«Цяперашнія жанчыны ў белым дзейнічалі так, як зрабіла б Ларыса Геніюш». Да смерці Леакадзіі Шышэі
18 студзеня ў Вільні памерла беларуская волатка Леакадзія Шышэя. «Прыгожая і крохкая кабета 94 гадоў, на плячох якой месціўся вялікі беларускі свет, пакінула нас без сваёй аховы», — піша ў «Новым часе» Уладзіслаў Гарбацкі.
Дысідэнтка, гулагаўка, знаёмая Ларысы Геніюш, спадарыня Леакадзія пасля васьмі з паловай гадоў лагераў за ўдзел у антысавецкай арганізацыі «Чайка» апынулася з мужам у Вільні.
Яна не пісала тэкстаў, заставалася ў цені мужа, да яе часта звярталіся пераважна як да той, якая з турэмных часоў ведала Ларысу Геніюш. Пры гэтым яна была не толькі жонкай і сяброўкай кагосьці слыннага, яна сама ўвасабляла непаўторны, цікавы і часам вусцішны свет — успамін пра нашае мінулае, важны голас вуснай гісторыі. Яна заставалася душой беларускай Вільні, наведвала беларускія імпрэзы, а ў апошнія гады ўжо з дому спачувала беларускам, якія змагаліся з чарговай аўтарытарнай навалай пасля 2020 года.
І яе не здзіўляла тое, што рабілася і робіцца ў Беларусі і Расіі. Досыць песімістычна канстатавала, што, пакуль Расія гаспадарыць у Беларусі, нам не стаць на цывілізаваны шлях. Беларусаў называла «няшчаснымі» і не верыла ў хуткую іхную перамогу. Акрамя ўплыву Расіі ды чыннікаў, якія вызначаюць паразу беларускіх пратэстаў, адносіла і празмерную «памяркоўнасць» саміх беларусаў, якія церпяць і маўчаць.
Вельмі пільна спадарыня Леакадзія сачыла за рухам жанчын у белым: яе ўражвала іх смеласць.
Жанчыны ў белым выклікалі ў яе ўспаміны пра шматлікіх зняволеных жанчын у яе маладосці, яна лічыла, што цяперашнія жанчыны ў белым дзейнічаюць так, як зрабіла б Ларыса Геніюш.
Дзякуючы Людвіцы Кардзіс, у 2021 і 2022 гадох мне ўдалося пазнаёміцца з віленскай волаткай, якая жыла на Антокалі, і разам з Людвікай мы запісалі цікавыя некалькігадзінныя інтэрв'ю са спадарыняй Леакадзіяй.
Жыццё Леакадзіі заслугоўвае асобнай кнігі, якая, няма сумневу, з'явіцца ў недалёкай будучыні. Свой аповед і, магчыма, будучую кнігу пра беларускую гераіню я б назваў «N 604 Щ»: яго спадарыня Леакадзія атрымала ў вязніцы і да смерці Сталіна мусіла адгукацца на нумар, а не на імя.
Да скону яна запомніла нумар і пры стрэчы жартам, але і са скрухаю распавядала пра такі перахрост чалавека ў ГУЛАГу.
Калі памёр Сталін, першай станоўчай зменай сталася тое, што было спыненае называнне зняволеных па нумарах — вярнуліся да імёнаў.
Яе здзіўляла пакора і дурнота многіх жанчын у турме, якія плакалі ад навіны пра смерць дыктатара і працягвалі называцца па нумарах. Па вызваленні яна выкінула турэмныя рэчы, у тым ліку робу, бо не хацелася мець перад вачыма сумнага напаміну, але пры гэтым яна пакінула цікавыя ўспаміны і няскрадзены аптымізм, дзякуючы якому і вытрымала ў савецкім пекле. Але ж да скону ёй так і не ўдалося вынішчыць з памяці і цела нумару, нададзенага ёй «савецкай радзімай».
Нумары замест імёнаў цудоўна сведчаць пра сапраўдны характар СССР і цяперашняй Беларусі, якая працягвае трактаваць чалавечае жыццё як уласнасць дзяржавы.
Літва прызнала яе зняволенай і надала заслужанае грамадзянства, беларуская дыяспара прызнала яе гераіняй, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла яе медалём «100 гадоў БНР», і толькі афіцыйная радзіма ніяк не ўганаравала беларуску, якая «за нішто» адседзела восем з паловай гадоў у ГУЛАГу, так і не атрымаўшы пасля ані прабачэння, ані кампенсацыі.
Яшчэ пры жыцці і тым больш цяпер, у смерці, Леакадзія далучылася да кагорты няскораных беларусак, якія складаюць нябачны, але існы пантэон волатаў беларушчыны.
Цяпер, калі спадарыня Леакадзія сышла, мне застаюцца хіба ўспаміны аб апошняй сустрэчы з ёю — 1 чэрвеня 2022 года. У дзень ейнага нараджэння я заехаў да яе з букетам кветак. Ледзьве трапіў да яе праз закадаваныя дзверы пад'езда, адмовіўся ад кавы, толькі ў парозе каліва пагаварыў з ёю і моцна абняў на развітанне, каб больш ніколі не сустрэцца…
Каментары