Карэспандэнт Рускай службы Бі-бі-сі Павел Аксёнаў разабраў тэхнічныя параметры расійскай ракеты Х-22, якая 14 студзеня патрапіла ў жылы дом ва ўкраінскім Дняпры і забіла больш за 40 чалавек, у параўнанні з магчымасцямі сродкаў СПА, якія ёсць на ўзбраенні ўкраінскай арміі. А таксама ацаніў, ці могуць прынцыпова змяніць сітуацыю пастаўкі заходніх комплексаў.
Звычайна СПА УСУ перахоплівае крылатыя ракеты «Калібр», Х-55, Х-101 або дроны «Шахед». Гэта даволі розныя цэлі, але ў іх ёсць адна агульная рыса — яны павольныя, небалістычныя і лётаюць нізка. Гэта значыць, да іх лёгка дастаць супрацьракетай, яны не падаюць зверху, і ёсць даволі шмат часу на іх перахоп.
Яшчэ адна акалічнасць — марскія крылатыя ракеты «Калібр» запускаюць здалёк. Пуск даволі лёгка адсочваецца, пасля чаго, з улікам невысокай хуткасці палёту ракеты (каля 900 км/г), у СПА хапае часу на тое, каб больш-менш дакладна разлічыць траекторыю яе палёту.
Пуск «Шахеда» адсачыць цяжэй, яго можна запускаць бліжэй да лініі фронту, але ён і ляціць зусім павольна, так што перадавыя пасты або нават звычайныя людзі са смартфонамі даволі хутка іх засякаюць.
У адрозненне ад іх, Х-22 ляціць на вельмі вялікай вышыні — ад 22 да 25 км. Пры гэтым на такой вышыні яна развівае вельмі высокую хуткасць — 3,5 — 4,6 маха. Гэта ракета паветранага базавання, што азначае, што яе можна запускаць, падлятаючы даволі блізка да зоны дзеяння СПА, — ва ўкраінскіх зенітчыкаў проста не застаецца часу на тое, каб падрыхтавацца да яе перахопу. На заключным этапе палёту ракета зніжаецца ў кірунку да цэлі, але гэты этап працягваецца ўсяго 50-60 кіламетраў.
Тэарэтычна перахапіць Х-22 мог бы амерыканскі ЗРК Patriot з ракетай PAK-2, але для гэтай ракеты 25 кіламетраў — столь. Больш манеўраная і дакладная, але менш вышынная ракета PAK-3 збівае цэлі на вышыні максімум 20 кіламетраў. Акрамя таго, у гэтых ракет-перахопнікаў далёкасць дзеяння абмежаваная дзясяткамі кіламетраў. Адзін комплекс затуляе ў выпадку з PAK-2 круг радыусам у 160 км, а ў выпадку з PAK-3 — і зусім у 40 км. А галоўнае — Украіне пакуль абяцаныя толькі дзве батарэі, якія не заступілі на баявое дзяжурства.
Для іншых сучасных заходніх ЗРК — Iris-T SLM, напрыклад, Х-22 таксама застаецца вельмі цяжкай цэллю з-за хуткасці і вышыні. Гэты комплекс дзейнічае на вышынях да 20 км і аддаленасці да 40 км. NASAMS, у залежнасці ад ракеты, можа працаваць па цэлях на адлегласці да 180 км, але яго столь таксама абмежаваная 20 кіламетрамі.
Зразумела, ацэньваць рэальныя магчымасці СПА на аснове характарыстык ЗРК складана, таму што ёсць шмат іншых абставін, якія ўплываюць на выніковасць іх працы. Але ў кожным разе відавочна, што ўсе гэтыя сістэмы, нават самая далёкая і вышынная версія Patriot, калі меркаваць па іх тактыка-тэхнічных характарыстыках, супраць X-22 будуць дзейнічаць альбо на мяжы сваіх магчымасцяў, альбо і зусім не змогуць «дастаць» гэтую ракету ў небе.
У амерыканцаў ёсць стратэгічная ЗРК Thaad з далёкасцю 200 км і столлю ў 150 км. ЗША ў прынцыпе пастаўляюць яе на экспарт, але размоў аб пастаўках ва Украіну гаворкі пакуль не ішло. Узброеныя сілы Украіны таксама заявілі, што не маюць агнявых сродкаў, здольных збіваць ракеты Х-22.
Каментары