Стваральніцы каталогаў беларускіх строяў патрэбна дапамога для змагання з цяжкай хваробай
Воля Дземка — мінчанка, якая жыве ў ЗША. Яна стварыла фолк-гурт, зняла фільм пра народныя беларускія песні, за 10 гадоў сабрала цудоўную калекцыю народнага адзення. Апошнія некалькі гадоў Воля змагаецца з рэдкім імунным захворваннем і цяпер мае моцную патрэбу ў падтрымцы, піша CityDog.io.
Хто такая Воля Дземка
Воля Дземка вырасла ў раёне сталічнай плошчы Незалежнасці: навучальны год з гурткамі, мастацкай і музычнай школай, лета — у вёсцы ў бабулі на Палессі.
У 17 гадоў дзяўчына выпадкова трапіла ў Чырвоны касцёл на канцэрт культавага фолк-гурта «Гуда». Гэты выпадак змяніў яе жыццё — Воля закахалася ў беларускі фальклор.
Пасля эміграцыі ў ЗША Воля вывучылася на прадзюсарку, а ў якасці навучальнага задання зрабіла фільм пра беларускі фальклор для англамоўнага гледача. Сцэнар фільма «Песні старой Еўропы» адразу пісаўся па-ангельску. Грошы на здымкі дзяўчына збірала з дапамогай краўдфандынгу, а яшчэ ўзяла крэдыт — і проста выплочвала яго са сваіх зберажэнняў.
І самы прыгожы твор Волі — цудоўныя каталогі беларускіх строяў.
Першую кашулю дзяўчына знайшла на eBay, яшчэ адну — на барахолцы, потым спадніцу, затым фартух — за дзесяць гадоў Воля сабрала больш за 80 адзінак адзення. Пасля выхаду каталогаў (іх, дарэчы, можна купіць і ў Мінску) наша гераіня часта атрымлівае паведамленні пра тое, што хтосьці знайшоў убор сваёй бабулі і зараз яго беражліва захоўвае. Яна прызнаецца, што такі фідбэк яе вельмі падтрымлівае і натхняе.
Што здарылася з Воляй?
Вось што распавялі CityDog.io сябры Волі: «Тры гады таму Волі быў пастаўлены дыягназ вельмі рэдкага імуннага захворвання. Хвароба не адступае, рэмісія не прыйшла, а стан пагаршаецца. Ёсць працэдуры, якія не пакрываюцца страхоўкай. На гэта і быў арганізаваны збор.
Просім вас падтрымаць нашу сапраўдную самаадданую беларусачку, якая заўсёды спяшаецца дапамагчы іншым і робіць усё для дапамогі беларускім пратэстоўцам са сферы культуры, дапамагае ўкраінскай суполцы і ўвесь час падтрымлівае ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу, магчымымі ёй спосабамі».
Як дапамагчы Волі?
Збор у падтрымку Волі быў арганізаваны яшчэ ў траўні мінулага года. Цяпер дзяўчына праходзіць хіміятэрапію, і дапамога актуальная як ніколі.
На сёння да канца збору не хапае каля 3 тысяч даляраў.
Каментары