У расійскім Стаўрапалі настаўнік пакараў школьніка бізуном. Аказалася, што бацькі за гэта падпісваліся
Дванаццацігадовы навучэнец кадэцкай школы Стаўрапаля прыйшоў дадому са шнарамі ад бізуна на спіне. Бацька кадэта расказаў, што ў школе сын правініўся, за што настаўнік яго проста адлупцаваў.
Мужчына пры гэтым адзначыў, што пры паступленні ў кадэцкую школу яны з жонкай падпісалі пагадненне, у якім нібыта агаворвалася, што бізун можа выкарыстоўвацца як пакаранне для вучняў. Аднак дарослыя тады падумалі, што да такіх выхаваўчых мер не дойдзе.
Прытым, што цікава, як аказалася, такая практыка ў навучальнай установе насамрэч распаўсюджаная, але іншыя бацькі, якія з ёй ужо сутыкаліся раней, праблемы не бачаць:
«Мяне здзівіў вось яшчэ які факт: пра гэта напісалі ў бацькоўскі чат, і адна мама выдала такую фразу, якая мяне проста «забіла». Яна напісала: «А я, калі ўбачыла ў свайго такі след, яму яшчэ і ўсыпала за тое, што ён там дурэў і атрымаў!»…
А потым мы дзівімся, чаму ўзаемаадносіны з дзецьмі дрэнныя і чаму дзіця вырастае няўпэўненым у сабе», — сказаў бацька 12-гадовага хлопчыка, якога такое абыходжанне з сынам усё ж устрывожыла.
Гэтыя бацькі, калі ўбачылі сляды бізуна, якія ішлі праз спіну сына, пайшлі да кіраўніцтва школы. Дырэктар запэўніў іх, што такое больш не паўторыцца і паабяцаў, што настаўнік, які ўдарыў дзіцяці, будзе пакараны.
У выніку педагога звольнілі, а камітэт адукацыі арганізаваў праверку кадэцкай школы на прадмет забеспячэння правоў навучэнцаў.
Чытайце таксама:
У баранавіцкай школе настаўніца дала аплявуху вучню. Бацькі сталі на бок настаўніцы
-
Артыкул пра халаднік у амерыканскім СМІ перасварыў літоўцаў і палякаў. У дыскусію ўключыліся і беларусы
-
«Я казала, што гэта сабака». Памятаеце пра барана, якога абмяркоўвае ўся Польшча? Яго гісторыю расказала гаспадыня
-
У Расіі пажаніліся праваслаўны бізнэсовец і дзіцячая амбудсменка. Ён спонсар «Рускай вясны», на яе выдалі міжнародны ордар
Каментары