У ЕС яшчэ ў лістападзе ацэньвалі, што Расія страціла ва Украіне да 60% баявых танкаў і 250 тысяч вайскоўцаў
Камандуючы Ваеннай місіяй Еўрапейскага саюза адмірал Эрве Блежан у лістападзе 2022 года падчас выступлення перад дэпутатамі Нацыянальнай асамблеі Францыі сцвярджаў, што Расія ўжо страціла 60% агульнага запасу баявых танкаў. Як паведамляе «Еўрапейская праўда», стэнаграма выступлення Блежана на пасяджэнні камітэта па пытаннях нацыянальнай абароны французскага парламента ад 16 лістапада 2022 года была апублікаваная 4 студзеня.
«Па нашых найбольш верагодных ацэнках, не менш за 60 тысяч расійскіх вайскоўцаў было забіта, паранена ўтрая больш. Гэта азначае, што каля 250 тысяч расійскіх вайскоўцаў цяпер няздольныя да вядзення бою», — сказаў ён.
Адмірал дадаў, што страты з украінскага боку ацаніць цяжэй, і ў ЕС мяркуюць, што яны ніжэйшыя за расійскія, «але ўсё роўна значныя».
«Расія страціла 60% свайго танкавага арсенала, а таксама 70% свайго запасу ракет, прыдатных для паражэння наземных цэляў. Таму цяпер яна выкарыстоўвае зенітныя ракеты для паражэння наземных цэляў, з адпаведнымі праблемамі з дакладнасцю, і разлічвае на пастаўку абсталявання з Ірана ці Паўночнай Карэі», — дадаў кіраўнік Вайсковай місіі ЕС.
Ён удакладніў, што характар паставак Пхеньяна ацаніць цяжка, але Іран ужо тады прадаў Расіі беспілотнікі, а таксама вяліся перамовы аб перадачы балістычных ракет сярэдняй далёкасці.
Таксама Блежан прывёў ацэнкі ЕС, згодна з якімі Расія страціла 40% бронетранспарцёраў і 20% артылерыі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Эрве Блежан спрагназаваў аднаўленне актыўных наступальных дзеянняў з боку Украіны вясной 2023 года. Але для гэтага Кіеву трэба сфарміраваць тры новыя вайсковыя карпусы колькасцю прыкладна ў 75 тысяч чалавек — «прыкладная колькасць сухапутнай аператыўнай групы французскай арміі», адзначыў адмірал.
«Таму як ніколі гэта вайна на знясіленне, і ўкраінцы маюць патрэбу ў нашай падтрымцы, каб аднавіць свае сілы, адрамантаваць або замяніць узбраенне, падтрымцы ў аднаўленні сваіх сіл, рамонце або замене пашкоджанага ці знішчанага ўзбраення і тэхнікі, а таксама мець магчымасць працягнуць адваяванне тэрыторый, анексаваных пасля зімы», — падкрэсліў адмірал.
Каментары