Ігар Несцераў быў сярод тых, хто фармаваў культурную аўру Віцебска. Яму быў 61 год.
Пра смерць Ігара Несцерава паведамілі калегі. Паводле іх, яго не стала 13 студзеня.
«Ігар быў неабыякавым і актыўным віцяблянінам. Рэдактар газеты «Витебские деловые новости», заснавальнік газеты «Телевестник», дэпутат Віцебскага гарсавета (1990—1997), у апошнія гады ён не заставаўся безуважным да падзей у нашым горадзе і краіне», — адзначана на старонцы Ігара Несцерава ў фэйсбуку.
Ігар Несцераў адстойваў справядлівасць, не быў абыякавым да тых, хто трапляў пад пераслед улады, кажуць пра яго калегі.
«Ён умеў змагацца за свае правы і вучыў гэтаму іншых. Быў неабыякавым да таго, што адбываецца ў горадзе, удзельнічаў у любых карысных грамадскіх ініцыятывах. Такія людзі павінны быць у мясцовай уладзе», — адзначаюць яны.
Ігар Несцераў меў тэхнічную адукацыю. Быў выпускніком Ленінградскага тэхналагічнага інстытута халадзільнай прамысловасці (Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт нізкатэмпературных і харчовых тэхналогій).
Пасля дэпутацкай дзейнасці ў канцы 1990-х і пачатку 2000-х гадоў рэдагаваў інфармацыйна-аналітычны штотыднёвік «Витебские деловые новости». Гэта была газета для тых, хто «аддае перавагу веданню праўды». Яе заснавальнікам была Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці.
Пазней заснаваў газету «Телевестник».
Ігар Несцераў цікавіўся гісторыяй, культурай, мастацтвам. У апошнія гады супрацоўнічаў з музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Пра яго кажуць, што ён адзін з тых, хто фармаваў культурную аўру горада.
Развітанне з Ігарам Несцеравым адбудзецца ў нядзелю, 15 студзеня, з 12:00 да 13:00 у рытуальнай зале на вуліцы Гагарына (будынак былога гадзіннікавага завода).
Каментары