Адным з самых яскравых уражаньняў ад Арменіі сталі мае кантакты з дэлегацыямі краін Сярэдняй Азіі.Па‑свойму кранальным было знаёмства з прыгожым таджыкам Сухробам, які ў Матэнадаране (Інстытуце старажытных рукапісаў) падвёў мяне да вітрыны з армянскай гравюрай нейкага запамарочна раньняга стагодзьдзя і, паказваючы на німбы Ісусіка і Панны Марыі, спытаўся: «А штой та?». І я хвілін пяць расказвала, што такое німб, чаму ён сьвеціцца, што бачна яго толька есьлі паглядзець вааружонным — «духоўным» глазам, у дадатак выдавала эксурсаводніцкія перлы: «Дзеву Марыю мы всегда узнаём па сіняй юпке». Затое пасьля, калі я тупіла перад вітрынай з пэрсыдзкімі манускрыптамі, Сухроб галянтна пераклаў, пра што там гаворка. Гэта магло б быць началам бальшой любві, але наступнага дня выявілася, што фокус зь німбам не да канца быў пікапэрскім прыёмам. Толькі я ўвечары намерылася піць каньяк з узбекамі, Сухроб запрасіў мяне па пільнай справе за свой столік, на якім не стаяла ані віна, ані каньяку, ані какавы з чаем. Пасярод століка салідна і ўнушальна ляжаў Каран.
Сухроб апынуўся тыповым рэлігійным нэафітам. Год таму ён згадаў, што ён мусульманін, і ўдарыўся ў іслам. З нагоды чаго прачытаў Каран, а заадно і Біблію. І таго вечара захапіў у палон армянскага студэнта ды практыкаваўся на бедным хлопцы (перакананым верніку, сьпеваку царкоўнага хора) у падкопваньні асноваў хрысьціянскай веры. Мяне запрасілі як кампэтэнтную (пасьля сцэнкі зь німбамі) знаўцу хрысьціянства для разьвязаньня тэалягічнага дыспута. Дыспут мне разьвязаць не ўдалося, бо Сухроб апынуўся адзіным з нас траіх, хто нядаўна чытаў Біблію. Паабараняўшы, як магла, Хрыста, за тое, што ён ператварыў ваду на вясельлі ў Кане менавіта ў віно («700 літраў! Ён стварыў 700 літраў віна!!!» — не сунімаўся Сухроб), я зьбегла назад да ўзбекаў, якія ўжо разьлівалі каньяк.
Узьбекі — другія па ліку сярэднеазіяцкія мае знаёмцы, апынуліся проста харошымі. Мы зь імі разам чыталі вершы, гулялі ў тэніс ды проста гулялі. Сумныя аповеды пра палітычны рэжым ва Ўзбэкістане дапамаглі зрабіць выснову, што Беларусь і Ўзбэкістан шмат у чым падобныя краіны.
Але вянцом новых сустрэчаў сталася кыргызская дэлегацыя. Яна складалася з двух пэрсанажаў. Першы зь іх — Талан — заявіў пра сябе ўжо падчас першай урачыстай вячэры, выйшаўшы на сцэну і сказаўшы: «А ўвогуле я манасчы. І зараз я вам, паколькі сёньня сёмае, пачытаю сёмую частку эпаса пра Манаса. Сын Манаса ідзе сватацца».
І Талан увайшоў у транс і пачаў чытаць Манаса. Гэта быў слэм! Такога я ніколі ня бачыла. Празь пяць хвілін няспыннага манасу стала ясна, навошта ў кыргызскай дэлегацыі другі таварыш — для вывядзеньня першага з трансу падчас чытаньня.
Манас чырвонай ніткай прайшоў праз маю паездку ў Арменію. Трэба сказаць, я калі і чула пра гэты старажытны эпас — то толькі краем вуха. У школе ды ўнівэры, вядома ж, не праходзілі, а кантактаў з братнім кыргызскім народам у мяне да таго не было. Дакладней, быў адзін віртуальны кантакт, але бішкекскі блогер Бектур ня надта падобны да чалавека, які зь першых жа словаў пачынае расказваць вам пра Манаса.
Даведалася я наступнае. Манас — самы даўгі эпас у сьвеце, што зафіксавана нават у кнізе рэкордаў Гінэса. Гэта больш, чым эпас, — гэта кыргызскі дыскурс. Калі ў савецкія часы настаўніца рускай літаратуры задавала дзецям чытаць басьню «Воўк і ягня» па ролях, усе хацелі чытаць за ваўка і ніхто — за ягня. «Дзеці, вы што, воўк жа кепскі!!!» — жахалася руская настаўніца. «Як жа кепскі? — зьдзіўляліся дзеці. — Воўк дужы і высокародны. У Манасе ён — харошы». Паколькі Манас (Манас, дарэчы, гэта паўміфічны хан, які стварыў нацыю кыргызаў) крута замяшаны на шаманізме, носьбітаў і дасьледчыкаў традыцыі Манаса ў сталінскія часы высылалі ў ГУЛАГ ды расстрэльвалі. Але традыцыя не перапынілася, яскравым сьведчаньнем чаго было наша знаёмства з Таланам.
Для эйрманьяка fiumicina цікава будзе ўведаць, што Нацыянальны аэрапорт у Бішкеку называецца Манас, што, безумоўна, дэманструе ўсю веліч і значнасьць эпасу для кыргызаў.
Усе мае спробы «пачытаць рускі пераклад Манаса з арыгіналу» былі высьмеяныя: Манас дагэтуль існуе толькі ў вуснай традыцыі, і гэта анбелівэбл, як сказала б мая нямецкая бляндынка Кёрсьцін. Існуе некалькі сучасных запісаў, але трушным Манасам лічыцца толькі Манас, прачытаны вусна. Кожны манасчы абірае сваю інтэрпрэтацыю, памер ды мэтафарычныя сродкі. Я такі прачытала Манас па‑руску — гэта была жудасная махровая графаманія. Але Талан вельмі ганарыўся гэтай кнігай, бо яе каштоўнасьць у тым, што яе, няхай і па‑руску, запісаў кыргыз.
‑ Як вы сталі манасчы? — спыталася я ў Талана падчас абеду.
‑ Духі прыйшлі да мяне і сказалі несьці людзям веду Манаса, — важна адказаў Талан. Ён сядзеў у сталоўцы ў чорна‑белай кыргызскай шапцы.
‑ Вось так прама прыйшлі і сказалі?
‑ Ува сьне. Увогуле, дачыненьне з Манасам адбываецца ўва сьне. Напрыклад, вядомы вучоны Жырмунскі хацеў дасьледаваць Манаса і паехаў з гэтай мэтай вакол возера Ісык‑Куль. У адну з начэй яму явіўся Манас і сказаў, лепей трымайся ад мяне падалей. І Жырмунскі сабраў рэчы і паехаў з Кыргызстану.
‑ То бок, тэарэтычна, калі я прыеду ў Кыргызстан, засну — і мне явіцца Манас, я буду мець права напісаць Манас па‑беларуску памерам, скажам, хіп‑хопу? — задала я наступнае, па‑мойму, вельмі лягічнае пытаньне.
Талан не адказаў нічога. Абед скончыўся. Я пайшла гадзінку паспаць.
Засынала я трывожна. А што, калі аўра Талана спрычынілася да таго, што я вось зараз засну — а мне явіцца Манас і скажа, а едзь ты, Марыйка, у Кыргызстан, нясі беларусам праўду аб Манасе. Тады ж усё кідаць давядзецца. І «Новы час», і пераклады, і рамoнт у кватэры, і аўташколу... Але ўрэшце сон перамог.
І прысьніўся мне этымалягічны слоўнік.
Дзе слова «заманаць» наўпрост паходзіла ад Манаса. Чaлавек, што дасьледуе Мaнас, у маім сьне быў манахам. Месцам дасьледваньня Манасу, адпаведна, быў манастыр. Мэтадалягічныя сродкі дасьледваньня Манаса былі манаткі. Сума ведаў пра Манас была мана. Права дасьледваць Манас, якое атрымлівае чалавек, заснуўшы і пабачыўшы ўва сьне Манаса, — манаполія. Кыргызстан, адпаведна, быў Манархіяй, а месцам групаваньня кыргызскай дыяспары ў сьвеце — Манака.
Прачнулася я ў вужасе. І адразу пайшла на шпацыр, дзе падзялілася сваімі філялягічнымі адкрыцьцямі з узбэкамі.
‑ Ня бойся, Марыйка, — супакоілі тыя. — Права чытаць Манас атрымліваюць толькі мужчыны. Усходняя культура, каб яе.
Такім чынам, хоць Манас пэўным чынам апанаваў мой розум, паездка ў Кыргызстан адкладаецца. Хоць ехаць туды беларускім паэткам і перакладчыцам можна абсалютна бязбоязна.
Каментары