У Салігорску чалавек зарабляў ксеракапіраваннем месячных праязных на транспарт
У лістападзе ў Салігорску кандуктару пры праверцы аплаты праезду ў гарадскім грамадскім транспарце пасажыр прад'явіў праязны месячны білет на прад'яўніка. Пры візуальным аглядзе дакумента ў кандуктара ўзніклі сумневы ў яго сапраўднасці, пра што ён паведаміў свайму кіраўніцтву. Пасля кандуктары выявілі больш за 20 аналагічных праязных білетаў з аднолькавымі нумарамі, паведамляе «Электронны Салігорск».
Дырэктар аўтобуснага аўтапарка Салігорска звярнуўся ў міліцыю, і там неўзабаве раскапалі, што праязныя білеты набываліся грамадзянамі ў адной і той жа жанчыны. Тая ж растлумачыла, што гэтыя праязныя білеты ёй перадаваў знаёмы для наступнай рэалізацыі.
Праверка паказала, што праязныя білеты вырабляў 59-гадовы жыхар Салігорскага раёна. Ён рабіў іх у сябе дома на каляровым струмянёвым прынтары. Цяпер мужчыну пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Каментары