі. А праз пару хвілін пачынаюць па-сапраўднаму біцца! — распавядае Уладзімір. — Я спакойна чакаў пасажыра, і тут адна з іх падбягае, садзіцца да мяне ў машыну са словамі: «Паехалі». Другая ў гэты момант не стаіць на месцы: таксама падбягае, садзіцца ў машыну і працягвае біцца. Адна з іх моцна схапіла ручку дзверцаў і крычыць: «Давай, сынок, рухайся, газуй!» — і ў гэты ж момант выломлівае яе. Шкоду мне ніхто не кампенсаваў, зразумела. Што ўзяць з гэтай бабулі?

І гэта не адзінкавы выпадак. Аднойчы хлопец вырваў ручку, калі ў машыне былі зафіксаваныя замкі. Я ўбачыў, як ён стаіць з ёй у руках, а ён у адказ кажа: «У вас тут паламалася». «Крута!» — сказаў я яму. Пакуль выходзіў, каб ацаніць маштаб паломкі, ён ужо паспеў уцячы, а потым я ўбачыў паведамленне ў дадатку, што заказ адменены».

«Я вас усіх пакараю, выведу на чыстую ваду»

«У пераднавагоднія дні заўсёды адбываецца шмат гісторый з пасажырамі. Распавяду адну, якая запомнілася.

Мужчына садзіцца ў машыну і адразу пачынае казаць, што ўсіх кіроўцаў ён ведае як аблупленых, і яны не змогуць яго падмануць. Прасіў спыніць каля аддзялення міліцыі са словамі: «Я вас усіх пакараю, выведу на чыстую ваду».

Спачатку я ўспрымаў гэта лаяльна. «Едзеш п'яны, ну, нічога страшнага», — думаў тады я. Маршрут быў пабудаваны з Серабранкі да Малінаўкі і пасля заканчэння паездкі ён заяўляе, што ўжо ўсё аплаціў, а я павінен яму аддаць рэшту. Хутка сцяміўшы, аднак, што аўтобусы ўжо не ходзяць, зразумеў, што трэба выбіраць іншую стратэгію: знайшоў у сябе ў кішэнях 20 рублёў, аплаціў, сказаўшы пад канец, што раскажа ўсім, як я яго падмануў».

«Замест шасці рублёў даў 100 еўра»

«30 снежня мінулага года вёз таксама не самага цвярозага пасажыра, у якога падчас паездкі пераключыўся спосаб аплаты з безнаяўнага на наяўны. І па прыездзе ён мне дае 10 еўра. «Гэта шмат, — кажу я яму. — Рэшты ў мяне няма, і я не ведаю, які курс. Паглядзіце беларускія». «Дык і што цяпер?» — адказвае ён. «Калі няма беларускіх, будзем глядзець курс». Пасля гэтага ён забірае 10 еўра, хавае ў кішэню і дае 100 еўра. «Вы зноў далі занадта шмат, — рэагую я. — З вас шэсць рублёў, паглядзіце, можа, ёсць беларускія грошы». «Не дуры ты мне галаву са сваёй гэтай рэштай, — адказвае пасажыр. — Ён выйшаў з машыны, павіншаваў з надыходзячым Новым годам і пакінуў гэтыя 100 еўра».

«Пасажыраў можна класіфікаваць на дзве групы: нармальныя і ненармальныя. Добра, што першыя сустракаюцца нашмат часцей»

«Аднойчы села ў машыну бабуля, якую я прывёз у патрэбнае месца, але яна папрасіла праехаць яшчэ некалькі кварталаў. Я падумаў, што яна, верагодна, няправільна паказала адрас у дадатку, але тут усё празаічна. Калі выходзіла з машыны, сказала, што заўсёды так робіць, каб паездка была таннейшая».

«Перавезці труну з целам у морг»

«Але калі ўсе папярэднія гісторыі сустракаюцца ў многіх кіроўцаў, то гэтая замова мяне, мякка кажучы, здзівіла. У дадатку ўбачыў, што прыйшла заяўка на заказ, але з заўвагай: «Пасажыр папрасіў яму не тэлефанаваць. Перавезці труну з целам у морг». Ад замовы я адмовіўся — памеры машыны не дазвалялі яе прыняць».

Чытайце таксама:

Жыхар Брэста ўгнаў таксі разам з пасажырамі

«Ні ў якім разе не паеду ў крымінальныя раёны». Як беларускі музыкант працуе таксістам у Чыкага і ўжо атрымаў статус «голд»

Мінскі таксіст узяў з жанчыны 40 рублёў замест дзясяткі. Цяпер яго шукае падатковая

Каментары3

  • Гібрыдны Аўрыс
    02.02.2023
    Пасля пераезду ў Варшаву жыццё павярнулася так, што прыйшлося йсьці працаваць у таксоўку. І праца гэтая, яшчэ той квэст. Аднойчы ноччу вяртаюся з прыгарадаў ў Варшаву, прыходзіць замоўленне ад адной з вёсак папутна. Прымаю. І адразу атрымліваю паведамленне ад патэнцыяльнага пасажыра "ці можна вылізаць твае боты", наступнае "ці можна вылізаць колы тваёй машыны", апошняе "ну калі ласка!" Карацей кажучы я не паехаў за ім.
    Другі выпадак. Прыязджаю на замову. Два падпітыя хлопцы садзяцца ў машыну, адзін з кішэні дастае 100 злотых кладзе на падлакотнік "выключнай аплікацыі будзем шмат ездзіць" другі дадае "едзем да паліўнай станцыі, трэба купіць яйкі"
    Я здзівіўся, у мэтах бяспекі аплікацыю не выключыў але паехаў. Я спачатку падумаў, можа яны нейкія марынаваныя ці смажаныя яйкі шукаюць да алкаголю. Але не. Шукалі менавіта сырыя. Карацей, па аплікацыі мы ад'ездзілі на 25 злотых гатоўкай, па факце заплацілі 300 і яшчэ збіраліся, але я ўжо адмовіўся, бо і так зашмат))) і дарэчы, калі каму а другой гадзіне ночы спатрэбяцца яйкі, смела едзьце на БП, там ёсць
  • Трон
    02.02.2023
    І таксісты бываюць розныя: уключаюць громкую іузыку сварацца з-за тваёй мовы і так далей
  • Параска
    03.02.2023
    У Старобіне мехдвор пустуе. Ласкава просіма..!

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы10

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Усе навіны →
Усе навіны

Дроны УСУ атакавалі вайсковы аэрадром у Адыгеі

Гродзенцы пра тое, як страцілі магчымасць зарабляць на прыгранічным бізнэсе6

У цэнтры Вільні ўчора ўпаў метэазонд з кантрабандай3

Маштабны фестываль агню ўпершыню пройдзе ў Батанічным садзе Мінска1

Пісьменніца Лілі Эберт, якая выжыла ў Асвенціме, памерла ва ўзросце 100 гадоў

Смяротны ўраган «Мілтан» ударыў па Фларыдзе1

Краўцоў разважае, чаму Лукашэнка не ідзе на перамовы з Захадам4

У Краснадарскім краі УСУ пацэлілі ў склад з боепрыпасамі

Мазырскі НПЗ пакуль так і не аднавіў аб'ёмы вытворчасці, якія былі да летняга ўрагану. Магчыма, робіць гэта свядома4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы10

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Галоўнае
Усе навіны →