МЗС Польшчы назвала суд над Пачобутам элементам антыпольскай кампаніі
МЗС Польшчы ў афіцыйнай заяве назвала суд над журналістам Андрэем Пачобутам «адным з элементаў антыпольскай кампаніі, якая праводзіцца беларускімі ўладамі».
У апублікаванай заяве выказваецца «расчараванне» пачаткам судовага працэсу, а таксама падкрэсліваецца, што пераслед журналіста з’яўляецца «яшчэ адной праявай інструментальнага выкарыстання сістэмы правасуддзя насуперак усім дэмакратычным стандартам».
Польшча заклікала афіцыйны Мінск вызваліць Андрэя Пачобута і зняць палітычна матываваныя абвінавачванні з яго і Анжалікі Борыс.
«Мы таксама заклікаем да вызвалення Алеся Бяляцкага, праваабаронцы, лідара арганізацыі «Вясна», лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, і ўсіх іншых людзей, якія працуюць над пабудовай дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі. Чакаем спынення рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, а таксама пачатку працэсу дэмакратызацыі краіны ў супрацоўніцтве з усімі палітычнымі коламі», — гаворыцца ў звароце польскага МЗС.
Журналіста, актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Андрэя Пачобута пачалі судзіць у закрытым працэсе 16 студзеня. У зняволенні ён з 25 сакавіка 2021 года.
Каментары