Польскае МУС: Рашэнняў Лукашэнкі аб пазбаўленні грамадзянства Польшча прызнаваць не будзе, такія людзі атрымаюць дакументы
18 студзеня адбылася чарговая сустрэча працоўнай групы ў МУС Польшчы, падчас якой абмяркоўвалі актуальныя пытанні зменаў у заканадаўстве Беларусі па пазбаўленні грамадзянства і праязных дакументаў для беларусаў, паведамляе Цэнтр беларускай салідарнасці.
На сустрэчы прысутнічалі сталыя чальцы працоўнай групы Крысціна Рыхтэр з Офіса Святланы Ціханоўскай, кіраўніца юрыдычнага аддзела Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская, а таксама прадстаўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.
Намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Барташ Градзецкі запэўніў, што
польскія ўлады рашэнняў Лукашэнкі аб пазбаўленні грамадзянства прызнаваць не будуць і тыя беларусы, якія пад гэта патрапяць, па-ранейшаму ў іх вачах застануцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
І на ўзроўні ўсяго Еўрасаюза Польшча будзе абараняць такую ж пазіцыю.
Што ж датычыць пашпартнай праблемы, якая ў сувязі з гэтым усё ж непазбежна паўстане, то польскі МУС прапануе грамадзянам Беларусі карыстацца польскім падарожным дакументам.
Згодна са зменамі ў польскім заканадаўстве, прынятымі ў 2022 годзе,
беларусы, якія атрымалі часовы від на жыхарства на падставе гуманітарнай візы, так званы «гуманітарны побыт» (паводле польскага закону — побыт па іншых падставах), таксама могуць з 1 студзеня 2023 года атрымаць такі падарожны дакумент.
Раней такая магчымасць была ў асобаў са сталым побытам і дадатковай аховай.
Новы ўзор польскага падарожнага дакумента быў прадстаўлены МУС Польшчы падчас сустрэчы.
Для вырашэння ж праблем са згубленымі беларускімі пашпартамі і пашпартамі са скончаным тэрмінам дзеяння прапанавана пашырыць кола беларусаў, якія могуць атрымаць новы падарожны дакумент. Гэта, праўда, запатрабуе асобных зменаў у заканадаўстве.
Чытайце таксама:
Беларусы ў Літве, у якіх скончыўся пашпарт, змогуць атрымаць іншы дакумент
-
Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем
-
«Не ем пасля шостай і кожны дзень раблю «нажніцы». Сакрэты бадзёрасці і гісторыя жыцця 99-гадовых сясцёр-блізнятак з Ваўкавыска
-
Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»
Каментары