Гісторыя1313

У Латвіі паставілі першы ў гісторыі дарожны ўказальнік на ліўскай мове. А што за яна?

Пры ўездзе ў Талсінскі край на поўначы Латвіі днямі паставілі першы ў гісторыі краіны дарожны знак, дзе надпіс на дзяржаўнай латышскай дублюецца і надпісам на ліўскай мове. Афіцыйнае адкрыццё гэтага знака запланаванае на другую палову лютага гэтага года. Мясцовыя ўлады паабяцалі таксама, што сёлета ліўская мова з'явіцца і на іншых дарожных знаках Ліўскага берага.

Зверху запіс на дзяржаўнай латышскай, знізу — на ліўскай мове. Фота: facebook.com/livodinstitut

Лівы — зусім маленькі фіна-вугорскі этнас, які да сённяшняга дня амаль асіміляваны латышамі. Не тое, каб апошнія імкнуліся звесці яго са свету мэтанакіравана — але гісторыя не была літасцівая для гэтага невялікага народа.

Лівы ў першым тысячагоддзі нашай эры засялялі ўзбярэжжа Балтыйскага мора прыкладна ад Лібавы да сучаснай Эстоніі. Заняпад ліваў пачаўся, калі немцы-крыжакі замацаваліся ў Рызе. Лівы супраціўляліся, і амаль цалкам загінулі ў войнах ці пакінулі край. Спусцелы край засялілі балты, продкі латышоў, а арэал пражывання ліваў апынуўся нібы разрэзаны на дзве часткі. Выйшла так, што лівы найбольш супраціўляліся крыжакам і панеслі найбольшыя страты. Іх стала менш, чым суседніх балтаў — куршаў, латгалаў, селаў і земгалаў, і іх арэал сціскаўся як шчыгрынавая скура.

На пачатку ХХ стагоддзя лівы былі ў большасці толькі на частцы ўзбярэжжа на паўночны захад ад Рыгі.

Моцны ўдар па лівах нанесла Першая сусветная вайна. Фронт прыйшоў і доўга стаяў па землях, дзе лівы яшчэ складалі суцэльны масіў. Частка загінула, большасць расцерушылася ў бежанстве.

У выніку па латвійскім перапісе 1935 года да ліваў сябе адносілі ўсяго 966 чалавек, па савецкім 1959-га — 166, 1970-га — 70 чалавек. Апошнія дзесяцігоддзі колькасць людзей, якія лічаць сябе лівамі, вагаецца ад 150 да 200 чалавек.

Утрымліваць гэтую колькасць і нават часам яе павялічваць удаецца дзякуючы таму, што частка моладзі з асіміляваных сем'яў усведамляе свае карані і вяртаецца да ліўскай самасвядомасці. Але, вядома, такіх людзей не можа быць шмат, тым больш, калі гэты этнас і ад пачатку шматлікасцю не вызначаўся.

Што тычыцца ліўскай мовы, то з ёй сітуацыя зусім кепская. Да 2012 года ў свеце налічвалася да 210 чалавек, якія валодаюць ліўскай на ўзроўні A1 і A2. На ўзроўні B1 і вышэй — усяго 40 чалавек, толькі палова з якіх — ліўскага паходжання.

Для ўсіх гэтых людзей ліўская мова — вывучаная, бо апошнія з тых, для каго яна была родная, засвоеная ад нараджэння, ужо памерлі.

У 2009 годзе памёр 88-гадовы Віктар Бертольд — апошні чалавек, для якога ліўская была роднай мовай і які жыў на гістарычнай радзіме. Яго жонка Марта, з якой ён размаўляў дома па-ліўску, памерла на 15 гадоў раней, у 1994-м.

А ў 2013 годзе ў Канадзе памерла 103-гадовая Грызельда Крысцінь — апошняя носьбітка ліўскай мовы як роднай ва ўсім свеце.

Грызельда Крысцінь выехала на Захад у 1944 годзе, ратуючыся ад савецкай улады. 

Дзявочае прозвішча Грызельды Крысцінь, дарэчы, было Бертольд, а Віктару Бертольду яна даводзілася стрыечнай сястрой. Абое яны паходзілі з рыбацкай вёсачкі Вайдэ на Ліўскім беразе Балтыйскага мора, якая цяпер амаль вымерла — па стане на 2021 год у ёй жылі толькі 8 чалавек.

Карта: Wikimedia Commons

З гэтай вёскі, дарэчы, паходзілі таксама ліўская паэтка, перакладчыца і спявачка Паўліне Клявіня (1918—2001) і ліўскі паэт і перакладчык Альфонс Бертольд (1910—1993).

Будынак Музея рагоў, які знаходзіцца ў Вайдэ. Фота: Wikimedia Commons

Увогуле ж на гэтым узбярэжжы, якое называецца Ліўскім берагам, цяпер размяшчаюцца 12 вёсак, якія гістарычна былі населеныя лівамі. У міжваенны час тут працавалі нават ліўскія школы, выходзіла газета на ліўскай мове пад назвай Līvli («Ліў»).

Адзін з нумароў газеты Līvli

Цікава, што ў 1920-я гады некаторыя лівы нават мелі сур'ёзныя сепаратысцкія настроі. У 1923 годзе жыхары Ліўскага берага звярнуліся да латвійскага ўрада з просьбай стварыць ліўскую нацыянальную акругу. Калі ўрад у гэтым адмовіў, то ліўскі лідар, паэт Улдрыкіс Капбергс, абвясціў незалежнасць Ліўскага берага, а сябе «каралём ліваў» Улдрыкісам І. Ён адмовіўся прызнаваць уладу і законы Латвіі, не плаціў падаткі і забараніў сыну служыць у латвійскай арміі. Скончылася для яго гэта ўрэшце кепска. Капбергса двойчы адпраўлялі ў псіхіятрычную лякарню, а ў 1932 годзе нават пасадзілі ў турму, дзе ён праз месяц памёр, як лічыцца, ад сардэчнага прыступу.

Ліўскі бераг на карце Латвіі. Фота: Wikimedia Commons

Наймацнейшыя страты ліўскаму народу прынёс савецкі перыяд. Тады Ліўскі бераг быў рэжымнай памежнай зонай, і з-за накладзеных з-за гэтага абмежаванняў многія людзі адтуль выязджалі і рассейваліся па Латвіі. Адпаведна, страчвалася кампактнасць пражывання ліваў, што паскарала іх асіміляцыю.

У 1991 годзе латвійскія ўлады абвясцілі Ліўскі бераг культурна-гістарычнай тэрыторыяй пад аховай, пэўны час там нават абмяжоўвалася магчымасць пастаяннага жыхарства для тых, хто не меў ліўскага паходжання. Пасля гэтую норму, праўда, скасавалі, але пэўны асаблівы статус тэрыторыя захоўвае і дагэтуль.

Культурная сталіца ліваў — вёска Мазірбе, дзе ў першую суботу жніўня штогод праводзіцца традыцыйнае ліўскае свята.

У 2018 годзе пры Латвійскім універсітэце ў Рызе быў створаны Ліўскі інстытут, у якім праводзяцца навуковыя даследаванні мовы і культуры ліваў.

Мова ж ліўская для навукоўцаў — сапраўдная каштоўнасць, паколькі яна вельмі адметная нават для фіна-вугорскага свету. Гэта тое, што засталося ад тых аўтэнтычных гаворак, якімі тут гаварылі ў далёкай старажытнасці. Паводле эстонскага лінгвіста Ційта-Рэйна Віітса, фіна-вугорскія мовы ў гэтым рэгіёне першапачаткова падзяляліся на тры галіны: ліўскую мову, паўднёваэстонскую мову (яе ўнармаваны варыянт — сучасная выруская мова, на якой размаўляе каля 70 000 чалавек) і галіну, якую ён называе неўскай моўнай групай. Усе астатнія жывыя цяпер балтыйскія фінскія мовы нібыта паходзяць ад апошняй, а вось ліўская стаіць асабняком. І хоць пытанне гэта, як і заўсёды ў падобных выпадках, спрэчнае і дыскусійнае, сама старажытнасць ды адметнасць ліўскай мовы несумненная.

Увогуле ж паводле сучасных класіфікацый ліўская звычайна залічваецца да паўднёвай галіны фіна-балтыйскіх моў, у якую, апрача яе, уваходзяць эстонская, вышэйзгаданая выруская і таксама амаль вымерлая водская, на якой яшчэ гавораць некалькі чалавек з яшчэ драбнейшага нават за ліваў народа водзь, што жыў у расійскай Ленінградскай вобласці непадалёк ад мяжы з Эстоніяй (у прошлым часе казаць пра гэта можна таму, што традыцыйныя тэрыторыі, на якіх жыла водзь, цяпер практычна знішчаныя ў выніку будаўніцтва на іх буйнога порта Усць-Луга, добра вядомага беларусам тым, што цяпер праз яго спрабуюць наладзіць пастаўкі беларускага калію, каб абысці заходнія санкцыі).

Нацыянальнаму сцягу ліваў праз месяц споўніцца 100 гадоў. Ён быў прыняты 2 сакавіка 1923 года на першым з'ездзе Саюза ліваў — арганізацыі, якая гуртавала гэты народ у міжваенны час. Упершыню ж падняты ён быў на ліўскім фестывалі 18 лістапада 1923 года. Паводле легенды, у сцягу ўвасоблены погляд рыбака з мора на сушу: ён бачыць марскія хвалі, пясчаны бераг і лес, які расце за ім. Такім чынам, сіні колер увасабляе мора, белы — марскі бераг, а зялёны — лес.

Дзякуючы тым людзям, якія згадваліся вышэй, а таксама іншым лівам, якія ці самі займаліся культурнымі і навуковымі даследаваннямі, ці актыўна супрацоўнічалі з навукоўцамі, удалося ў розных фарматах запісаць і захаваць узоры жывой ліўскай мовы, што дазваляе пры жаданні яе засвойваць новым пакаленням энтузіястаў. Таму мову гэтую хоць у сённяшніх умовах ужо не назавеш жывою, але ўсё ж такі яна і не канчаткова страчаная. Жывы пакуль і ліўскі этнас, хоць, вядома, пры такой колькасці ён мусіць няспынна змагацца за сваё права на існаванне. 

Чытайце таксама:

У Расіі памёр апошні носьбіт алеуцкай мовы

У Бразіліі памёр «Індзеец з ямы». Ніхто не ведаў ні ягонага імя, ні ягонай мовы

Каментары13

  • Алек. Ру
    28.01.2023
    Беларусы нават родную беларускую мову прызнаваць не хочуць, што у́жо казаць пра палешуцкую...
  • Vir
    28.01.2023
    Gorliwy Litwin, a na začynienyja bielaruskija skoly čamu nie ūzhadaū ?
  • Грышка
    28.01.2023
    Gorliwy Litwin, Не. Лукашэнкаўская дыктатура, а не беларусы, зачыніла ўсе польскія ды літоўскія школы. Ягоны рэжым зачыніў беларускамоўныя школы таксама.

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні16

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

Паўла Латушку выклікалі ў польскую пракуратуру2

Расійскі вайсковец, якога нібыта сёння ўзарвалі ў Маскве: Я жывы, сяджу на працы

Спевака — пастаяннага ўдзельніка афіцыйных канцэртаў — будуць судзіць за пратэсты1

Сярэдні заробак у чэрвені вырас на 50 рублёў, але наколькі ён адлюстроўвае рэальную сітуацыю?

Дзікавіцкі: Каманда «Белсата» амаль не мае ніякага ўплыву на сітуацыю3

Стрыжак тлумачыць, чаму супраць перамоваў з лукашэнкаўцамі і якая яго прапанова1

Сталі вядомыя падрабязнасці сустрэчы Дуды і Сі Цзіньпіна наконт рэжыму Лукашэнкі

На таргах у Мінску даляр з салідным запасам рухнуў да гадавога мініміму1

«Падрыхтоўка да Алімпіяды прайшла не так, як планавала». Ціманоўская расказала, з якім настроем едзе ў Парыж7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні16

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →