Беларуса дэпартавалі з Польшчы за нямэтавае выкарыстанне працоўнай візы
На мяжы Літвы і Польшчы польскія памежнікі спынілі беларуса Аляксандра і анулявалі ягоную візу. Прычына — нямэтавае выкарыстанне рабочай візы. Таксама памежнікі паставілі хлопцу пячатку з забаронай уезду на тэрыторыю Польшчы на паўгода. Гісторыю Аляксандра запісаў сайт MOST.
Сам Аляксандр — з Гродна. У красавіку 2022 года праз фірму-пасярэдніка ён вырашыў зрабіць сабе працоўную візу. Атрымаў запрашэнне і ў візавым цэнтры адкрыў візу на год. У Польшчу выехаў у чэрвені.
Аднак склалася так, што ў Варшаве беларус працаваў зусім на іншай працы, а не на той, якая была прапісаная ў запрашэнні. Так Аляксандр адпрацаваў цэлае лета ў сталіцы Польшчы, а пасля стаў ездзіць у Беларусь.
На навагоднія святы хлопец вырашыў пабываць у Беларусі, а 10 студзеня вяртаўся ў Польшчу праз Літву. На мяжы дзвюх краін яго спынілі польскія памежнікі, каб праверыць дакументы.
«Пачалі правяраць візу і запрашэнне на працу. Аказалася, што фірма, якая дапамагала з візай, ужо неактыўная месяцы з тры. Забралі ў пастарунак і склалі пратакол», — распавёў Аляксандр.
У пастарунку польскія памежнікі перакрэслілі Аляксандру візу ў пашпарце і такім чынам анулявалі яе. Таксама яны паставілі пячатку з забаронай уезду на тэрыторыю Польшчы на шэсць месяцаў.
«Далі мне блок паперы і сказалі цягам 15 дзён выехаць з тэрыторыі Польшчы. Яшчэ сказалі аплаціць узнос у 10 злотых, напісаць ліст і адправіць на іх адрас. З усёй гэтай гісторыі я зрабіў выснову такую: калі адзін раз праехаў па працоўнай візе, але не працуеш па запрашэнні, то значыць трэба заставацца і працаваць там. А я пачаў ездзіць у Беларусь.
У іх жа цяпер накшталт як рэйды пачаліся па працоўных візах. Некаторым даруюць і кажуць проста зрабіць новае запрашэнне, а мне не пашанцавала. Сам вінаваты. Зараз прыйдзецца чакаць шэсць месяцаў, каб зноў паехаць у Польшчу».
11 студзеня Аляксандр вярнуўся ў Беларусь.
Што трэба ведаць іншаземцу ў Польшчы
У Цэнтры падтрымкі замежнікаў у Беластоку фонду Okno na Wschód выданню MOST расказалі, што Аляксандр мог абскардзіць рашэнне памежнікаў. Ведамства дае 15 дзён на абскарджанне.
«Такіх гісторый у апошні час шмат — нямэтавае выкарыстанне візы. Хлопцу яшчэ пашанцавала, што толькі на шэсць месяцаў яму далі забарону, а маглі і на некалькі гадоў. Вядома, можна абскардзіць рашэнне, але не варта разлічваць на пазітыўны вынік. Кожны іншаземец у Польшчы павінен мець сапраўдны пашпарт, візу і дакумент, які пацвярджае мэту выдачы візы (у выпадку працоўнай візы — дазвол на працу ад працадаўцы. Сапраўднага, не фіктыўнага). Калі чалавек мяняе працадаўцу — ён абавязаны мець новы дазвол ад новага працадаўцы.
З гуманітарнымі візамі — выдаецца тым, хто дэкларуе ў консульстве, што ў Беларусі ім небяспечна заставацца. Пры шматразовых перасячэннях мяжы на гэтай візе ў памежнікаў могуць узнікнуць пытанні і вашу візу могуць ануляваць — бо вашы паездкі не апраўдваюць мэту выдачы візы. У тым ліку можна атрымаць і забарону на ўезд у Шэнген на пэўны тэрмін (ад шасці месяцаў да трох гадоў).
Гэта датычыць усіх тыпаў віз: кожная віза мае мэту выдачы, і вы абавязаныя мець дадатковы дакумент, які яе пацвярджае».
Каментары