Экс-кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Генры Кісінджэр, які з 2014 года лічыў нейтральны статус Украіны адзіным разумным выхадам з канфлікту, адмовіўся ад гэтага пункту гледжання. На форуме ў Давосе ён прызнаў, што цяпер Кіеў заслужыў сяброўства ў альянсе.
Былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр у сваім выступе на форуме ў Давосе прызнаў, што больш не падтрымлівае ідэю аб нейтральным статусе Украіны. Па яго словах, пасля пачатку канфлікту Украіна заслужыла права стаць часткай НАТА. Трансляцыю яго выступу вяла The Guardian.
«Да гэтай вайны я быў супраць сяброўства Украіны ў НАТА, бо баяўся, што пачнецца менавіта той працэс, які мы назіраем цяпер.
Цяпер жа, калі гэты працэс дасягнуў такога ўзроўню, ідэя нейтральнай Украіны ў гэтых умовах ужо не мае сэнсу. Напрыканцы… яна павінна атрымаць гарантыі ад НАТА, у якой бы форме НАТА іх ні дало. Цяпер уступленне Украіны ў НАТА прымальнае», — сказаў Кісінджэр.
Генры Кісінджэру цяпер ажно 99 гадоў. Ён быў дзяржсакратаром ЗША ў 1973—1977 гадах пры прэзідэнце Джэральдзе Фордзе, а з 1969 па 1975 год займаў пасаду дарадцы прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. Таксама ён лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за ўдзел у заключэнні Парыжскага мірнага пагаднення аб спыненні баявых дзеянняў у В'етнаме.
Праўда, адначасова Кісінджэр адзначыў, што працягвае верыць у неабходнасць захавання дыялогу з Расіяй, і нагадаў, што Расія — гэта велізарная краіна, якая валодае ядзернай зброяй.
Пасля заканчэння ваенных дзеянняў павінен пачацца «працэс абмеркавання Еўропай, Амерыкай і прадстаўнікамі Расіі штомесячных умоў, санкцый і захавання іншых інструментаў ціску, пакуль не будзе дасягнута ўрэгуляванне», лічыць ветэран сусветнай палітыкі.
Варта адзначыць, што яшчэ ў маі мінулага года, калі ўжо два месяцы ішла вайна, былы дзяржсакратар ЗША заклікаў Захад спыніць спробы нанесці поўнае паражэнне расійскім сілам ва Украіне, бо, маўляў, у доўгатэрміновай перспектыве гэта будзе мець катастрафічныя наступствы для стабільнасці Еўропы.
Таксама ён тады гаварыў, што Украіна павінна быць гатовая аддаць частку тэрыторыі на карысць Расіі. Маўляў, «для Захаду было б фатальным, калі б ён паддаўся настрою моманту і забыўся аб правільным месцы Расіі ў еўрапейскім раскладзе сіл».
Гэтыя заявы ў той момант выклікалі вялікае абурэнне і рэзкую рэакцыю з боку як украінскіх, так і заходніх афіцыйных асоб і экспертаў. А цяпер перамогі Украіны і няўдачы Расіі цягам апошніх месяцаў яўна паўплывалі на погляды і самога Кісінджэра.
Каментары