Суд Швецыі прызнаў двух братоў вінаватымі ў шпіянажы на карысць Расіі. Адзін з іх атрымаў пажыццёвы тэрмін
Стакгольмскі акруговы суд вынес абвінаваўчы вердыкт па справе «братоў-разведчыкаў» — Паяма і Пеймана Кія, якія абвінавачваліся ў шпіянажы на карысць Расіі пры абцяжваючых абставінах, піша Бі-бі-сі.
Суд над братамі Кія цягнуўся больш за год (арыштавалі іх яшчэ восенню 2021-га) і пастанавіў, што на працягу каля 10 гадоў падсудныя «аказвалі дапамогу Расіі і ГРУ» тым, што давалі Маскве інфармацыю, «якая магла паставіць пад пагрозу бяспеку Швецыі».
У выніку 42-гадовы Пейман Кія — у мінулым штатны супрацоўнік шведскіх спецслужбаў — прысуджаны да пажыццёвага зняволення; 35-гадовы Паям Кія правядзе ў турме 9 гадоў і 10 месяцаў.
З улікам характару абвінавачванняў, часткова слуханні праходзілі ў закрытым рэжыме, без доступу журналістаў, а тэкст судовага рашэння адрэдагуюць перад публікацыяй, выдаліўшы з яго даныя, якія могуць уяўляць дзяржаўную таямніцу.
Самі абвінавачаныя, па словах іх адвакатаў, сваю віну так і не прызналі.
Адвакат Пэймана Кія сказаў Reuters, што яго падабаронны збіраецца аспрэчыць вердыкт. Адвакат яго брата не пракаментаваў вынік справы.
У чым сутнасць абвінавачванняў
Абодвум братам было выстаўлена абвінавачванне па артыкуле аб шпіянажы з абцяжваючымі абставінамі, а старэйшаму, Пейману (яму 42 гады, а Паяму — 35) — дадаткова па артыкуле аб грубым парушэнні правілаў доступу да сакрэтнай інфармацыі.
Паводле абвінавачання, Пейман Кія здабываў сакрэтную інфармацыю для расіян, калі служыў у шведскіх спецслужбах і войску. У момант арышту ён быў шэфам службы бяспекі ў харчовым бюро Швецыі.
Малодшы брат, Паям, як мяркуе следства, падтрымліваў сувязь з ГРУ, перадаваў інфармацыю і атрымліваў золата і грошы. Пры арышце ён разламаў і выкінуў дыск, які затым знайшлі следчыя.
Каментары