Нямецкі тэрмінал для прыёму звадкаванага прыроднага газу ўжо працуе, яго пабудавалі ў рэкордныя тэрміны
3 студзеня на новы нямецкі тэрмінал па прыёме ЗПГ у партовым горадзе Вільгельмсгафэн, што на Паўночным моры, прыбыло судна Maria Energy са звадкаваным газам з ЗША. Тэрмінал збіраліся будаваць пяць гадоў, але ў сітуацыі, калі пачаўся канфлікт з Расіяй, справіліся менш чым за год.
Фота: Michael Sohn / AP
Па інфармацыі кампаніі Uniper SE, аператара тэрмінала ў Вільгельмсгафене, танкер Maria Energy можа за раз перавозіць каля 170 тыс. кубаметраў ЗПГ, што дастаткова для забеспячэння электраэнергіяй каля 50 тыс. нямецкіх хатніх гаспадарак на працягу аднаго года.
«Выкарыстанне ЗПГ у якасці надзейнай крыніцы энергіі мае вырашальнае значэнне для энергабяспекі Германіі і Еўропы», — сказаў Ніэк дэн Холандэр, камерцыйны дырэктар Uniper SE.
Сам нямецкі тэрмінал ЗПГ у Вільгельмсгафене быў афіцыйна адкрыты летась 17 снежня і пабудаваны менш чым за год пры раней заяўленых тэрмінах на яго ўзвядзенне ў 5 гадоў, што з'яўляецца абсалютным рэкордам.
Гэта пры тым, што звычайна буйныя будаўнічыя праекты ў Германіі прасоўваюцца вельмі павольна (напрыклад, у 2020 годзе Берлін адкрыў новы аэрапорт са спазненнем на дзевяць гадоў).
«Гэты тэрмінал — сапраўдная гонка з часам. Гэта бітва», — падкрэсліў кіраўнік праекта Франц-Ёзэф Кісінг.
Тэрмінал здольны прымаць у сябе не больш за два газавыя танкеры адначасова і закліканы выводзіць прыродны газ з вадкага стану ў нармальны для яго наступнай рэалізацыі (астуджэнне прыроднага газу да мінус 162°С ператварае яго ў вадкасць, якую зручна дастаўляць марскім шляхам на вялікія адлегласці).
«Як стратэгічныя партнёры, мы спадзяёмся забяспечыць доўгатэрміновую бяспеку энергазабеспячэння нашых саюзнікаў за кошт бесперапыннай пастаўкі чыстага і надзейнага ЗПГ з ЗША», — сказаў Майк Сабель, выканаўчы дырэктар Venture Global, чыя кампанія і адправіла танкер з газам у Германію.
Тэрмінал у Вільгельмсгафене з'яўляецца адным з некалькіх такіх аб'ектаў, якія рыхтуюцца ў Германіі для прадухілення недахопу энергіі ва ўмовах ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну. Расія, якая да пачатку вайны задавальняла нямецкі газавы попыт больш чым напалову, спыніла пастаўкі ў мінулым годзе, што, на думку Берліна, з'яўляецца помстай за яго падтрымку Украіны.
Паколькі нямецкія прамысловасць і хатнія гаспадаркі моцна залежаць ад прыроднага газу, Германія імкнулася атрымаць яго ад іншых экспарцёраў і пабудаваць свае ўласныя аб'екты для імпарту ЗПГ, каб цалкам замяніць пастаўкі расійскага газу — і гэта ў яе атрымалася.
Агенцтва Deutsche Welle, са спасылкай на інфармацыю Федэральнага міністэрства эканомікі і абароны клімату Германіі, паведаміла, што краіна ў перыяд з лютага 2022 года па студзень 2023-га змагла цалкам адмовіцца ад расійскіх паставак прыроднага газу, нафты і каменнага вугалю. На цяперашні момант імпартныя паказчыкі гэтых відаў паліва з Расіі роўныя нулю.
Больш за тое, паводле звестак таргоў на 4 студзеня, цэны на газ у Еўропе апусціліся ніжэй за 750 даляраў за тысячу кубаметраў упершыню з 2 лістапада 2021 года.
Каментары