Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у панядзелак, што ягоная краіна не будзе адпраўляць ва Украіну самалёты-знішчальнікі F-16, пра пастаўку якіх напярэдадні папрасіў украінскі міністр абароны. Замест гэтага ён паабяцаў неўзабаве наведаць Польшчу.
«Не», — лаканічна адказаў Байдэн, каментуючы ў Белым доме пытанне журналіста аб тым, ці падтрымлівае прэзідэнт адпраўку ва Украіну знішчальнікаў F-16.
У гэтым месяцы заходнія краіны пасля доўгіх абмеркаванняў пагадзіліся адправіць Украіне сучасныя танкі. Узмацненне падтрымкі абудзіла ў Кіеве надзею на тое, што неўзабаве ўкраінцы змогуць атрымаць і самалёты F-16 для падтрымкі сваіх ВПС, але гэтае пытанне па-ранейшаму актыўна абмяркоўваецца на Захадзе, а да пазітыўнага рашэння па ім мусіць прайсці нейкі час.
Байдэн тым часам збіраецца адправіцца ў Еўропу, дэманструючы падтрымку антырасійскага альянсу. «Я збіраюся паехаць у Польшчу. Праўда, не ведаю калі», — сказаў Байдэн журналістам, калі яго спыталіся пра паездку.
Польшча цяпер — галоўны лагістычны цэнтр, пастаўшчык зброі і ключавы саюзнік ЗША ва Усходняй Еўропе.
Пасля прадстаўнік Белага Дома Джон Кірбі дадаткова пракаментаваў словы Байдэна. Ён сказаў у інтэрв'ю тэлекампаніі CNN:
«Я магу сказаць, што многія ўзбраенні ўжо пастаўляюцца і будуць адпраўленыя ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы. Гэта тыя віды ўзбраенняў, якія, як мы чакаем, будуць мець вырашальнае значэнне для аказання дапамогі ўкраінцам у баявых дзеяннях цяпер, у зімовы час, а таксама вясной».
Кірбі таксама сказаў, што, на ягоную думку, рашэнне аб адпраўцы танкаў Abrams ва Украіну, пра якое было абвешчана на мінулым тыдні, не было запозненым.
«Рашэнне аб танках — і яно было прынятае не толькі ЗША, але і немцамі, а да гэтага брытанцамі — было сапраўды закліканае дапамагчы Украіне ўзяць ініцыятыву ў свае рукі ў баявых дзеяннях, якія, як мы чакаем, будуць адбывацца вясной», — сказаў ён.
Каментары