Спецслужбы зноў паспрабавалі дыскрэдытаваць Сахашчыка. Але пракалоліся ў дэталях
Спецслужбы Лукашэнкі рассылаюць па рэдакцыях новую «шакуючую інфармацыю»: Сахашчык браў на работу ў Офіс Таццяну Зарэцкую, бо пра гэта яго папрасіў яе бацька — «даўні сябар падпалкоўніка». Але таварышы маёры самі не разабраліся ў тым, што ўкідваюць.
«Ёсць цікавая інфармацыя, як Сахашчык звязаны з Зарэцкай» — так пачынаецца ліст у рэдакцыю «Нашай Нівы».
«Таццяна Зарэцкая, былы міністр фінансаў пераходнага кабінета, дачка даўняга сябра Валерыя Сахашчыка — Зарэцкага Алега Маркавіча», — інфармуюць спецслужбісты.
Абгрунтоўваюць яны гэта існаваннем патэнта на адзін са спосабаў прыгатавання газабетону, у аўтарах якога — і Валерый Сахашчык, і нехта Алег Маркавіч Зарэцкі.
«У 2016-м Алег Зарэцкі пераехаў на ПМЖ у Эстонію і стаў са сваёй дачкой Таццянай сузаснавальнікам кампаніі Laava Tech.
А з прыходам Сахашчыка ў кабінет Ціханоўскай Алег Зарэцкі папрасіў свайго старога сябра прыстроіць дачку. Такім чынам Зарэцкая стала пратэжэ Сахашчыка. Кумаўство для Валерыя — гэта ў парадку рэчаў», — робяць выснову таварышы маёры і прымацоўваюць фотадоказ.
Гэты ўкід паказвае, як канструююць фэйкі беларускія спецслужбы.
Аднак «Наша Ніва» лёгка выявіла, што Зарэцкі з патэнта Сахашчыка і Зарэцкі, які бацька Зарэцкай, гэта розныя людзі. У іх нават рознае імя па бацьку.
Алег Маркавіч Зарэцкі — расіянін, які некалі вучыўся разам з Сахашчыкам, у яго ніколі не было дачкі, і ён цяпер жыве ў Эміратах.
А вось Алег Уладзіміравіч Зарэцкі, бацька Таццяны, — беларус, які жыве ў Эстоніі.
Лукашэнкаўскія спецслужбы распачалі спробы дыскрэдытацыі Валерыя Сахашчыка пасля таго, як ён асудзіў агрэсію супраць Украіны і далучыўся да Аб'яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай.
Хто такі Валерый Сахашчык, які ўзначаліў сілавы блок у кабінеце Ціханоўскай
Сахашчык расказаў пра сваё знаёмства з Залужным, колішняе прыяцельства з Вальфовічам і стан беларускай арміі
Новая фігура на беларускай палітычнай арбіце. Хто такі Валерый Сахашчык? ВІДЭА
З акаўнта, які даслаў інфармацыю пра «Сахашчыка і Зарэцкага», раней рассылалі рознага роду пікантную інфармацыю, якая не пацвярджалася, пра лідараў дэмакратычнага руху.
Каментары
Так держать! Очень приятно что журналисты начали проверять инф а не копипастить.
Ну яшчэ і цапкала з агурбашамі