У новай рэдакцыі Чырвонай кнігі Беларусі будуць выключаны тыя віды жывёл і раслін, колькасць якіх у цяперашні час стабільная. Пра гэта расказаў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Аляксандр Чайкоўскі, перадае БелТА.
«У наступнай рэдакцыі Чырвонай кнігі з'явяцца новыя віды раслін і жывёл. Тыя віды, колькасць якіх на дадзены момант стабільная альбо знаходзіцца ў працэсе аднаўлення папуляцыі, будуць выведзеныя. Акрамя таго, будуць выключаныя тыя жывёлы і расліны, мясціны пасялення і вырошчвання якіх павялічыліся. Спецыялісты і навукоўцы зараз актыўна працуюць у гэтым кірунку», — сказаў прадстаўнік НАНБ.
Ён нагадаў, што Чырвоная кніга перавыдаецца раз на 10 гадоў, а яе новае выданне запланавана на 2025 год.
«Зусім хутка падыходзіць тэрмін перавыдання Чырвонай кнігі. У сувязі з гэтым з 2015 года збіраецца матэрыял і вызначаецца сучасны стан папуляцый розных відаў жывёл і раслін. Ініцыятарам выступае Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яно вызначае замоўцу, які будзе рабіць зводны пералік. Цяпер у Чырвонай кнізе 202 віды жывёл і 303 віды раслін, якія знаходзяцца на розных стадыях захаванасці і жыццяздольнасці», — дадаў Чайкоўскі.
Раней старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, экс-міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў Чырвоную кнігу рудыментам, які перашкаджае хуткаму прыняццю рашэнняў у дачыненні да тых ці іншых відаў жывёл. Ён таксама мяркуе, што з яе павінны быць прыбраныя зубр, рысь і мядзведзь. Таксама ён выступіў за тое, каб пачаць паляваць на лебедзяў і белых буслоў, бо каб іх «хоць трохі прарэдзілі, то гэта б пайшло толькі на карысць усім астатнім водна-балотным і лугавым відам жывёл».
Каментары