На плошчы Перамогі ў Мінску прадаецца кватэра тэледзівы Элеаноры Язерскай. Колькі каштуе?
Абʼява аб продажы двухпакаёвай сталінкі ля самай плошчы Перамогі зʼявілася дастаткова даўно, але яна па-ранейшаму актуальная. Realt піша, што раней тут жыла Элеанора Язерская.
Элеанора Язерская — актрыса, тэле— і радыёвядучая. Яе называюць адной з самых экстравагантных жанчын беларускага ТБ. Язерская нарадзілася ў 1946 годзе і ўсё жыццё пражыла ў Мінску. Яе голас беларусы ведалі па «Салоне Элеаноры Язерскай», які выходзіў на БТ у 90-х, цыкле аўтарскіх перадач «Жанчыны XX стагоддзя» на СТБ і перадачах на радыё «Мір».
Элеанора Язерская памерла ў 2014 годзе, ёй было 67 гадоў.
У 2015 годзе кватэру прадавалі ў зыходным выглядзе, з рэчамі Язерскай за 140 тысяч даляраў, але пакупнік, мяркуючы па ўсім, не знайшоўся.
— Антыкварны гадзіннік у гасцінай, дарагі мейсенскі сервіз, фатаграфіі ў прыгожых рамках і яшчэ шмат-шмат рэчаў, якія робяць проста кватэру раскошным прыстанкам сапраўднай дзівы, — так дзесяць гадоў таму апісваў кватэру Язерскай tio.by.
Цяпер у кватэры зрабілі рамонт, рэчы вывезлі.
Гэта пустая двухпакаёўка з белымі сценамі, паркетам і пліткай на падлозе. Кватэра знаходзіцца на другім паверсе цаглянай пяціпавярхоўкі на праспекце Незалежнасці, 35.
Гэта заўважны дом на плошчы Перамогі з крамай «Шчодры». Уваход у падʼезд — з вуліцы, а не з двара. На гэты момант, дарэчы, звяртала ўвагу і сама Элеанора Язерская, расказваючы пра сваю кватэру.
Плошча кватэры — 61 кв. м, цана — каля 120 тысяч даляраў.
Каментары
відаць, занадта ядавітая была жэншчына, што нат і цяпер не купяць