У Латвіі паставілі першы ў гісторыі дарожны ўказальнік на ліўскай мове. А што за яна?
Пры ўездзе ў Талсінскі край на поўначы Латвіі днямі паставілі першы ў гісторыі краіны дарожны знак, дзе надпіс на дзяржаўнай латышскай дублюецца і надпісам на ліўскай мове. Афіцыйнае адкрыццё гэтага знака запланаванае на другую палову лютага гэтага года. Мясцовыя ўлады паабяцалі таксама, што сёлета ліўская мова з'явіцца і на іншых дарожных знаках Ліўскага берага.

Лівы — зусім маленькі фіна-вугорскі этнас, які да сённяшняга дня амаль асіміляваны латышамі. Не тое, каб апошнія імкнуліся звесці яго са свету мэтанакіравана — але гісторыя не была літасцівая для гэтага невялікага народа.
Лівы ў першым тысячагоддзі нашай эры засялялі ўзбярэжжа Балтыйскага мора прыкладна ад Лібавы да сучаснай Эстоніі. Заняпад ліваў пачаўся, калі немцы-крыжакі замацаваліся ў Рызе. Лівы супраціўляліся, і амаль цалкам загінулі ў войнах ці пакінулі край. Спусцелы край засялілі балты, продкі латышоў, а арэал пражывання ліваў апынуўся нібы разрэзаны на дзве часткі. Выйшла так, што лівы найбольш супраціўляліся крыжакам і панеслі найбольшыя страты. Іх стала менш, чым суседніх балтаў — куршаў, латгалаў, селаў і земгалаў, і іх арэал сціскаўся як шчыгрынавая скура.
На пачатку ХХ стагоддзя лівы былі ў большасці толькі на частцы ўзбярэжжа на паўночны захад ад Рыгі.
Моцны ўдар па лівах нанесла Першая сусветная вайна. Фронт прыйшоў і доўга стаяў па землях, дзе лівы яшчэ складалі суцэльны масіў. Частка загінула, большасць расцерушылася ў бежанстве.
У выніку па латвійскім перапісе 1935 года да ліваў сябе адносілі ўсяго 966 чалавек, па савецкім 1959-га — 166, 1970-га — 70 чалавек. Апошнія дзесяцігоддзі колькасць людзей, якія лічаць сябе лівамі, вагаецца ад 150 да 200 чалавек.
Утрымліваць гэтую колькасць і нават часам яе павялічваць удаецца дзякуючы таму, што частка моладзі з асіміляваных сем'яў усведамляе свае карані і вяртаецца да ліўскай самасвядомасці. Але, вядома, такіх людзей не можа быць шмат, тым больш, калі гэты этнас і ад пачатку шматлікасцю не вызначаўся.
Што тычыцца ліўскай мовы, то з ёй сітуацыя зусім кепская. Да 2012 года ў свеце налічвалася да 210 чалавек, якія валодаюць ліўскай на ўзроўні A1 і A2. На ўзроўні B1 і вышэй — усяго 40 чалавек, толькі палова з якіх — ліўскага паходжання.
Для ўсіх гэтых людзей ліўская мова — вывучаная, бо апошнія з тых, для каго яна была родная, засвоеная ад нараджэння, ужо памерлі.
У 2009 годзе памёр 88-гадовы Віктар Бертольд — апошні чалавек, для якога ліўская была роднай мовай і які жыў на гістарычнай радзіме. Яго жонка Марта, з якой ён размаўляў дома па-ліўску, памерла на 15 гадоў раней, у 1994-м.
А ў 2013 годзе ў Канадзе памерла 103-гадовая Грызельда Крысцінь — апошняя носьбітка ліўскай мовы як роднай ва ўсім свеце.
Грызельда Крысцінь выехала на Захад у 1944 годзе, ратуючыся ад савецкай улады.
Дзявочае прозвішча Грызельды Крысцінь, дарэчы, было Бертольд, а Віктару Бертольду яна даводзілася стрыечнай сястрой. Абое яны паходзілі з рыбацкай вёсачкі Вайдэ на Ліўскім беразе Балтыйскага мора, якая цяпер амаль вымерла — па стане на 2021 год у ёй жылі толькі 8 чалавек.

З гэтай вёскі, дарэчы, паходзілі таксама ліўская паэтка, перакладчыца і спявачка Паўліне Клявіня (1918—2001) і ліўскі паэт і перакладчык Альфонс Бертольд (1910—1993).

Увогуле ж на гэтым узбярэжжы, якое называецца Ліўскім берагам, цяпер размяшчаюцца 12 вёсак, якія гістарычна былі населеныя лівамі. У міжваенны час тут працавалі нават ліўскія школы, выходзіла газета на ліўскай мове пад назвай Līvli («Ліў»).

Цікава, што ў 1920-я гады некаторыя лівы нават мелі сур'ёзныя сепаратысцкія настроі. У 1923 годзе жыхары Ліўскага берага звярнуліся да латвійскага ўрада з просьбай стварыць ліўскую нацыянальную акругу. Калі ўрад у гэтым адмовіў, то ліўскі лідар, паэт Улдрыкіс Капбергс, абвясціў незалежнасць Ліўскага берага, а сябе «каралём ліваў» Улдрыкісам І. Ён адмовіўся прызнаваць уладу і законы Латвіі, не плаціў падаткі і забараніў сыну служыць у латвійскай арміі. Скончылася для яго гэта ўрэшце кепска. Капбергса двойчы адпраўлялі ў псіхіятрычную лякарню, а ў 1932 годзе нават пасадзілі ў турму, дзе ён праз месяц памёр, як лічыцца, ад сардэчнага прыступу.

Наймацнейшыя страты ліўскаму народу прынёс савецкі перыяд. Тады Ліўскі бераг быў рэжымнай памежнай зонай, і з-за накладзеных з-за гэтага абмежаванняў многія людзі адтуль выязджалі і рассейваліся па Латвіі. Адпаведна, страчвалася кампактнасць пражывання ліваў, што паскарала іх асіміляцыю.
У 1991 годзе латвійскія ўлады абвясцілі Ліўскі бераг культурна-гістарычнай тэрыторыяй пад аховай, пэўны час там нават абмяжоўвалася магчымасць пастаяннага жыхарства для тых, хто не меў ліўскага паходжання. Пасля гэтую норму, праўда, скасавалі, але пэўны асаблівы статус тэрыторыя захоўвае і дагэтуль.
Культурная сталіца ліваў — вёска Мазірбе, дзе ў першую суботу жніўня штогод праводзіцца традыцыйнае ліўскае свята.
У 2018 годзе пры Латвійскім універсітэце ў Рызе быў створаны Ліўскі інстытут, у якім праводзяцца навуковыя даследаванні мовы і культуры ліваў.
Мова ж ліўская для навукоўцаў — сапраўдная каштоўнасць, паколькі яна вельмі адметная нават для фіна-вугорскага свету. Гэта тое, што засталося ад тых аўтэнтычных гаворак, якімі тут гаварылі ў далёкай старажытнасці. Паводле эстонскага лінгвіста Ційта-Рэйна Віітса, фіна-вугорскія мовы ў гэтым рэгіёне першапачаткова падзяляліся на тры галіны: ліўскую мову, паўднёваэстонскую мову (яе ўнармаваны варыянт — сучасная выруская мова, на якой размаўляе каля 70 000 чалавек) і галіну, якую ён называе неўскай моўнай групай. Усе астатнія жывыя цяпер балтыйскія фінскія мовы нібыта паходзяць ад апошняй, а вось ліўская стаіць асабняком. І хоць пытанне гэта, як і заўсёды ў падобных выпадках, спрэчнае і дыскусійнае, сама старажытнасць ды адметнасць ліўскай мовы несумненная.
Увогуле ж паводле сучасных класіфікацый ліўская звычайна залічваецца да паўднёвай галіны фіна-балтыйскіх моў, у якую, апрача яе, уваходзяць эстонская, вышэйзгаданая выруская і таксама амаль вымерлая водская, на якой яшчэ гавораць некалькі чалавек з яшчэ драбнейшага нават за ліваў народа водзь, што жыў у расійскай Ленінградскай вобласці непадалёк ад мяжы з Эстоніяй (у прошлым часе казаць пра гэта можна таму, што традыцыйныя тэрыторыі, на якіх жыла водзь, цяпер практычна знішчаныя ў выніку будаўніцтва на іх буйнога порта Усць-Луга, добра вядомага беларусам тым, што цяпер праз яго спрабуюць наладзіць пастаўкі беларускага калію, каб абысці заходнія санкцыі).

Дзякуючы тым людзям, якія згадваліся вышэй, а таксама іншым лівам, якія ці самі займаліся культурнымі і навуковымі даследаваннямі, ці актыўна супрацоўнічалі з навукоўцамі, удалося ў розных фарматах запісаць і захаваць узоры жывой ліўскай мовы, што дазваляе пры жаданні яе засвойваць новым пакаленням энтузіястаў. Таму мову гэтую хоць у сённяшніх умовах ужо не назавеш жывою, але ўсё ж такі яна і не канчаткова страчаная. Жывы пакуль і ліўскі этнас, хоць, вядома, пры такой колькасці ён мусіць няспынна змагацца за сваё права на існаванне.
Чытайце таксама:
У Расіі памёр апошні носьбіт алеуцкай мовы
У Бразіліі памёр «Індзеец з ямы». Ніхто не ведаў ні ягонага імя, ні ягонай мовы
-
Аперацыя «Бумеранг». Як эміграцыя спрабавала ўплываць на падзеі ўнутры, а КДБ ствараў для яе ўражанне, што гэта сапраўды працуе
-
Нашчадкі готаў і фіна-вуграў нават больш, чым меркавалася. Што насамрэч у генах беларусаў і літоўцаў?
-
Рэдкі старажытны дакумент раскрывае, як Рымская імперыя судзіла апанентаў улады пад выглядам пераследу за карупцыю
Каментары